Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГУЙ,

у старажытнакітайскай міфалогіі душа (дух) нябожчыка. З распаўсюджаннем будызму Гуй стала агульнай назвай дэманаў і насельнікаў пекла. Уяўлялі Гуя падобным на чалавека, які не адкідвае ценю, раптоўна становіцца нябачным ці прымае аблічча звера, мужчыны ці жанчыны, каб завабліваць людзей і забіваць іх.

т. 5, с. 522

ГУЙЛІ́НЬ,

горад на Пд Кітая, на р. Гуйцзян, у Гуансі-Чжуанскім аўт. раёне. 430 тыс. ж., з прыгарадамі каля 800 тыс. ж. (1994). Чыг. станцыя і рачны порт. Прам-сць: машынабудаванне, хім., лёгкая. Горнакліматычны курорт.

т. 5, с. 522

ГУЙЧЖО́Ў,

правінцыя на ПдЗ Кітая. Пл. 174 тыс. км². Нас. 32,4 млн. чал. (1994), пераважна кітайцы; у гарах жывуць нац. меншасці (каля 1/4 насельніцтва) мяа, буі, тунцзя, чжуан, і, шуй, хуэй, яа і інш. Адм. ц.г. Гуян. Размяшчаецца на Гуйчжоўскім нагор’і (вышыні ад 700 м да 2872 м). Клімат вільготны, субтрапічны. Сярэдняя т-ра студз. 4—8 °C, ліп.жн. 22—26 °C. Ападкаў 800—1300 мм за год. Верхнія часткі гор укрыты лясамі з каштоўнымі пародамі дрэў. Развіта сельская гаспадарка. Апрацоўваецца каля 15% тэр., палавіна яе арашаецца. У далінах збіраюць 2 ураджаі за год. Асн. с.-г. культуры: рыс (палова с.-г. плошчаў), кукуруза, пшаніца, рапс, тытунь. Пладаводства. Гадуюць цяглавую буйн. раг. жывёлу, свіней. Важны раён здабычы ртуці (1-е месца ў краіне), меднай, марганцавай, сурмянай, жал. руд, алюмініевай сыравіны, каменнага вугалю. Прам-сць: харч. (алейная і інш.), тытунёвая, тэкст., хім., чорная і каляровая металургія, машынабудаванне (гарнаруднае, трансп., хім. абсталяванне, электратэхніка, с.-г.); вытв-сць буд. матэрыялаў і паперы. Транспарт чыг. і аўтамабільны.

т. 5, с. 522

ГУЙЧЖО́ЎСКАЕ НАГО́Р’Е,

нагор’е на ПдЗ Кітая, усх. ч. Юньнань-Гуйчжоўскага нагор’я. Даўж. каля 600 км, шыр. да 500 км, пераважная выш. каля 1000 м. Складзена з вапнякоў, пясчанікаў і гліністых сланцаў. Развіты карст («каменныя лясы», паркавыя палі, варонкі, калодзежы, пячоры). Клімат субтрапічны мусонны. Хваёвыя і дубова-букавыя лясы, зараснікі бамбуку. У міжгорных катлавінах — пасевы рысу, кукурузы, батату; на У вырошчваюць субтрапічныя культуры (чай, бавоўнік, лакавае і тунгавае дрэвы, хурму).

т. 5, с. 522