ГУЙЧЖО́Ў,

правінцыя на ПдЗ Кітая. Пл. 174 тыс. км². Нас. 32,4 млн. чал. (1994), пераважна кітайцы; у гарах жывуць нац. меншасці (каля 1/4 насельніцтва) мяа, буі, тунцзя, чжуан, і, шуй, хуэй, яа і інш. Адм. ц.г. Гуян. Размяшчаецца на Гуйчжоўскім нагор’і (вышыні ад 700 м да 2872 м). Клімат вільготны, субтрапічны. Сярэдняя т-ра студз. 4—8 °C, ліп.жн. 22—26 °C. Ападкаў 800—1300 мм за год. Верхнія часткі гор укрыты лясамі з каштоўнымі пародамі дрэў. Развіта сельская гаспадарка. Апрацоўваецца каля 15% тэр., палавіна яе арашаецца. У далінах збіраюць 2 ураджаі за год. Асн. с.-г. культуры: рыс (палова с.-г. плошчаў), кукуруза, пшаніца, рапс, тытунь. Пладаводства. Гадуюць цяглавую буйн. раг. жывёлу, свіней. Важны раён здабычы ртуці (1-е месца ў краіне), меднай, марганцавай, сурмянай, жал. руд, алюмініевай сыравіны, каменнага вугалю. Прам-сць: харч. (алейная і інш.), тытунёвая, тэкст., хім., чорная і каляровая металургія, машынабудаванне (гарнаруднае, трансп., хім. абсталяванне, электратэхніка, с.-г.); вытв-сць буд. матэрыялаў і паперы. Транспарт чыг. і аўтамабільны.

т. 5, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)