ГУ́ЗІКАЎ Міхаіл Іосіфавіч
(14.9.1806, г. Шклоў Магілёўскай губ. — 27.10.1837),
бел. музыкант, віртуоз-ксілафаніст. Іграў на флейце і цымбалах у нар. інстр. ансамблях. У пач. 1830-х г. на аснове ўдасканалення нар. муз. інструмента брусочкаў распрацаваў сучасную канструкцыю ксілафона. З 1833 выступаў з канцэртамі, у т. л. ў Аўстрыі, Германіі, Бельгіі, Францыі. Выконваў уласныя транскрыпцыі твораў К.М.Вебера, І.Гумеля, Н.Паганіні, папуры і варыяцыі на папулярныя оперныя мелодыі, імправізацыі, апрацоўкі бел., рус., укр., яўр. песень і танцаў. Артыкулы пра яго змяшчалі муз. слоўнікі 19 ст. Яму прысвечана брашура З.Шлезінгера «Іозеф Гузікаў і яго інструмент з дрэва і саломы» (Вена, 1836).
Літ.:
Ямпольский И. Первый виртуоз на ксилофоне // Сов. музыка. 1959. №11;
Тищенко И.К. Белорусский Орфей // Неман. 1983. № 5.
т. 5, с. 522