ГУ́ПТАЎ ДЗЯРЖА́ВА,
старажытнаіндыйская імперыя ў 4—6 ст. Назва ад дынастыі Гуптаў. Сталіца г. Паталіпутра (цяпер г. Патна). Утварэнне Гуптаў дзяржавы пачалося пры Чандрагупце І
[320 — каля 335],
які прыняў імператарскі тытул. Пры яго сыне Самудрагупце [каля 335 — 375] дзяржава стала адной з найбуйнейшых на стараж. Усходзе. Пад уладай Гуптаў была амаль уся Паўн. Індыя. У часы Скандагупты [455—467] Гуптаў дзяржава вяла барацьбу з плямёнамі пуш’ямітраў у Зах. Індыі і з эфталітамі на ПнЗ дзяржавы (у пач. 6 ст. яны авалодалі зах. ч. Індыі, але каля 528 былі разбіты). Войны і ўнутр. крызіс аслабілі магутнасць Гуптаў дзяржавы, і ў канцы 6 ст. яна распалася. Эпоха Гуптаў — час росквіту стараж.-інд. духоўнай культуры, яе называюць залатым векам Індыі.
т. 5, с. 535
ГУПЯНЕ́Ц Піліп Аляксеевіч
(18.10.1910, в. Воўчын Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 6.9.1981),
поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну на фронце са жн. 1944. Камандзір кулямётнага разліку мал. сяржант Гупянец вызначыўся ў 1945 у баях на тэр. Польшчы і Германіі: знішчыў 2 агнявыя пункты праціўніка; на подступах да р. Одэр агнём з кулямёта адбіў контратаку ворага; у баі за г. Бернаў (Германія) знішчыў 2 агнявыя пункты ворага.
т. 5, с. 535