Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ГУРАГЧА́ (Жугдэрдэмідыйн) (н. 5.12.1947, Гурванбулак, Манголія),

першы лётчык-касманаўт Манголіі (1981). Герой Манголіі (1981), Герой Сав. Саюза (1981). Ген.-маёр. Скончыў Ваен. школу авіяц. спецыялістаў у СССР (1972), Ваенна-паветр. інж. акадэмію імя Жукоўскага (1977). У 1978—81 у атрадзе касманаўтаў. 22—30.3.1981 з У.А.Джанібекавым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-39» і арбітальнай станцыі «Салют-6» (асн. экіпаж: У.В.Кавалёнак, В.П.Савіных) з прыстыкаваным да яе касм. караблём «Саюз Т-4». Правёў у космасе 7,9 сут.

т. 5, с. 535

ГУРАМІШВІ́ЛІ (Давід) (1705, с. Сагурама каля г. Мцхета, Грузія — 1.8.1792),

грузінскі паэт. Са стараж. княжацкага роду. У 1727 трапіў у палон да лезгінаў, адкуль уцёк у Расію. З 1729 жыў у Маскве, з 1738 на вайск. службе. Удзельнічаў у войнах з туркамі, шведамі, у Сямігадовай вайне. З 1760 жыў у Міргарадзе (Украіна). Спадчына Гурамішвілі — аўтабіягр. зб. «Давітыяні» (датаваны 1787), які складаецца з 2 паэм і лірычных вершаў. У паэме «Беды Грузіі» адлюстраваў трагічны перыяд гісторыі Грузіі 1-й пал. 18 ст., асуджаў міжусобныя войны, маральнае разлажэнне свецкай і духоўнай феад. знаці. Паэма «Пастух Кацвія», адметная навізной тэматыкі, маляўнічасцю ўкр. пейзажаў і пачуццём гумару, перадае ідылічныя карціны жыцця сялян, прасякнута пачуццём спагады да іх лёсу. У паэзіі шырока выкарыстоўваў укр. і рус. нар. песні. Творы вызначаюцца меладычнасцю, лёгкасцю верша. На бел. мову асобныя творы пераклалі М.​Аўрамчык, Р.​Барадулін.

Тв.:

Рус. пер. — Стихотворения и поэмы. Л., 1980.

Літ.:

Леонидзе Г. Жизнь и творчество Давида Гурамишвили. Тбилиси, 1956.

т. 5, с. 535

ГУ́РАЎ (Аркадзь Яфімавіч) (н. 1.5.1956, Мінск),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1979, клас Дз.Смольскага). У 1980—89 канцэртмайстар Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. У творчасці пераважае інтэлектуальны пачатак. Працуе найб. у галіне камернай музыкі. Сярод твораў: кантата «Тры сцежкі» на вершы Я.​Купалы (1979), 2 камерныя кантаты на вершы Р.​М.​Рыльке (1981, 1985), сімфонія для камернага арк. (1978), саната для флейты і фп., інвенцыя «Ямбы» для цымбалаў і мандаліны, вак. цыклы «Апраўданне Афеліі», «12 зонгаў з лірыкі Брэхта», «Вяртанне», «Тры песні Джэймса Кліфарда, або Парадак рэчаў», на вершы У.​Ліўшыца (1985), 2 сюіты для камерна-інстр. ансамбля (1987), «Сем храматычных мадрыгалаў пра Невядомую Айчыну» для мяшанага хору а капэла (1989); музыка да драм. спектакляў, кіна- і тэлефільмаў. З 1991 жыве ў Іерусаліме.

Р.​М.​Аладава.

т. 5, с. 535

ГУ́РВІЧ (Аляксандр Гаўрылавіч) (9.10.1874, г. Палтава, Украіна — 27.7.1954),

савецкі біёлаг. Скончыў Мюнхенскі ун-т (1897). Да 1906 працаваў у г. Страсбург (Францыя) і г. Берн (Швейцарыя). З 1907 у Пецярбургу, з 1918 праф. Крымскага (Сімферопаль), з 1925 — Маскоўскага ун-таў. У 1930—45 ва Усесаюзным ін-це экстрым. медыцыны, да 1948 дырэктар Ін-та эксперым. біялогіі АМН СССР. Навук. працы па цыталогіі, эмбрыялогіі, біяфізіцы, тэарэт. біялогіі. Сфармуляваў тэорыю біял. поля з мэтай тлумачэння накіраванасці і ўпарадкаванасці развіцця арганізмаў. Дзярж. прэмія СССР 1941.

т. 5, с. 535

ГУ́РВІЧ (Ісак Аронавіч) (Адольфавіч; 1860, Мінск — 1924),

удзельнік народніцкага і с.-д. руху на Беларусі і сацыяліст. руху ў ЗША, вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1891), прафесар. Скончыў Мінскую гімназію (1877). У час вучобы ў Пецярбургскім ун-це ў 1879 арыштаваны, пасля гадавога зняволення высланы ў Мінск. Удзельнічаў у стварэнні мінскай Друкарні «Чорнага перадзелу». У 1880 зноў арыштаваны і сасланы на 4 гады ў Сібір. З 1885 у Мінску. З 1889 у ЗША. Чл. Амерыканскай сацыяліст. партыі. Выдаваў у Нью-Йорку на рус. мове газ. «Прогресс», удзельнічаў у стварэнні і рэдагаванні час. «The Class Struggle» («Класавая барацьба») і «The Revolutionary Age» («Рэвалюцыйная эпоха»). Аўтар прац па перасяленчым руху сялян у Сібір, развіцці капіталізму ў сельскай гаспадарцы Расіі.

М.​А.​Сакалова.

т. 5, с. 535

ГУ́РВІЧ (Яўгенія Аронаўна) (Адольфаўна; 1861, Мінск — 1934?),

удзельніца народніцкага і с.-д. руху ў Беларусі. Сястра І.А.Гурвіча. У час вучобы ў Пецярбургу ў 1879 арыштавана, саслана ў Мінск. Удзельнічала ў арганізацыі мінскай падп. друкарні «Чорнага перадзелу». Адна з заснавальнікаў у 1888 у Мінску першай у Беларусі с.-д. арг-цыі. У сярэдзіне 1890-х г. удзельнічала ў арганізацыі і станаўленні Бунда. У 1898 арыштавана, у 1900 саслана ва Усх. Сібір, адкуль у 1902 уцякла разам з Л.​Д.​Троцкім. У 1906 вярнулася з эміграцыі, супрацоўнічала з меншавіцкай фракцыяй РСДРП. У 1917 чл. выканкома Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. З 1922 навук. супрацоўнік ін-та К.​Маркса і Ф.​Энгельса ў Маскве. Адна з перакладчыкаў 1-га т. «Капітала» К.​Маркса (разам з Л.​М.​Закам; выд. ў 1899 у Пецярбургу). Аўтар успамінаў.

Я.​З.​Басін.

т. 5, с. 535

ГУ́Р’ЕЎ,

горад у Казахстане, цэнтр Гур’еўскай вобл. Засн. купцамі Гур’евымі ў 1640. 149 тыс. ж. (1992). Порт на р. Урал. Чыг. станцыя. Нафтаперапр., хім., машынабуд., харч. прам-сць. Пед. ін-т. Тэатр. Гіст.-краязнаўчы музей.

т. 5, с. 536

ГУ́Р’ЕЎ (Віктар Фёдаравіч) (н. 11.8.1926, с. Барысаўка Жытомірскай вобл., Украіна),

бел. спявак (лірыка-драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў Бел. кансерваторыю (1960). У 1960—92 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Выконваў партыі рознага плана, ад лірыка-драм. да характарных: Сяргей («Алеся» Я.​Цікоцкага), Мікалай («Яснае світанне» А.​Туранкова), Нунцый («Джардана Бруна» С.​Картэса), Супонька («Калі ападае лісце» Ю.​Семянякі, Князь («Русалка» А.​Даргамыжскага), Герман («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Арэст («Арэстэя» С.​Танеева), Лыкаў, Гвідон («Царская нявеста», «Залаты пеўнік» М.​Рымскага-Корсакава), Атэла, Манрыка («Атэла», «Трубадур» Дж.​Вердзі), Пінкертон, Каварадосі («Чыо-Чыо-сан», «Тоска» Дж.​Пучыні), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ), Катэ («Кето і Катэ» В.​Далідзе), Міндыя («Міндыя» А.​Тактакішвілі), Барклай дэ Толі («Вайна і мір» С.​Пракоф’ева).

Б.​С.​Смольскі.

т. 5, с. 536

ГУ́РЖЫ (Іван Аляксандравіч) (28.9.1915, с. Худзякі Чаркаскай вобл., Украіна — 31.10.1971),

украінскі гісторык. Чл.-кар. АН Украіны (1958). Д-р гіст. н. (1953). Скончыў Адэскі ун-т (1941). Удзельнік Вял. Айч. вайны. З 1948 у Ін-це гісторыі АН Украіны (у 1958—71 нам. дырэктара). У 1963—68 адначасова акадэмік-сакратар Аддзялення эканомікі, гісторыі, філасофіі і права АН Украіны. Аўтар прац па гістарыяграфіі і крыніцазнаўстве, сац.-эканам. і грамадска-паліт. гісторыі Украіны 18—19 ст.

т. 5, с. 536

ГУРЗУ́Ф,

прыморскі кліматычны курорт на Украіне. За 16 км ад г. Ялта, на паўд. беразе Крыма. Размешчаны ў даліне горнай ракі, ахаваны ад вятроў горным паўкальцом. Субтрапічны клімат міжземнаморскага тыпу з мяккай зімой, працяглай і цёплай восенню і інш. ўмовамі, спрыяльнымі для прафілактыкі і лячэння органаў дыхання, расстройстваў нерв. і сардэчна-сасудзістай сістэм, парушэння абмену рэчываў. Санаторыі, турысцкія базы.

т. 5, с. 536