ГУ́НДУЛІЧ

(Gundulić) Іван (9.1.1589, г. Дуброўнік, Харватыя — 8.12.1638),

харвацкі паэт. Паходзіў з арыстакратычнага роду. Атрымаўшы выдатную адукацыю, займаў высокія грамадскія пасады ў Дуброўніцкай рэспубліцы. Дэбютаваў у 1610 перакладамі твораў Т.Таса, Банарэлі і інш. Пісаў лірычныя (паэма «Сарамлівы закаханы») і рэліг.-дыдактычныя (зб. «Спевы пакорлівыя цара Давіда», 1621, і інш.) творы, міфалагічна-пастаральныя п’есы (найб. вядомая — «Дубраўка», паст. 1628). Вяршыня творчасці — эпічная паэма «Асман» (1621—38; апубл. 1826), прысвечаная перамозе польскага войска над турэцкім у бітве пад Хоцінам (1621), прасякнутая ідэяй адзінства ўсіх славян і хрысціян.

Тв.:

Рус. пер. — Осман. Мн., 1969.

Літ.:

Зайцев В.К. Между Львом и Драконом: Дубровницкое Возрождение и эпическая поэма И.Гундулича «Осман». Мн., 1969.

І.А.Чарота.

т. 5, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)