ГУНО́

(Gounod) Шарль Франсуа (17.6.1818, Парыж — 18.10.1893),

французскі кампазітар; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў франц. оперы 19 ст. Чл. Ін-та Францыі (1866). Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі (1836—38). Рымская прэмія (1839) за кантату «Фернан». У 1840—43 жыў у Італіі, Вене, Германіі. У 1843—48 царк. арганіст і рэгент у царкве Замежных місій у Парыжы, пісаў духоўную музыку. У 1870—75 жыў у Лондане, з 1871 дырыжор Каралеўскага хар. т-ва. Сярод ранніх опер («Сафо», 1850; «Акрываўленая манашка», 1854) вылучаецца камічная опера «Лекар паняволі» (паводле Мальера, 1857). Гуно — заснавальнік новага жанру ў франц. оперным мастацтве — лірычнай оперы. Яго лепшы твор — опера «Фауст» (1859; 2-я рэд. — з рэчытатывамі замест размоўных дыялогаў, 1869), у якой кампазітар адмовіўся ад філас. праблематыкі літ. крыніцы (аднайм. трагедыя І.В.Гётэ) і зрабіў акцэнт на любоўную драму гераіні. Ён інтанацыйна абнавіў оперу, звярнуўшыся да меладычнага строю тагачаснага быт. раманса. Сярод інш. твораў: оперы «Мірэйль» (1863) і «Рамэо і Джульета» (паводле У.Шэкспіра, 1865); 4 араторыі, кантаты, месы, рэквіем і інш. творы для хору з арк.; 2 сімфоніі (1854, 1855); камерна-інстр. ансамблі; фп. п’есы; больш за 200 рамансаў і песень; музыка да драм. спектакляў і інш. Выступаў як муз. пісьменнік і крытык.

Літ.:

Комбарьё Ж. А.Тома и Ш.Гуно // Французская музыка 2-й половины XIX в.: Пер. с фр. М., 1938;

Harding J. Gounod. New York;

London, 1973.

т. 5, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)