Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВУД

(Wood) Генры Джозеф (3.3.1869, Лондан — 19.8.1944),

англійскі дырыжор. Д-р музыкі Оксфардскага ун-та (1926). Вучыўся ў Каралеўскай акадэміі музыкі ў Лондане (1886—88), выкладаў у ёй (з 1923). З 1889 працаваў у розных оперных трупах. Арганізатар і кіраўнік «Праменад-канцэртаў» (з 1895) і інш. агульнадаступных сімф. канцэртаў, у т. л. «нядзельных». Дырыжыраваў на шматлікіх англ. муз. фестывалях, у т. л. Гендэлеўскіх у Лондане (з 1908). Выступаў з лепшымі аркестрамі свету, кіраваў Бостанскім сімф. аркестрам (1918). Стварыў шматлікія апрацоўкі для аркестра, фп. і інш. творы. Аўтар кн. «Аб дырыжыраванні» (1945, рус. пер. 1958). Муз. і літ. творы падпісваў псеўд. П.Кляноўскі.

т. 4, с. 287

ВУД

(Wood) Роберт Уільямс (2.5.1868, г. Конкард, штат Масачусетс, ЗША — 11.8.1955),

амерыканскі фізік-эксперыментатар, заснавальнік ультрафіялетавай і інфрачырвонай фатаграфіі. Чл. Нацыянальнай АН ЗША (1912), ганаровы чл. АН СССР (1930). Скончыў Гарвардскі ун-т (1891). У 1901—38 праф. ун-та Дж.Хопкінса ў Балтымары. Навук. працы па фіз. оптыцы. Адкрыў аптычны рэзананс (1902). Заклаў асновы тэорыі атамных і малекулярных спектраў. Зрабіў значны ўклад у стварэнне аптычных прылад (спектрографаў, дыфракцыйных рашотак, установак для атрымання спектраў камбінацыйнага рассеяння і інш.).

Тв.:

Рус. пер. — Физическая оптика. М.; Л., 1936.

Літ.:

Сибрук В. Роберт Вуд: Пер. с англ. 5 изд. М., 1985.

т. 4, с. 287

ВУ́ДАГА,

рака ў Чэрыкаўскім р-не Магілёўскай вобл., правы прыток Сажа (бас. Дняпра). Даўж. 37 км. Пл. вадазбору 261 км². Пачынаецца на У ад в. Каркоўшчына. Асн. прытокі: Казёл (злева), Малая Вудажка (справа). Цячэ па Аршанска-Магілёўскай раўніне. Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, ніжэй в. Жытнёў трапецападобная, шыр. 500—600 м, у вусці каля 1 км. Пойма двухбаковая, лугавая, шыр. 100—150 м. Рэчышча звілістае, неразгалінаванае. У вусці г. Чэрыкаў.

т. 4, с. 287

ВУ́ДВАРД

(Woodward) Роберт Бёрнс (10.4.1917, г. Бостан, штат Масачусетс, ЗША — 8.7.1979),

амерыканскі хімік-арганік. Чл. Нацыянальнай АН ЗША і Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Замежны чл. АН СССР (1976). Скончыў Масачусецкі тэхнал. Ін-т (1936). З 1937 у Гарвардскім ун-це (з 1950 праф). Навук. працы па хіміі складаных біялагічна важных арган. злучэнняў. Сінтэзаваў хінін (1944), антыбіётык патулін (1950), картызон (1951), рэзерпін (1956), хларафілы а і б (1960), тэтрацыклін (1962), вітамін B12 (1971) і інш.; устанавіў будову шэрагу антыбіётыкаў. Сфармуляваў правілы: для вызначэння батахромнага эфекту алкільных замяшчальнікаў у спалучаных дыенах (1941, правіла Вудварда), актанта для вярчальнай дысперсіі кетонаў (1961), захавання арбітальнай сіметрыі для ўзгодненых рэакцый (1965, правіла Вудварда — Гофмана). Нобелеўская прэмія 1965.

Тв.:

Рус. пер. — Сохранение орбитальной симметрии М., 1971 (разам з Р.Хофманам).

т. 4, с. 287

ВУ́ДВАРТС

(Woodworth) Роберт (17.8.1869, каля г. Бостан, штат Масачусетс, ЗША — 4.7.1962),

амерыканскі псіхолаг, адзін са стваральнікаў функцыянальнай псіхалогіі ў ЗША. Праф. Калумбійскага ун-та (1909—42). На пач. 20 ст. адзін з першых даказаў, што мысленне не зводзіцца да асацыяцый пачуццёвых вобразаў, а мае ўласны змест. Прапанаваў канцэпцыю (назваў яе дынамічнай псіхалогіяй), гал. задачамі якой лічыў вывучэнне пытанняў, чаму і як узнікаюць і рэалізуюцца розныя формы псіхічнай дзейнасці. Распрацаваў вучэнне аб матывацыі і яе ролі ў працэсах рухальнай і інтэлектуальнай актыўнасці. У дынаміцы паводзін вылучыў 2 асн. кампаненты — патрэбнасці і механізмы. Гэты падзел трывала ўвайшоў у сучасную псіхалогію.

Тв.:

Рус. пер. — У кн.: Экспериментальная психология. М., 1950.

т. 4, с. 288

ВУ́ДЛЕНД

(ад англ. woodland лясная мясцовасць),

назва апошняга з трох археалагічна выяўленых перыядаў гісторыі насельніцтва ўсх. раёнаў Паўн. Амерыкі (1-е тыс. да н.э. — 16 ст. н.э.). Вызначаюць 3 стадыі яго развіцця: на ранняй (1-е тыс. да н.э.) асн. заняткамі насельніцтва былі паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва (на перыферыі зоны яны існавалі і на больш позніх стадыях); на сярэдняй (1-е тыс. да н.э. — сярэдзіна 1-га тыс. н.э.) развівалася земляробства, узнікалі аселыя паселішчы, пачалася апрацоўка серабра, медзі, метэарытнага жалеза; на позняй (5—16 ст.) ствараліся протагарадскія цэнтры з землянымі насыпамі вакол гарадзішчаў, характэрны вял. земляныя піраміды з храмавымі будынкамі на вяршыні, высокі ўзровень маст. апрацоўкі металаў і керамікі. У першае стагоддзе еўрап. каланізацыі Паўн. Амерыкі гэтыя культ. цэнтры перасталі існаваць.

т. 4, с. 288

ВУД-БА́ФАЛА

(Wood Buffalo),

нацыянальны парк на ПнЗ Канады, адзін з найбольшых у свеце. Засн. ў 1922 з мэтай аховы адзінага ацалелага на Зямлі статка лясных бізонаў. Пл. каля 4,5 млн. га. Размешчаны на лясістай, месцамі забалочанай раўніне, паміж азёрамі Атабаска і Вял. Нявольніцкім. Гаі таполі і рэдкія пералескі нізкарослых елак, банксава хвоя, зрэдку на тарфяніках амер. лістоўніца. Наяўнасць мяккіх драўнінных парод абумоўлівае вял. шчыльнасць паселішчаў бабра і значную колькасць лася; інш. млекакормячыя: амер. зайцы, бурундуковая вавёрка, звычайныя дрэвавы дзікабраз і скунс. Сярод птушак шмат каўнерыкавых рабчыкаў, граўсаў, трапляюцца пералётныя пуначкі, сарокі, канюкі, амер. кедраўкі, канадскія кукшы. У лясных балотах ахоўваюцца гняздоўі знікаючага віду — белага амер. жураўля.

т. 4, с. 287