ВУ́ДЛЕНД
(ад англ. woodland лясная мясцовасць),
назва апошняга з трох археалагічна выяўленых перыядаў гісторыі насельніцтва ўсх. раёнаў Паўн. Амерыкі (1-е тыс. да н.э. — 16 ст. н.э.). Вызначаюць 3 стадыі яго развіцця: на ранняй (1-е тыс. да н.э.) асн. заняткамі насельніцтва былі паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва (на перыферыі зоны яны існавалі і на больш позніх стадыях); на сярэдняй (1-е тыс. да н.э. — сярэдзіна 1-га тыс. н.э.) развівалася земляробства, узнікалі аселыя паселішчы, пачалася апрацоўка серабра, медзі, метэарытнага жалеза; на позняй (5—16 ст.) ствараліся протагарадскія цэнтры з землянымі насыпамі вакол гарадзішчаў, характэрны вял. земляныя піраміды з храмавымі будынкамі на вяршыні, высокі ўзровень маст. апрацоўкі металаў і керамікі. У першае стагоддзе еўрап. каланізацыі Паўн. Амерыкі гэтыя культ. цэнтры перасталі існаваць.
т. 4, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)