ВУНДЭРКІ́НД
(ням. Wunderkind літар. цуда-дзіця),
дзіця, якое ад прыроды валодае выключнымі здольнасцямі, талентам.
т. 4, с. 294
ВУ́НДЭРЭР (Wunderer) Іаган Давід, нямецкі падарожнік 16 ст., пастар. Вучыўся ў Страсбуры і Ростаку. У 1590 з Ростака праз Кёнігсберг прыбыў у ВКЛ, наведаў Крожы, Вільню, потым Пскоў, Рыгу. У дзённіку падарожжа, які пазней дапоўніў звесткамі з літ. крыніц, даў апісанне Літвы, храмаў, народаў, якія насялялі Вільню, дамоў і крамля ў Пскове, рэшткаў язычніцкага свяцілішча каля горада, побыту рас. войска, манет, гандлю. Дзённік упершыню надрукаваны ў 1812 у Германіі.
Тв.:
Рус. пер. — Иоанна Давида Вундерера путешествия в Данию, Россию и Швецию в 1589 и 1590 гг. // Чтения в О-ве истории и древностей Российских. 1863. Кн. 2.
т. 4, с. 294
ВУНТ
(Wundt) Вільгельм (16.8.1832, г. Мангейм, Германія — 31.8.1920),
нямецкі псіхолаг, фізіёлаг, філосаф, мовавед. Адзін са стваральнікаў эксперыментальнай псіхалогіі (у 1879 у Лейпцыгу заснаваў першую ў свеце лабараторыю эксперым. псіхалогіі, пазней пераўтвораны ў ін-т). Лічыў, што ў галіне свядомасці дзейнічае асаблівая псіхічная прычыннасць, а паводзіны вызначаюцца аперцэпцыяй. Вылучаў 3 ступені працэсу пазнання: пачуццёвае пазнанне паўсядзённага жыцця; разважнае пазнанне асобных навук, якія ўяўляюць сабой толькі розны пункт погляду на адзін і той жа прадмет даследавання; разумнае пазнанне — філас. сінтэз розных ведаў, якім займаецца «метафізіка». Прадмет метафізікі — быццё — вызначаў як сістэму духоўных, надзеленых воляй каштоўнасцей. Яго «Псіхалогія народаў» (т. 1—10, 1900—20) — адна з першых спроб даследавання этнапсіхалогіі — змяшчае псіхал. тлумачэнне міфаў, рэлігіі, мастацтва і інш. з’яў культуры.
т. 4, с. 294