Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВУЧО́НАЕ ЗВА́ННЕ,

прысвойваецца выкладчыкам ВНУ і навук. работнікам (звычайна з вучонымі ступенямі) у залежнасці ад навук. кваліфікацыі і складанасці творчых задач, якія імі вырашаюцца. У адпаведнасці з вучоным званнем замяшчаюцца і пасады ў навуч. і навук. установах, што займаюцца паводле конкурсу і па кантракце. Сістэма вучоных званняў: прафесар (у сярэднявеччы магістр), дацэнт і інш. — усталявалася ў зах.-еўрап. ун-тах у канцы 16 ст. У Расіі гэтыя вучоныя званні сталі выкарыстоўвацца ў 18—19 ст. У СССР, у т. л. на Беларусі, сістэма вучоных званняў аформілася ў 1920—30-я г., прыняты вучоныя званні: прафесар, дацэнт.

т. 4, с. 297

ВУЧО́НАЯ СТУПЕ́НЬ,

навуковая кваліфікацыя ў пэўнай галіне ведаў. Звычайна прысуджаецца пасля адпаведных этапаў навучання ў ВНУ або пасля завяршэння адукацыі ў даследчым, напр. аспіранцкім (гл. Аспірантура), падраздзяленні ВНУ або навук. ўстановы і абароны спец. навук. працы. Ва ун-тах Расіі адзіныя правілы прысуджэння вучонай ступені магістра і доктара дзейнічалі ў 1819—1917. У СССР, у т. л. на Беларусі, з 1937 былі ўстаноўлены ступені кандыдата і доктара навук.

т. 4, с. 297

ВУЧО́НЫ САВЕ́Т 1) традыцыйная назва савета па прысуджэнні вучоных ступеней і прысвойванні вучоных званняў у ВНУ і н.-д. установах шэрагу краін, у т. л. на Беларусі (гл. таксама Вышэйшы атэстацыйны камітэт).

2) Дарадчы орган у ВНУ (пры рэктару, дэкане) і н.-д. установах (пры дырэктару) для каардынацыі розных кірункаў метадалагічнай, навуч. і навук. работы, павышэння кваліфікацыі спецыялістаў, падрыхтоўкі і выдання вучэбна-метадычнай л-ры; прадстаўляе выкладчыкаў і навук. супрацоўнікаў да прысуджэння вучоных званняў і г.д.

т. 4, с. 297

ВУЧЭ́ННІ

(ваен.),

адзін з асн. спосабаў баявой падрыхтоўкі войск (авіяцыі, флоту), камандзіраў і штабоў аб’яднанняў, злучэнняў (часцей) розных відаў узбр. сіл, а таксама органаў тылу і спец. войск да вядзення ваен. дзеянняў. Праводзяцца з мэтай вырашэння розных задач на мясцовасці ва ўмовах, найб. набліжаных да баявых. Паводле маштабу бываюць тактычныя, аператыўныя і стратэгічныя; паводле формы правядзення — вайсковыя (авіяцыйныя, марскія), з баявой стральбой і без баявой стральбы, камандныя, камандна-штабныя, штабныя, тылавыя, доследныя, даследчыя і спецыяльныя; паводле арганізацыі — адна- і двухбаковыя, адна-, двух- і многаступенныя. Гл. таксама Манеўры.

т. 4, с. 297

ВУЧЭ́ЦІЧ Яўген Віктаравіч

(28.12.1908, г. Днепрапятроўск, Украіна — 12.4.1974),

рускі скульптар. Нар. мастак СССР (1959). Акад. АМ СССР (1953). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1931—33). Адзін з афіц. лідэраў сав. мастацтва 1940—70-х г. Аўтар гіпертрафіравана-манум., ашаламляльных па сваіх маштабах і татальнай магутнасці твораў (помнік-ансамбль на Мамаевым кургане ў Валгаградзе, 1963—67, Ленінская прэмія 1970), алегарычных вобразаў (статуя воіна-вызваліцеля ў помніку-ансамблі воінам Сав. Арміі ў Трэптаў-парку ў Берліне, 1946—49; «Перакуем мячы на аралы!» каля будынка ААН у Нью-Йорку, 1957), партрэтаў сав. военачальнікаў (І.Д.Чарняхоўскі, 1945).

А.К.Лявонава.

т. 4, с. 297