ВУНТ
(Wundt) Вільгельм (16.8.1832, г. Мангейм, Германія — 31.8.1920),
нямецкі псіхолаг, фізіёлаг, філосаф, мовавед. Адзін са стваральнікаў эксперыментальнай псіхалогіі (у 1879 у Лейпцыгу заснаваў першую ў свеце лабараторыю эксперым. псіхалогіі, пазней пераўтвораны ў ін-т). Лічыў, што ў галіне свядомасці дзейнічае асаблівая псіхічная прычыннасць, а паводзіны вызначаюцца аперцэпцыяй. Вылучаў 3 ступені працэсу пазнання: пачуццёвае пазнанне паўсядзённага жыцця; разважнае пазнанне асобных навук, якія ўяўляюць сабой толькі розны пункт погляду на адзін і той жа прадмет даследавання; разумнае пазнанне — філас. сінтэз розных ведаў, якім займаецца «метафізіка». Прадмет метафізікі — быццё — вызначаў як сістэму духоўных, надзеленых воляй каштоўнасцей. Яго «Псіхалогія народаў» (т. 1—10, 1900—20) — адна з першых спроб даследавання этнапсіхалогіі — змяшчае псіхал. тлумачэнне міфаў, рэлігіі, мастацтва і інш. з’яў культуры.
т. 4, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)