ВУ́ДВАРД

(Woodward) Роберт Бёрнс (10.4.1917, г. Бостан, штат Масачусетс, ЗША — 8.7.1979),

амерыканскі хімік-арганік. Чл. Нацыянальнай АН ЗША і Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Замежны чл. АН СССР (1976). Скончыў Масачусецкі тэхнал. Ін-т (1936). З 1937 у Гарвардскім ун-це (з 1950 праф). Навук. працы па хіміі складаных біялагічна важных арган. злучэнняў. Сінтэзаваў хінін (1944), антыбіётык патулін (1950), картызон (1951), рэзерпін (1956), хларафілы а і б (1960), тэтрацыклін (1962), вітамін B12 (1971) і інш.; устанавіў будову шэрагу антыбіётыкаў. Сфармуляваў правілы: для вызначэння батахромнага эфекту алкільных замяшчальнікаў у спалучаных дыенах (1941, правіла Вудварда), актанта для вярчальнай дысперсіі кетонаў (1961), захавання арбітальнай сіметрыі для ўзгодненых рэакцый (1965, правіла Вудварда — Гофмана). Нобелеўская прэмія 1965.

Тв.:

Рус. пер. — Сохранение орбитальной симметрии М., 1971 (разам з Р.Хофманам).

т. 4, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)