Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГАРБАЦЭ́ВІЧ Васіль Савіч

(19.4.1893, в. Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 17.9.1985),

бел. драматург. Засл. настаўнік Беларусі (1947). Скончыў Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю (1913), Мінскі настаўніцкі (1918) і вышэйшы пед. (1933) ін-ты. Працаваў настаўнікам на Сенненшчыне (1913—15), у Дукорскай школе (1918—24, 1933—57), выкладаў бел. мову ў Магілёўскім педтэхнікуме (1924—29). Арганізатар і кіраўнік Магілёўскай філіі «Маладняк». Друкаваўся з 1923. Аўтар п’ес «Вяселле» (нап. на аснове бел. вясельнага абраду, паст. БДТ 1921), «Чырвоныя кветкі Беларусі» (апубл. 1923) пра подзвіг дукорскіх партызан у барацьбе супраць польскіх акупантаў, «Пад вішнёвымі садкамі» (1927) і «Песні нашых дзён» (1930, прысвечана калектывізацыі) і інш. Напісаў успаміны пра сустрэчы з М.Багдановічам у Яраслаўлі.

Тв.:

Чырвоныя кветкі Беларусі: П’есы. Мн., 1983;

у кн.: Шлях паэта. Мн., 1975.

Літ.:

Казека Я. Прызванне // Казека Я. Голас часу. Мн., 1975.

І.Д.Казека.

т. 5, с. 54

ГАРБАЦЭ́ВІЧЫ,

вёска ў Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл., на аўтадарозе Бабруйск—Старыя Дарогі. Цэнтр сельсавета. За 15 км на З ад горада і чыг. ст. Бабруйск, 125 км ад г. Магілёў. 545 ж., 190 двароў (1996). Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 5, с. 54

Гарбацэвіч Праскоўя Данілаўна

т. 18, кн. 1, с. 369

ГАРБА́Ч,

гл. ў арт. Кіты.

т. 5, с. 54

ГАРБАЧО́Ў Мікалай Сцяпанавіч

(н. 15.5.1948, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),

бел. спартсмен (веславанне на байдарках і каноэ). Засл. майстар спорту СССР (1972). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1972). Чэмпіён Алімпійскіх гульняў 1972 на байдарцы-двойцы на дыстанцыі 1000 м, свету (1974) на байдарцы-чацвёрцы на дыстанцыі 10 000 м; бронзавы прызёр чэмпіянатаў свету (1971) і Еўропы (1975) на байдарцы-чацвёрцы на дыстанцыі 10 000 м. Чэмпіён СССР на байдарцы—чацвёрцы на дыстанцыях 10 000 м (1968, 1974—75), 1000 м (1973—74), на байдарцы-двойцы (1000 м — 1970, 1972), Спартакіяды народаў СССР на байдарцы-чацвёрцы (1000 м — 1971).

т. 5, с. 54

ГАРБАЧО́Ў Міхаіл Васілевіч

(24.3.1921, в. Бесцвіна Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 7.3.1981),

рускі перакладчык. Засл. дз. культ. Беларусі (1971). Скончыў Маскоўскі паліграф. ін-т (1951). Працаваў у час. «Славяне», на Усесаюзным радыё, у апараце СП СССР. Пераклаў на рус. мову раманы «Людзі на балоце» І.Мележа, «Вецер у соснах» і «Сорак трэці» І.Навуменкі, «Плач перапёлкі» І.Чыгрынава. «Чужая бацькаўшчына» В.Адамчыка, аповесці В.Быкава «Альпійская балада», «Трэцяя ракета», «Мёртвым не баліць», асобныя творы П.Галавача, У.Карпава, А.Кулакоўскага, М.Лупсякова, І.Пташнікава, А.Савіцкага, Т.Хадкевіча, І.Шамякіна і інш.

т. 5, с. 55

ГАРБАЧО́Ў Міхаіл Сяргеевіч

(н. 2.3.1931, с. Прывольнае Чырвонагвардзейскага р-на Стаўрапольскага краю, Расія),

савецкі дзярж. і паліт. дзеяч. Ген. сакратар ЦК КПСС (1985—91), прэзідэнт СССР (1990—91). Скончыў Маскоўскі ун-т (1955), Стаўрапольскі с.-г. ін-т (1967). З 1955 на камсамольскай і парт. рабоце. У 1966—68 1-ы сакратар Стаўрапольскага гаркома КПСС. З 1968 2-і сакратар, з 1970 1-ы сакратар Стаўрапольскага крайкома КПСС. У 1978—85 сакратар ЦК КПСС, у 1980—91 чл. Палітбюро (канд. з 1979). Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета СССР (1988—89) і Вярх. Савета СССР (1989—90). Узначаліў працэс перабудовы ў СССР. Унутрыпаліт. жыццё пры Гарбачове характарызавалася паглыбленнем эканам. крызісу, нарастаючымі цэнтрабежнымі тэндэнцыямі ў саюзных рэспубліках і звязанымі з гэтым канфліктамі. Знешнепаліт. дзейнасць была накіравана на спыненне блокавага процістаяння і гонкі ўзбраенняў, ядзернае раззбраенне (дагаворы па абмежаванні стратэгічных наступальных узбраенняў, па скарачэнні звычайных узбраенняў у Еўропе, аднабаковы мараторый СССР на выпрабаванне ядзернай зброі і інш.). Пры Гарбачове выведзены сав. войскі з Афганістана, знешнепаліт. курс КПСС і СССР садзейнічаў аб’яднанню ФРГ і ГДР, спыненню дзейнасці Арг-цыі Варшаўскага дагавора 1955, распаду сусв. сістэмы сацыялізму. Пасля спынення дзейнасці КПСС і распаду СССР (гл. Белавежскія пагадненні 1991) Гарбачоў пайшоў у адстаўку з пасад генсека ЦК КПСС і прэзідэнта СССР. Са снеж. 1991 прэзідэнт Міжнар. фонду сац.-эканам. і паліталагічных даследаванняў («Гарбачоўфонд»). Нобелеўская прэмія міру 1990.

Тв.:

Августовский путч: Причины и следствия. М., 1991;

Бел. пер. — Перабудова і новае мысленне для нашай краіны і для ўсяго свету. Мн., 1988.

т. 5, с. 55

ГАРБАЧО́Ў Уладзімір Васілевіч

(н. 10.1.1926, г. Талачын Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне кардыялогіі. Д-р мед. н. (1969), праф. (1972). Засл. дз. нав. Беларусі (1991). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1952). З 1958 у Мінскім мед. ін-це, з 1970 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (у 1972—84 прарэктар). Навук. працы па патагенезе, дыягностыцы і лячэнні каранарнага атэрасклерозу і ішэмічнай хваробы сэрца.

Тв.:

Трудности и ошибки в диагностике некоторых заболеваний сердечно-сосудистой системы Мн., 1978;

Диагностика кардиологических заболеваний: Справ. пособие. Мн., 1990 (у сааўт.);

Дислипидемии. Мн., 1996 (разам з А.Г.Мрочакам);

Практическая кардиология. Т. 1—2. Мн., 1997 (у сааўт.).

т. 5, с. 55

ГАРБАЧЭ́ВА,

вёска ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., на паўн. беразе воз. Нешчарда. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 18 км на ПнУ ад г.п. Расоны, 177 км ад Віцебска, 44 км ад чыг. ст. Алешча. 464 ж., 160 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму.

т. 5, с. 55

ГАРБАЧЭ́ЎСКІ Іван Данілавіч

(1860—1914),

бел. настаўнік, краязнавец, гісторык, этнограф, фалькларыст, пісьменнік. Скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю (1877), Віленскі настаўніцкі ін-т (1885). Выкладаў у Далынскім нар. вучылішчы (Невельскі пав. Віцебскай губ.). У 1894—98 супрацоўнік газ. «Витебские губернские ведомости». Пераехаў у 1899 на Каўказ, пасля на Кубань. У 1912 у Рагачове выкладаў у вышэйшым рамесным вучылішчы. Вывучаў фальклор, побыт беларусаў, гісторыю. Апісваў населеныя пункты на Зах. Дзвіне («Уніз па Дзвіне», 1895), флору, фауну, земляробства і жывёлагадоўлю, промыслы, адукацыю ў Лепельскім пав. («Лепельскі павет Віцебскай губерні», 1895), язычніцкія вераванні, рэліг. абрады, звычаі продкаў палешукоў («Старына старадаўняя», 1897). Паэтычнасць бел. нар. песень адзначыў у працы «Старажытнасць беларускіх песень і іх напеваў» (1896). Аўтар аповесці «Не дайшоў да роднай хаты» (нап. 1899) і інш. маст. твораў.

Тв.:

О волоках великого водного пути из варяг в греки. Внтебск, 1894;

Сельский учитель. Витебск, 1895;

Экономический очерк Невельского уезда. Витебск, 1895.

В.І.Скідан.

т. 5, с. 55