Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ІСТО́ПКА,

гл. Варыўня.

т. 7, с. 347

ІСТР (ístros),

старажытнагрэчаская назва ніжняга цячэння р. Дунай (з 8 ст. да н.э.).

т. 7, с. 348

І́СТРУ ((Istru) Багдан) (сапр. Бадароў Іван Спірыдонавіч; 13.4.1914, в. Піструены Лазоўскага р-на, Малдова — 25.3.1993),

малдаўскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Малдовы (1982). Чл.-кар. АН Малдовы (1984). Скончыў Вышэйшае пед. вучылішча ў г. Ясы (1931). Друкаваўся з 1936. У кнігах вершаў і паэм «Заклінанне» (1937), «Голас Радзімы» (1946), «Ад берага да берага» (1958), «Боль ценяў» (1968), «Тысячы галасоў» (1971), «Татарбунар» (1974), апавяданняў «Шлях да святла» (1947) і інш. адлюстраваў найб. важныя гіст. вехі жыцця малд. народа. Аўтар нарысаў, публіцыстычных і крытычных артыкулаў. На бел. мову асобныя творы І. пераклаў А.​Лойка.

Тв.:

Рус. пер. — Избр.: Стихотворения и поэмы. М., 1976.

т. 7, с. 348

І́СТРЫЯ (Istria),

паўвостраў паміж зал. Трыесцкім і Рыекскім Адрыятычнага м., у Харватыі, Славеніі і Італіі. Выступае ў мора амаль на 100 км. Пл. 3,7 тыс. км². Вапняковае пакатае плато ўздымаецца з ПдЗ на ПнУ. Выш. 100—600 м, найб. — 1396 м (г. Учка). Развіты карст. Клімат міжземнаморскі. Бедная міжземнаморская расліннасць (травы, шыбляк). Буйныя гарады: Трыест (Італія), Пула (Харватыя).

т. 7, с. 348

ІСТЫСУ́,

бальнеалагічны і горнакліматычны курорт у Азербайджане. Размешчаны на паўн.-зах. схілах Карабахскага нагор’я, у глыбокай цясніне каля прытока Куры, на выш. амаль 2000 м.

Тэрмальныя мінер. воды (крыніцы вядомыя з 12 ст), горнае паветра, устойлівы мяккі клімат, інтэнсіўная сонечная радыяцыя ствараюць умовы для лячэння хвароб страўніка, кішэчніка, жоўцевых шляхоў, печані, нырак, парушэнняў абмену рэчываў і інш. Крыніцы халодных радонавых вод выкарыстоўваюць пры хваробах перыферычнай нерв. сістэмы, сасудаў і сэрца, органаў руху і апоры.

т. 7, с. 348

ІСТЭ́БЛІШМЕНТ (ад англ. establishment устанаўленне, заснаванне; установа),

1) дзяржаўныя, эканам., грамадска-паліт. ін-ты і арг-цыі, якія валодаюць уладай і ўплывам у грамадстве, а таксама групы і асобы, якія займаюць асн. пазіцыі ў гэтых ін-тах і арг-цыях.

2) Трывалае, устойлівае становішча ў грамадстве.

т. 7, с. 348

ІСТЭРЫ́Я (ад грэч. hystera матка; стараж. грэкі прыпісвалі І. матачнай хваробе і лічылі яе ўласцівай толькі жанчынам),

форма неўрозу, які выяўляецца псіхічнымі, саматычнымі, неўралагічнымі і вегетатыўнымі расстройствамі. Найчасцей бывае ў жанчын маладога ўзросту; хварэюць і мужчыны. Прычыны: псіхатраўмы, невырашальныя душэўныя канфлікты (пры пэўных рысах характару, псіхічным інфантылізме, дэфектах выхавання). Праяўляецца прыпадкамі (слёзы, смех, крыкі, сутаргі), парушэннем адчувальнасці (да болю, холаду і інш.), істэрычнымі паводзінамі (празмерны эгаізм, рэзкія перамены настрою). Хворы адчувае боль і непрыемны стан у розных ч. цела (асабліва ў вобласці сэрца), ком у горле, парушэнне слінавыдзялення, успушванне жывата, моташнасць, ірвоту, запоры і паносы. Бываюць істэрычныя парэзы і паралічы, парушэнне мовы. Такі стан нагадвае эпілептычныя прыпадкі (гл. Эпілепсія). Адрозненне ў тым, што істэрычным прыпадкам хворы хоча выклікаць спагаду да сябе (пры адсутнасці гледача прыпадку можа не быць). У дзяцей да года І. выяўляецца простымі і аднабаковымі істэрычнымі прыпадкамі (дзіця падае, крычыць, плача), якія ўскладняюцца з узростам. Лячэнне: псіхатэрапія, унушэнне (сугестыя), гіпноз, медыкаментознае, агульнаўмацавальныя сродкі.

Літ.:

Шанько Г.Г. Наши нервы и наши болезни: Для здоровых и больных. Мн., 1996;

Карвасарский Б.Д. Неврозы. 2 изд. М., 1990;

Антонов И.П., Шанько Г.Г. Судорожные состояния у детей. Мн., 1970.

Г.​Г.​Шанько.

т. 7, с. 348

ІСУ́С ХРЫСТО́С,

гл. Хрыстос.

т. 7, с. 348

ІСФАХА́Н,

горад у цэнтр. ч. Ірана, на р. Заендэруд. Адм. ц. астана (адм. адзінкі) Ісфахан. Вядомы з ант. часоў. 1,9 млн. ж. (1997). Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Другі (пасля Тэгерана) гандл.-прамысл. цэнтр краіны. Прам-сць: тэкст. (пераважна шарсцяная), харчасмакавая (у асноўным цукр., тытунёвая), гарбарна-абутковая, цэм., шкляная, нафтаперапр., хімічная. Старадаўні цэнтр дыванаткацтва і сярэдневяковай маст. мініяцюры. Ун-т. Тэатры, музеі (у т. л. гісторыка-краязнаўчы). Шматлікія арх. помнікі 8—18 ст., у тым ліку уключаныя ЮНЕСКА ў Спіс сусветнай спадчыны: Саборная мячэць (9 ст.), мінарэты і маўзалеі (12—16 ст.), плошча Мейдане-Шах з навакольнымі будынкамі (16—17 ст.) і інш.

Панарама Ісфахана.

т. 7, с. 348

ІСФАХА́НСКАЯ ШКО́ЛА мініяцюры.

Сфарміравалася на мяжы 16 і 17 ст. у г. Ісфахан (Іран). Заснавальнік стылю Рэза Абасі. Для І.ш. характэрны каліграфічна дакладны віртуозны малюнак з лёгкай падфарбоўкай, пластычная аб’ёмнасць і лёгкасць фігур, найтанчэйшая прапрацоўка дэталей. Для яе майстроў уласцівы спробы надаць мініяцюры новы змест, далучыць да станковага жывапісу (мініяцюры на асобных аркушах, якія збіралі ў альбомы). З 1670-х г.

пад уплывам еўрап. жывапісу ў творах І.ш. з’явіліся элементы святлоценявой мадэліроўкі, лінейнай і паветр. перспектывы ў выявах пейзажных фонаў. Да 18 ст. гэты «еўрапеізаваны» кірунак стаў асноўным.

Ісфаханская школа. Рэза Абасі. Мініяцюра. 1630.

т. 7, с. 349