ІСТЭРЫ́Я (ад грэч. hystera матка; стараж. грэкі прыпісвалі І. матачнай хваробе і лічылі яе ўласцівай толькі жанчынам),
форма неўрозу, які выяўляецца псіхічнымі, саматычнымі, неўралагічнымі і вегетатыўнымі расстройствамі. Найчасцей бывае ў жанчын маладога ўзросту; хварэюць і мужчыны. Прычыны: псіхатраўмы, невырашальныя душэўныя канфлікты (пры пэўных рысах характару, псіхічным інфантылізме, дэфектах выхавання). Праяўляецца прыпадкамі (слёзы, смех, крыкі, сутаргі), парушэннем адчувальнасці (да болю, холаду і інш.), істэрычнымі паводзінамі (празмерны эгаізм, рэзкія перамены настрою). Хворы адчувае боль і непрыемны стан у розных ч. цела (асабліва ў вобласці сэрца), ком у горле, парушэнне слінавыдзялення, успушванне жывата, моташнасць, ірвоту, запоры і паносы. Бываюць істэрычныя парэзы і паралічы, парушэнне мовы. Такі стан нагадвае эпілептычныя прыпадкі (гл. Эпілепсія). Адрозненне ў тым, што істэрычным прыпадкам хворы хоча выклікаць спагаду да сябе (пры адсутнасці гледача прыпадку можа не быць). У дзяцей да года І. выяўляецца простымі і аднабаковымі істэрычнымі прыпадкамі (дзіця падае, крычыць, плача), якія ўскладняюцца з узростам. Лячэнне: псіхатэрапія, унушэнне (сугестыя), гіпноз, медыкаментознае, агульнаўмацавальныя сродкі.
Літ.:
Шанько Г.Г. Наши нервы и наши болезни: Для здоровых и больных. Мн., 1996;
Карвасарский Б.Д. Неврозы. 2 изд. М., 1990;
Антонов И.П., Шанько Г.Г. Судорожные состояния у детей. Мн., 1970.
Г.Г.Шанько.
т. 7, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)