СА́МБА (скарочаная назва рус. тэрміна «самбо» — самозащита без оружия),
від спарт. барацьбы, асновай якога з’яўляюцца найб. эфектыўныя прыёмы з розных нац. відаў барацьбы.
Узнікла у СССР у 1930-я г. З 1966 прызнана міжнар. відам спорту. Чэмпіянаты свету і Еўропы праводзяцца з 1972. Паядынкі адбываюцца на круглым дыване дыяметрам 9 м, у розных узроставых групах і вагавых катэгорыях. Пры барацьбе ў стойцы дазваляюцца падножкі, падсечкі, абвівы, кідкі праз грудзі і праз спіну, захопы ног рукамі; пры барацьбе лежачы — утрыманні саперніка на спіне і болевыя прыёмы на суставы рук і ног. Паядынак працягваецца 6—8 мін без перапынку. Перамога даецца за кідок саперніка на спіну ці за перавод яго на болевы прыём. Найб. развіта С. ў Балгарыі, Беларусі, Вялікабрытаніі, ЗША, Іране, Іспаніі, Расіі, Японіі і інш.
На Беларусі развіваецца з 1936—37. Першы чэмпіянат Беларусі адбыўся ў 1949, асабіста-камандныя пяршынствы праводзяцца з 1952. Бел. федэрацыя барацьбы С. існуе з 1968. У 1975 і 1992 у Мінску адбыліся чэмпіянаты свету па С., у 1995 — чэмпіянат Еўропы. Зборная каманда Беларусі — сярэбраны прызёр чэмпіянатаў свету (1994), Еўропы (1994, 2000). Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся чэмпіёны свету і Еўропы Н.Багіраў, Я.Далінін (1992, 1995), В.Данілаў (1992, 1993, 1994), І.Казанцава (1992, 1993), В.Казлоўская (1991, 1993, 1994, 1995, 1996, 2000), Т.Масквіна (1994, 1995, 2000), С.Селіханава (1992, 1993, 1995, 1996), К.Сямёнаў (2000), М.Цыпандзін (1992, 1994), В.Юркевіч (1996).
Побач са спарт. С. існуе яго баявы раздзел — самаабарона ад нападу няўзброенага і ўзброенага праціўніка і дзеянні ў адказ (прыёмы абяззбройвання, затрымання, суправаджэння і інш.), які ўваходзіць у сістэму баявой падрыхтоўкі ў арміі і спец. баявых фарміраваннях.
А.М.Петрыкаў.
т. 14, с. 138