Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГАРАДНІ́ЧЫ Антон Ягоравіч

(каля 1848, в. Касцяневічы Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 1917?),

удзельнік рэв. руху ў Расіі. З 1871 працаваў на з-дах Пецярбурга, дзе вёў рэв. прапаганду; чл. «Паўночнага саюза рускіх рабочых». У 1874 арыштаваны. З 1876 жыў у Пецярбургу пад тайным наглядам паліцыі. У 1879 зноў арыштаваны, сасланы на радзіму, потым у г. Мезень Архангельскай губ. Пасля ад паліт. дзейнасці адышоў.

т. 5, с. 43

ГАРАДНЯ́НСКАЯ КЕРА́МІКА,

ганчарныя вырабы майстроў з в. Гарадная Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Як ганчарны цэнтр вёска вядома з 15 ст. У 19 — пач. 20 ст. ганчарствам тут займалася каля 200 сем’яў, у 1920—30-я г. — каля 500; посудам забяспечвалася амаль усё Палессе, ён трапляў на Валынь, Панямонне, пад Вільню і Варшаву. Выраблялі гаршкі, збанкі (глечыкі), гладышы, вазонніцы, глякі (бунькі), слоікі, пёрлы (макотры), кубкі, міскі і інш. Гаршкі ў залежнасці ад аб’ёму мелі розныя назвы: мамзель (умяшчае 1 кг збожжа), злівач (2 кг), адзінец (8—16 кг), паляк (больш за 16 кг). Традыцыйная гараднянская кераміка — белагліняная, непаліваная, у 15—17 ст. аздобленая выціснутым дэкорам у выглядзе паяскоў, у 18 — пач. 20 ст. — хвалістымі і роўнымі паяскамі і косымі рыскамі чырвона-карычневага колеру (рубежыкі), нанесенымі жалезістай глінай (апіска) у 2—3 рады на верхнюю частку вырабу ў працэсе вытворчасці. Посуд вызначаецца буйнымі, ёмістымі шарападобнымі формамі. З 1930-х г. пашырэнне набыло глазураванне бясколернай і каляровай палівай, ангобны дэкор знік, памеры посуду зменшыліся. Выраблялі таксама дробную пластыку наіўна-рэаліст. характару (жанравыя сцэнкі ці фігуркі жывёл). Традыцыі гараднянскай керамікі прадаўжаюць сучасныя майстры І.Генбіцкі, І.Лічэўскі, П.Гмыр, А.Вячорка, Ф.Шэлест і інш.

Я.М.Сахута.

т. 5, с. 43

ГАРАДО́К,

археалагічныя помнікі (4 стаянкі каменнага і бронзавага вякоў, гарадзішча мілаградскай культуры, селішчы ранняга жал. веку) каля в. Гарадок Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. На адной са стаянак выяўлены рэшткі агнішча і гасп. ям, крамянёвыя прылады працы днепра-дзяснінскай культуры (гл. ў арт. Сожская культура), рэшткі 3 агнішчаў і крамянёвыя прылады працы днепра-данецкай культуры. На гарадзішчы знойдзены фрагменты керамічных пасудзін, на селішчы — рэшткі грубаляпной таўстасценнай керамікі і фрагменты жал. рэчаў.

т. 5, с. 43

ГАРАДО́К,

археал. помнікі (гарадзішча і селішча) каля в. Гарадок Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. На гарадзішчы ранняга жал. веку і сярэднявечча 2 культурныя пласты: на ніжнім знойдзена штрыхаваная кераміка і праслойка пажарышча; на верхнім — кераміка 16—17 ст. і фрагменты паліхромнай і аднаколернай зялёнай кафлі, арнаментаванай раслінным ці геам. малюнкам, узорам з гербам «Ружа», сцэнамі палявання, казачнымі сюжэтамі, выявамі чалавека, амура, цмока і інш. На селішчы знойдзены фрагменты посуду эпохі Кіеўскай Русі, кераміка 14—17 ст.

т. 5, с. 43

ГАРАДО́К,

горад, цэнтр Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл., на р. Гаражанка. За 30 км ад Віцебска, 2 км ад чыг. ст. Гарадок на лініі Віцебск—Невель. 14,6 тыс. ж. (1995).

У летапісах 2-й пал. 13 ст. ўпамінаецца як «Гарадок каля Полацка» ў сувязі з бітвай паміж палачанамі і літ. войскамі на чале з Мінгайлам, у выніку якой Гарадок быў знішчаны. У 16 ст. ў Гарадку быў замак з 5 вежамі і магутнымі абарончымі валамі. На карце Т.Макоўскага (1613) Гарадок пазначаны як мястэчка Віцебскага ваяв. ВКЛ. У 1650 упамінаецца Ільінская царква. З 1772 у Рас. імперыі, з 1777 цэнтр Гарадоцкага павета, атрымаў статус горада і герб. У 1887 у Гарадку 23 прадпрыемствы, бальніца, царк.-прыходскае вучылішча, рамесная школа. У 1897 — 5023 ж. З 1924 цэнтр Гарадоцкага раёна. У 1939 — 7,3 тыс. ж. У Вял. Айч. вайну з 10.7.1941 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія амаль поўнасцю разбурылі горад, у Гарадку і раёне загубілі 5084 чал. Вызвалены 24.12.1943 войскамі 1-га Прыбалт. фронту ў выніку Гарадоцкай аперацыі 1943. У 1959 было 7,6 тыс., у 1969 — 9 тыс. жыхароў.

Ільнозавод, цэх Полацкага аўтарамонтнага з-да, прадпрыемствы дрэваапр., лёгкай, буд. матэрыялаў, харч. прам-сці. Цэнтр ганчарнага рамяства. Мемар. комплекс на вайсковых могілках, магіла ахвяр фашызму.

т. 5, с. 44

ГАРАДО́К,

вёска ў Завалочыцкім с/с Глускага р-на Магілёўскай вобл. За 17 км ад г.п. Глуск, 200 км ад г. Магілёў, 36 км ад чыг. ст. Старыя Дарогі. 107 ж., 71 двор (1996).

У крыніцах упамінаецца з 2-й пал. 15 ст. У канцы 16 — пач. 19 ст. называўся Гарадок Глуск-Пагарэлы. Валодалі Гальшанскія, Гаштольды, Астрожскія, Радзівілы. З 1793 у Рас. імперыі. У 1847 у вёсцы 148 ж., 24 двары, уваходзіла ў маёнтак Дварэц Бабруйскага пав. У 1897 — 337 ж., 52 двары, крама, царква. У 1917 — 466 ж., 99 двароў. З 1924 цэнтр сельсавета Глускага р-на. У Вял. Айч. вайну Гарадок акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія ў 1942—43 загубілі 89 жыхароў. З 1960 у Завалочыцкім сельсавеце.

Клуб, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік архітэктуры — Казьмадзям’янаўская царква (1814).

т. 5, с. 44

ГАРАДО́К,

вёска ў Маладзечанскім р-не Мінскай вобл., на р. Бярэзіна (бас. Нёмана). Цэнтр сельсавета і калгаса. За 19 км на Пд ад г. Маладзечна, 60 км ад Мінска, 14 км ад чыг. ст. Аляхновічы. 576 ж., 222 двары (1996). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Філіял Дзярж. музея гісторыі л-ры «Гарадок». Помнікі архітэктуры: царква (2-я пал. 19 ст.), вадзяны млын (канец 19 — пач. 20 ст.). Каля вёскі археал. помнікі Гарадок.

т. 5, с. 44

ГАРАДО́К,

радовішча тугаплаўкіх глін на ўскраіне пас. Гарадок Лоеўскага р-на Гомельскай вобл. Пластавы паклад, утвораны стракатымі азёрнымі глінамі алігацэну і міяцэну. Разведаныя запасы каля 33 млн. м³. Карысная тоўшча 6—15 м, ускрыша 2,5—7,8 м. Гліны дысперсныя пластычныя і высокапластычныя, вогнетрывалыя. Прыдатныя на выраб каналізацыйных і дрэнажных труб і цэглы, як фармовачны матэрыял. Сыравінная база Рэчыцкага камбіната будматэрыялаў.

А.П.Шчураў.

т. 5, с. 44

ГАРАДО́К ДАВЫ́ДАЎ,

горад, гл. Давыд-Гарадок.

т. 5, с. 44

ГАРАДО́ЦКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

фізіка-геаграфічны раён на ПнУ Беларускага Паазер’я, у Віцебскай вобл. Мяжуе з Суражскай нізінай на У, Віцебскім узв. на ПдУ, Полацкай нізінай на ПдЗ і З, на Пн адгор’і ўзвышша зліваюцца з Невельскім узв. у Пскоўскай вобл. Расійскай Федэрацыі. Выцягнута з Пн на Пд да 70 км, з З на У да 45 км. Пл. каля 3 тыс. км². Выш. ад 135 м (урэз р. Зах. Дзвіна каля в. Курына Віцебскага р-на) да 263 м (каля в. Загараны Гарадоцкага р-на).

У геаструктурных адносінах Гарадоцкае ўзвышша прымеркавана да паўн.-зах. ч. Аршанскай упадзіны, дзе да канца дэвону завяршылася структурная перабудова і ўтварылася плато, расчлянёная паверхня якога служыць цокалем Гарадоцкага ўзвышша. Магутнасць адкладаў антрапагенавай сістэмы 40—170 м, асноўная частка іх складзена з 5—6 комплексаў ледавіковых (марэнных, патокава-ледавіковых і азёрна-ледавіковых) утварэнняў. Карысныя выкапні: даламіт (блізка ад паверхні на Рубаўскім выступе парод дэвону і ў адорвенях), пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі і легкаплаўкія гліны, прэсныя і мінер. падземныя воды.

Сучасны рэльеф аформіўся ў час адступання ледавіка паазерскага зледзянення. На Пн знаходзіцца ўласна Гарадоцкае ўзвышша, якое ўзнікла як астраўны лёдападзельны масіў. У рэльефе яго выражана сістэма канцова-марэнных град. На Пн вылучаецца больш высокі ўнутр. клінападобны пояс канцовых марэнных град (даўж. 20—22 км), складзеных пераважна з валунных суглінкаў. Знешні дугападобны пояс канцова-марэннага рэльефу складаюць грады, валы і ўзгоркі. У паўн. ч. знешняга пояса буйна- і сярэднеўзгорысты рэльеф. На Пд ад канцова-марэннага масіву пераважае камава-ўзгорысты рэльеф, які ўзнік у паласе «мёртвага лёду», што заставаўся некаторы час пасля адступання краю ледавіка на Пн. Трапляюцца ўчасткі спадзіста-хвалістага рэльефу асн. марэны, далінныя зандры, озы. Рачная сістэма належыць да бас. Зах. Дзвіны і Ловаці. На зах. схілах прытокі Обалі — Усыса, Чарняўка, Чарнуйка, на ўсх. — Ловаць, Аўсянка (прыток Усвячы), на Пд пачынаецца р. Лужасянка. Найб. азёры: Езярышча, Лосвіда, Кашо, Вымна, Заронава. Сярэдняя т-ра студз. -7,9 °C, ліп. 17,6 °C, ападкаў 625 мм за год. Глебы дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя і поймавыя. Пад ворывам каля 25%, пад лесам да 30% тэрыторыі. Пашыраны хваёвыя, шыракаліста-яловыя, другасныя бярозавыя, асінавыя і шэраальховыя лясы, вярховыя і пераходныя балоты, у катлавінах азёр — лугі. Раён вылучаецца маляўнічасцю ландшафтаў. У межах Гарадоцкага ўзвышша заказнікі: гідралагічныя Карыценскі Мох, Цёста; біял. Езярышчанскі, Паташэнскі, Сурміно і інш.

А.Ф.Санько.

т. 5, с. 44