ГАРАВЫ́Я,
гарадзішча днепра-дзвінскай культуры і курганны могільнік полацкіх крывічоў каля в. Гаравыя Полацкага р-на Віцебскай вобл. На гарадзішчы выяўлены рэшткі доўгіх жытлаў слупавой канструкцыі, каменнае агнішча; сярод знаходак ляпны гліняны посуд, жал. прылады працы, косці жывёл. На могільніку было 38 круглых і падоўжаных у плане насыпаў; пахавальны абрад — трупаспаленне; пахавальны інвентар (шкляныя пацеркі, бронз. ўпрыгожанні, ляпныя гаршкі) выяўлены толькі ў 3 курганах.
т. 5, с. 38
ГАРАГЛЯ́Д Леанід Іванавіч
(13.4.1916, г. Ашгабат, Туркменістан — 14.7.1986),
Герой Сав. Саюза (1948), ген.-маёр авіяцыі (1953). Беларус. Скончыў акадэміі Ваенна-паветр. (1941), Генштаба (1950). У Чырв. Арміі з 1934. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з кастр. 1941 на Паўд.-Зах., 2-м і 1-м Укр. франтах: нач. штаба авіядывізіі, камандзір знішчальнага авіяпалка, дывізіі. Зрабіў 146 баявых вылетаў, удзельнічаў у 53 паветр. баях, асабіста збіў 15 самалётаў праціўніка. Да 1976 у Сав. Арміі.
т. 5, с. 38
ГАРАГЛЯ́Д Харытон Сцяпанавіч
(11.10.1898, в. Стахава Столінскага р-на Брэсцкай вобл. — 23.5.1985),
бел. вучоны ў галіне агульнай і сан. ветэрынарыі. Акад. АН Беларусі (1950), Акадэміі с.-г. навук БССР (1957—61), д-р вет. н., праф. (1939). Засл. дз. нав. Беларусі (1949). Скончыў Кіеўскі вет.-зоатэхн. ін-т (1925). У 1933—60 заг. кафедры Віцебскага вет. ін-та (у 1941—44 у Троіцкім вет. ін-це, Чэлябінская вобл.), адначасова ў 1950—54 дырэктар Бел. НДІ жывёлагадоўлі АН Беларусі, з 1956 заг. аддзела, нам. дырэктара, з 1971 навук. кансультант Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі імя С.М.Вышалескага. Навук. працы па вет.-сан. экспертызе, мікрабіялогіі, эпізааталогіі, паталаг. анатоміі, вет. санітарыі і гігіене, хваробах і санітарнай ацэнцы рыб. Распрацаваў метад гетэрагеннага донарства ў жывёлагадоўлі і апарат для абеззаражвання мяса пры прамысл. перапрацоўцы. Прапанаваў метады вызначэння прыроды жоўцевых пігментаў у мясе, альдэгідаў у тлушчах. Залаты медаль імя М.І.Вавілава.
Тв.:
Болезни и вредители рыб. Мн., 1955;
Трихинеллез сельскохозяйственных животных и его профилактика. Мн., 1959;
Болезни диких животных. Мн., 1971;
Ветеринарно-санитарная экспертиза с основами технологии переработки продуктов животноводства. 2 изд. М., 1981 (у сааўт.).
т. 5, с. 38
ГАРАДАВІКО́Ў Басан Бадзьмінавіч
(15.11.1910, хутар Мокрая Яльмута Пралетарскага р-на Растоўскай вобл., Расія — 17.8.1983),
удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945), ген.-лейт. (1959). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1938), камандна-штурманскага саставу ВПС (1941), Генштаба (1955). З ліп. 1941 на Зах., Крымскім, 2-м Прыбалт., 3-м Бел., 1-м Далёкаўсх. франтах. Стралк. дывізія пад яго камандаваннем вызначылася ў баях за вызваленне Віцебска, Вільні, Каўнаса, у час прарыву абароны праціўніка ва Усх. Прусіі. Да 1961 у Сав. Арміі.
т. 5, с. 38
ГАРАДАВЫ́,
ніжэйшы чын гар. паліцэйскай варты ў Рас. імперыі ў 1862—1917. Служыў па вольным найме.
т. 5, с. 38
ГАРАДАВЫ́ МАГІСТРА́Т,
саслоўны выбарны орган гар. ўпраўлення і суда ў Расіі ў 1721—28 і 1743—1864. Уведзены Пятром I. Падначальваўся Гал. магістрату. У гарадавы магістрат ўваходзілі бургамістры і ратманы (саветнікі), якіх выбіралі на пасадскіх сходах і зацвярджаў Гал. магістрат. Пасля губ. рэформы 1775 гарадавы магістрат выконваў суд. функцыі.
т. 5, с. 38
ГАРАДАВЫ́ ПРЫКА́ЗЧЫК,
выбраны з павятовых служылых людзей правіцель горада (павета) у Расіі ў 16—17 ст. Выконваў функцыі гараднічага. Падпарадкоўваўся намесніку. Наглядаў за справамі служылых дваран, буд-вам і рамонтам гар. крапасных збудаванняў, боепрыпасамі, зборам падаткаў і выкананнем павіннасцей. У ваен. час выконваў функцыі гар. ваен. каменданта. Пасля ўвядзення ў гарадах пасады ваяводы гарадавыя прыказчыкі сталі іх памочнікамі, прызначаліся ваяводамі з мясц. дваран.
т. 5, с. 38
ГАРАДЗЕ́ЙСКІ ЦУКРО́ВЫ КАМБІНА́Т.
Створаны ў г.п. Гарадзея Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. ў 1959 як цукр. з-д. З 1976 камбінат. У 1975—85 у складзе камбіната дзейнічаў з-д каліброўкі насення цукр. буракоў, у 1976—85 — саўгас «Буракаводчы». Мае цэхі па перапрацоўцы цукр. буракоў і жамерынасушыльны. Працуе на мясц. сыравіне (цукр. буракі), часткова на прывазной (цукар-сырэц з Кубы і Бразіліі). Асн. прадукцыя (1996): цукар-пясок, жамерыны, патака.
т. 5, с. 38
ГАРАДЗЕ́ЛЬСКАЯ У́НІЯ 1413,
саюз ВКЛ з Польшчай, юрыдычна замацаваны ў 3 граматах (прывілеях) 2.10.1413 у замку Гарадле на р. Зах. Буг. 1-я грамата выдадзена ад імя 47 польск. феадалаў, якія надзялялі 47 феадалаў-католікаў ВКЛ сваімі гербамі і тым самым прымалі іх у сваё гербавае брацтва. У 2-й грамаце феадалы-католікі ВКЛ прымалі гербы польск. феадалаў і абяцалі быць з імі ў вечнай дружбе і саюзе. У выпадку смерці вял. князя Вітаўта яны абяцалі не выбіраць сабе князя без парады і згоды польск. феадалаў. Тыя, у сваю чаргу, у выпадку смерці караля Уладзіслава II (Ягайлы) таксама не павінны былі выбіраць новага караля без парады і згоды Вітаўта і феадалаў ВКЛ. У 3-й грамаце (т.зв. Гарадзельскі прывілей 1413) Ягайла і Вітаўт абяцалі назначаць на дзярж. пасады феадалаў-католікаў, якія прынялі польск. гербы, і дазволіць ім свабодна распараджацца маёмасцю ў маёнтках, даць ільготы каталіцкай царкве. У грамаце абвяшчалася аб’яднанне ВКЛ з Польшчай, аднак гарантавалася захаванне адасобленасці і нязменнасці ўлады вял. князя, тым самым захоўвалася самастойнасць ВКЛ. Гарадзельская унія ўмацоўвала сілы ВКЛ і Польшчы ў барацьбе з замежнай агрэсіяй, а таксама мела на мэце задобрыць рымскую курыю, якая была занепакоена паражэннем Тэўтонскага ордэна ў Грунвальдскай бітве 1410.
І.А.Юхо.
т. 5, с. 38
ГАРАДЗЕ́ЛЬСКІ ПРЫВІЛЕ́Й 1413,
заканадаўчы акт, які юрыдычна замацоўваў Гарадзельскую унію 1413, выдадзены ад імя караля Польшчы Ягайлы і вял. кн. ВКЛ Вітаўта. Меў на мэце ўмацаванне і пашырэнне каталіцызму ў ВКЛ. Касцёл і каталіцкі клір набывалі правы і свабоды, як і ў Польскім каралеўстве. Паны і шляхта ВКЛ, якія прымалі каталіцкую веру і атрымлівалі гербы, маглі карыстацца прывілеямі, як і польск. паны і шляхта, набывалі права на свабоднае распараджэнне сваёй маёмасцю і атрыманне спадчыны. Прадугледжвалася ўвядзенне пасад ваяводы і кашталяна ў Вільні, Троках і інш. месцах. Кіруючыя дзярж. пасады маглі займаць выключна феадалы-католікі. Гарадзельскі прывілей замацаваў парадак: пасля смерці Вітаўта паны і шляхта ВКЛ не мелі права выбіраць вял. князя без згоды Ягайлы і польск. феадалаў, а тыя пасля смерці Ягайлы — выбіраць караля без згоды Вітаўта, паноў і шляхты ВКЛ.
Літ.:
Белоруссия в эпоху феодализма: Сб. док. и материалов. Мн., 1959. Т. 1. С. 115—118;
Юхо І. Крыніцы беларуска-літоўскага права Мн., 1991. С. 32—35.
І.А.Юхо.
т. 5, с. 39