Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БА́НАС,

ахар, археалагічная культура эпохі энеаліту (каля 1900—1300 да нашай эры) на тэр. штата Раджастхан (Індыя). Назва ад р. Банас, у басейне якой даследавана паселішча Ахар (адсюль другая назва культуры). Насельніцтва займалася земляробствам (вырошчвала рыс, пшаніцу), асн. буд. матэрыялам былі камень і гліна. Характэрна чорна-чырвоная кераміка, упрыгожаная малюнкамі белай фарбы. Пашыраны медныя і бронзавыя вырабы.

т. 2, с. 272

БАНА́Т

(Banat),

гістарычная вобласць у Паўд.-Усх. Еўропе, паміж Трансільванскімі Альпамі на У, рэкамі Ціса на З, Мурэш на Пн, Дунай на Пд. На пач. нашай эры тэр. Баната ўваходзіла ў склад рым. правінцыі Дакія. З 1028 пад уладай Венг. каралеўства. Да 16 ст. заваяваны Асманскай імперыяй. Паводле Пажаравацкіх мірных дагавораў 1718 Банат перайшоў да Аўстрыі (пазней Аўстра-Венгрыі). Паводле Трыянонскага мірнага дагавора 1920 2/3 яго тэрыторыі адышлі да Румыніі, амаль ⅓ — да Югаславіі, землі вакол г. Сегед — да Венгрыі.

т. 2, с. 273

БА́НАЎ Іван Мікалаевіч

(29.8.1916, г.п. Тацынскі Растоўскай вобл., Расія — 9.2.1982),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. Арміі з 1935. Скончыў Арджанікідзеўскае ваен. пяхотнае вучылішча (1938), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1949). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Са жн. 1942 у тыле ворага, арганізоўваў дыверсійна-разведвальную работу ў Брэсцкай вобл., падрыхтаваў 3 групы разведчыкаў. Да 1977 у Сав. Арміі, ген.-маёр.

т. 2, с. 273

БА́НАХ

(Banach) Стафан (30.3.1892, Кракаў — 31.8.1945),

польскі і ўкр. матэматык; адзін са стваральнікаў львоўскай матэм. школы. Чл.-кар. АН у Кракаве (1924). Скончыў Львоўскі політэхн. ін-т (1914). З 1924 праф. Львоўскага ун-та. Адзін са стваральнікаў сучаснага функцыянальнага аналізу. Яго імем названы лінейныя прасторы, у якіх найбольш плённа вывучаюцца лінейныя функцыяналы і аператары.

Тв.:

Рус. пер. — Дифференциальное и интегральное исчисление. 3 изд. М., 1972.

т. 2, с. 273

БАНА́ЧЫЧ Антон Пятровіч

(31.12.1880, г. Марыупаль, Украіна — 22.3.1933),

рускі і бел. спявак (барытон, пазней драм. тэнар), педагог. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю па класах вакалу і кампазіцыі (1901). У 1905—21 адзін з вядучых салістаў Вял. т-ра, дзе выканаў шэраг вядучых партый, у тым ліку Грышкі Куцярмы («Паданне пра нябачны горад Кіцеж...» М.Рымскага-Корсакава), Галіцына («Хаваншчына» М.Мусаргскага). З 1928 у Мінску: арганізатар і кіраўнік спец. вышэйшага опернага класа ў Бел. муз. тэхнікуме, вак. кансультант Бел. студыі оперы і балета (1930—33), заг. вак. кафедры Бел. кансерваторыі (з 1932). Сярод вучняў Л.Александроўская, І.Балоцін, М.Дзянісаў, С.Друкер.

т. 2, с. 273

БАНА́ЮС Ян, бел. дойлід 1-й пал. 17 ст. Жыў у в. Дойліды (Іўеўскі р-н Гродзенскай вобл.). Удзельнічаў у буд-ве Іўеўскай сядзібы і інш. збудаванняў на Іўеўшчыне.

т. 2, с. 273

БАНБУ́,

гл. Бэнбу.

т. 2, с. 273

БАНГАЛО́Р,

Бенгалуру, Бангалур, горад на Пд Індыі. Адм. ц. штата Карнатака. Вядомы з 16 ст. 2,7 млн. ж., з прыгарадамі 4,2 млн. ж. (1991). Трансп. вузел. Аэрапорт. Важны прамысл., навук. і культ. цэнтр паўд. ч. Індыі. Авія-, вагона-, станкабудаванне, эл.-тэхн. і радыёэлектронная прам-сць. Дакладнае машынабудаванне (у тым ліку выраб гадзіннікаў). Развіты традыц. галіны прам-сці — гарбарна-абутковая, тэкст. і харчовая. Цэнтр касм. даследаванняў. Саматужныя промыслы. Акадэмія навук. Ун-т. Батанічны сад.

т. 2, с. 273

БАНГВЕУ́ЛУ

(Bangweulu),

возера ў Цэнтр. Афрыцы, у Замбіі, у бас. р. Конга (Заір), на выш. 1067 м. Пл. ад 4 тыс. км² (у сухі сезон) да 15 тыс. км² (у час летніх дажджоў). Глыб. да 5 м. Берагі нізкія, забалочаныя. Упадае (у час дажджоў) р. Чамбешы, выцякае р. Луапула. Амаль усё возера зарасло чаротам і асакою. Больш за 50 відаў рыб; водзяцца бегемоты. Адкрыта ў 1868 англ. даследчыкам Д.Лівінгстанам. На ўсх. берагах нац. парк Ісангана.

т. 2, с. 273

БАНГІ́

(Bangui),

горад, сталіца Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі (ЦАР). Вылучаны ў асобную адм. адзінку, прыраўнаваную да прэфектуры. Засн. ў 1889. 597 тыс. ж. (1988). Порт на р. Убангі (прыток Конга). Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Эканам. і культ. цэнтр краіны. Праз порт Бангі праходзіць увесь знешні гандаль ЦАР і часткова дзяржавы Чад. Тэкст. камбінат; харчасмакавая прам-сць. Шліфоўка алмазаў. Зборка радыёпрыёмнікаў. Абутковая і швейная ф-кі. Ун-т.

т. 2, с. 273