Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАЛЬШАКО́ВА Зоя Францаўна

(25.12.1912, Вільня — 16.1.1996),

бел. спартсменка і трэнер па веласіпедным і канькабежным спорце. Засл. майстар спорту СССР (1952), засл. трэнер Беларусі (1965), засл. дз. фіз. культуры Беларусі (1973). Скончыла Бел. ін-т фіз. культуры (1955). Чэмпіёнка СССР па веласпорце ў каманднай гонцы на трэку (1947—48) і ў шашэйнай каманднай гонцы (1950). З 1951 ст. трэнер па канькабежным спорце (адначасова ст. трэнер зборнай каманды Беларусі). Сярод выхаванцаў Э.Матусевіч.

т. 2, с. 269

БАЛЬШАКО́Ў Барыс Аляксеевіч

(26.9.1910, г. Архангельск, Расія — 27.9.1950),

бел. спартсмен (канькабежны і веласіпедны спорт). Засл. майстар спорту СССР (1947). У 1945—50 трэнер Мінскага абл. савета спарт. т-ва «Дынама». З 1933 неаднаразовы чэмпіён Беларусі, чэмпіён СССР па канькабежным спорце на дыстанцыях 500 м (1941, 1947), 1500 м (1948), па веласіпедным спорце ў групавой шашэйнай гонцы на 150 км (1947), у спрынтарскім мнагабор’і на трэку (1949). Пераможца і прызёр міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтваў. З 1950 на Беларусі праводзіцца велагонка на прыз яго імя.

т. 2, с. 269

БАЛЬШАКО́Ў Канстанцін Арыстархавіч

(26.5.1895, Масква — 21.4.1938),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1913—16). Прымыкаў да футурыстаў (гл. Футурызм). Першая кн. «Мазаіка. Вершы і проза» (1911). У 1913 выдаў паэму «Le futur» і зб. вершаў «Сэрца ў пальчатцы», у 1916 — антываенную «Паэму падзей» і кнігі «Сонца пры канцы палёту», «Каралева Мод». Аўтар раманаў «Уцёк палонных, ці Гісторыя пакутаў і гібелі паручніка Цянгінскага палка Міхаіла Лермантава» (1929), «Маршал сто пятага дня» (кн. 1, 1936) і інш., зб-каў апавяданняў «Шлях пракажоных», «Лёс выпадковасцяў» (абодва 1927). У 1936 арыштаваны. Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.

Тв.:

Собр. соч. Т. 2—4. М., 1928;

Повести и рассказы. М., 1961.

т. 2, с. 269

БАЛЮСТРА́ДА

(франц. balustrade),

невысокая агароджа ўсходаў, тэрас, балконаў, галерэй, парапетаў і інш., якая складаецца з шэрагу фігурных слупкоў — балясаў, злучаных зверху гарыз. бэлькай або поручнямі. Бывае скразная і «сляпая» (злучаная са сценкай). Найб. пашырана ў збудаваннях стыляў рэнесансу, барока, класіцызму.

т. 2, с. 269

БАЛЯ́КІН Аляксандр Міхайлавіч

(н. 8.4.1961, г. Архангельск, Расія),

бел. спартсмен (міжнар. шашкі). Міжнар. гросмайстар (1982). Скончыў Архангельскі лесатэхнічны ін-т. З 1987 у Мінску. Уладальнік Кубка свету (1985), пераможца 1-й Сусв. шашачнай алімпіяды (1986), чэмпіён свету (1989) — у камандным заліку; сярэбраны (1986) і бронзавы (1992, 1994) прызёр чэмпіянатаў свету ў асабістым першынстве. Неаднаразовы пераможца і прызёр буйных міжнар. турніраў.

т. 2, с. 269

БАЛЯНО́К Сяргей Уладзіміравіч

(н. 31.5.1954, пас. Баярка Кіеўскай вобл.),

бел. графік. Скончыў Львоўскі паліграф. ін-т імя І.Фёдарава (1980). У 1980—89 маст. рэдактар выд-ва «Універсітэцкае». Аформіў кнігі: «Прадаецца планета» (зборнік фантастыкі), «Люлька для кошкі» К.Вонегута, «Выбранае» М.Булгакава і інш. Аўтар твораў: «Птушка, якая п’е ваду з лужыны», «Кавалачак памяці» (абодва 1985), «Выпадковае танга» (1988) і інш., у якіх паэтычная летуценнасць мастака, яго ўяўленне пра шчасце, гармонію чалавека і прыроды, налёт лёгкага смутку.

М.М.Паграноўскі.

т. 2, с. 269

БАЛЯСЛА́ЎСКІ Ісак Яфрэмавіч

(9.6.1919, г. Залатаноша Чаркаскай вобл., Украіна — 14.2.1977),

бел. шахматыст. Міжнар. гросмайстар (1948), засл. майстар спорту СССР (1948), засл. трэнер СССР (1964). Скончыў Уральскі ун-т (1949). Чэмпіён свету (1952) і Еўропы (1957, 1965) у камандным першынстве. Неаднаразовы чэмпіён Украіны і Беларусі. Удзельнік міжнар. матчаў зборнай Беларусі з шахматыстамі Польшчы, Венгрыі, ГДР. З 1954 трэнер зборнай СССР па шахматах, з 1967 — Рэсп. школы вышэйшага спарт. майстэрства (г. Мінск). Знаўца і даследчык шахматных дэбютаў.

т. 2, с. 270

БАЛЯСЛА́Ў I Храбры

(Boleslaw I Chrobry; 966 ці 967 — 17.6.1025),

польскі князь у 992—1025 і кароль у 1025. З дынастыі Пястаў. Сын Мешкі І. Да канца 10 ст. завяршыў пачатае бацькам аб’яднанне польскіх зямель (сталіца — г. Гнезна). У 1000 са згоды герм. імператара Атона III заснаваў самаст. Гнезненскае арцыбіскупства. У 1002—04 уладарыў таксама ў Чэхіі. У выніку трох войнаў (1002—18) супраць «Свяшчэннай Рымскай імперыі» набыў у якасці леннага ўладання Лаўзіц (Лужыцу). У 1018 ажыццявіў паход на Кіеў, заняў чэрвеньскія гарады (Чэрвень, Луцк, Суцейск, Броды і інш.). Каранаваўся ў Гнезне вясной 1025.

т. 2, с. 269

БАЛЯСЛА́Ў III Крывавусты

(Boleslaw III; 20.8.1085—28.10.1138),

польскі князь [1102—38]. З дынастыі Пястаў. Сын князя Уладзіслава Германа. Да 1113 у барацьбе за адзінаўладдзе ў краіне перамог старэйшага незаконнанароджанага брата Збігнева (у тым ліку ў 1109 адбіў напад яго саюзніка герм. караля Генрыха V) і аб’яднаў польскія землі. Пасля працяглых войнаў 1102—22 супраць «Свяшчэннай Рымскай імперыі» далучыў да Польшчы Усх. (1116) і на ўмовах леннай залежнасці Зах. (1123) Памор’е, нанова правёў там хрысціянізацыю. У 1138 падзяліў краіну паміж сынамі на ўдзелы (Сілезія, Вял. Польшча, Малая Польшча, Мазовія).

т. 2, с. 269

БАЛЯ́СЫ,

балясіны, невысокія фігурныя слупкі, якія падтрымліваюць поручні агароджы балкона, усходаў, парапета і інш., элемент балюстрады. Вырабляюць з дрэва, бетону, металу. Бываюць плоскія, круглыя ці гранёныя ў сячэнні. Складаюцца з базы, ствала грушападобнай, прызматычнай, вазона- або келіхападобнай формы, нярэдка завяршаюцца плінтам.

т. 2, с. 270