Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СЕНТ-ЛЮСІ́Я (Saint Lucia),

дзяржава ў Вест-Індыі на аднайм. востраве ў групе Наветраных а-воў (архіпелаг М. Антыльскія а-вы). Пл. 620 км². Нас. 156,3 тыс. чал. (2000). Афіц. мова — англійская, шырока распаўсюджаны мясц. крэольскі дыялект франц. мовы (патуа). Сталіца, найб. горад і порт — Кастры. Адм. падзел — 11 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (22 лют.).

Дзяржаўны лад. С.-Л. — канстытуцыйная манархія. Чл. Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1979. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога прадстаўляе ген.-губернатар. Орган заканад. улады — двухпалатны парламент, які складаецца з сената (11 чл., прызначаюцца ген.-губернатарам) і палаты сходу (17 чал., выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам (кіраўнік большасці ў палаце сходу).

Прырода. Востраў С.-Л. вулканічнага паходжання. Рэльеф горны, выш. да 959 м (г. Жымі). Клімат трапічны, пасатны. Сярэднемесячныя т-ры 18—26 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 1500—1700 мм на ўзбярэжжы да 2500—3500 мм на ўсх. схілах гор. Ёсць гарачыя крыніцы. У гарах захаваліся вільготна-трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў. Жывёльны свет прадстаўлены ў асн. птушкамі. Мора багатае рыбай, ракападобнымі і малюскамі. Ёсць некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. 96% складаюць сентлюсійцы, нашчадкі рабоў, прывезеных з Афрыкі, у антрапал. адносінах негры (больш за 90%) і мулаты. У гарадах невял. колькасць выхадцаў з Індыі і англічан. Вернікі пераважна католікі (90%), ёсць пратэстанты (7%) і англікане (3%). Сярэднегадавы прырост каля 1%. Сярэдняя шчыльн. каля 250 чал. на 1 км², на ўзбярэжжы каля 500 чал. на 1 км². Гарадскога насельніцтва больш за 50%. Найб. гарады: Кастры (з прыгарадамі больш за 50 тыс. ж., 2000), В’е-Фор, Міку, Суфрыер. У сельскай гаспадарцы занята 43% працаздольных, у прам-сці і гандлі — 18%, у абслуговых галінах — 39%. Значная эміграцыя, пераважна ў Вялікабрытанію.

Гісторыя. Стараж. насельнікі С.-Л. — індзейцы аравакі і карыбы, б.ч. якіх знішчана еўрапейцамі. Адкрыта Х.​Калумбам у 1502. У 1605 тут засн. англ. пасяленне. У 17—18 ст. за валоданне С.-Л. ішла барацьба паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй; канчаткова замацавана за апошняй паводле Парыжскага мірнага дагавора 1814. У 1958—62 чл. Вест-Індскай федэрацыі. З 1967 «асацыіраваная з Вялікабрытаніяй дзяржава». 22.2.1979 абвешчана незалежнасць С.-Л. ў складзе Садружнасці. У С.-Л. дзейнічаюць паліт. партыі: Аб’яднаная рабочая партыя С.-Л., Лейбарысцкая партыя, Прагрэсіўная лейбарысцкая партыя. С.-Л. — чл. ААН (з 1979).

Гаспадарка. С.-Л. — аграрная краіна сярэдняга ўзроўню развіцця, важнае значэнне для эканомікі мае замежны турызм. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае 4100 дол. за год. 32% яго ствараецца ў прам-сці, 11% — у сельскай гаспадарцы, 57% — у абслуговых галінах, пераважна ў турысцкай справе. С.-Л. — краіна развітога міжнар. турызму (штогод наведваюць 300—350 тыс. замежных турыстаў, даход ад турызму ў 1998—291 млн. дол.). У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 22 тыс. га зямлі, у т. л. каля 19 тыс. га пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі, 3 тыс. га пад пашай. Пераважаюць дробныя сялянскія гаспадаркі, ёсць плантацыі экспартных культур. Каля палавіны с.-г. зямель пад пасадкамі бананаў (штогадовы збор каля 100 тыс. т). Вырошчваюць таксама манга, какосавыя арэхі, цытрусавыя, какаву, батат, маніёк, цукр. трыснёг, рыс, вінаград. Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы каля 15, свіней каля 10, авечак і коз каля 15. Птушкагадоўля (260 тыс. курэй у 1997). Марское рыбалоўства. Гал. прамысл. прадпрыемствы — нафтавы тэрмінал для перагрузкі супертанкераў (прывозяць нафту для ЗША з Б.​Усходу) і нафтаперапр. з-д (б. ч. прадукцыі экспартуецца). Працуюць невял. прадпрыемствы па зборцы электронных кампанентаў, вытв-сці паперы і кардону, тытунёвых вырабаў, тканін, адзення, цацак. Апрацоўчая прам-сць базіруецца на перапрацоўцы мясц. с.-г. сыравіны (вытв-сць копры, какосавага алею, мыла, рому, безалкагольных напіткаў). Лесанарыхтоўкі і дрэваапр. прам-сць. Вытв-сць электраэнергіі — 110 млн. кВтгадз. (1998). Развіты саматужныя промыслы (ганчарныя вырабы, сувеніры і інш.). Транспарт аўтамаб. і марскі. На востраве 1,2 тыс. км аўтадарог, у т. л. каля 100 км з цвёрдым пакрыццём, 10 тыс. легкавых аўтамабіляў, 9,1 тыс. грузавых і аўтобусаў; 2 міжнар. аэрапорты. Марскія парты Кастры і В’е-Фор. У 1997 экспарт склаў 70,1 млн. дол., імпарт — 292,4 млн. дол. У экспарце пераважаюць бананы (41% па кошце), нафтапрадукты, адзенне, какава, агародніна, фрукты, какосавы алей і копра, у імпарце — харч. і прамысл. тавары, паліва. Гал. гандл. партнёры: ЗША (24% экспарту, 36% імпарту), Вялікабрытанія (50% экспарту, 11% імпарту), карыбскія краіны (16% экспарту і 22% імпарту), Японія, Канада. Краіна атрымлівае эканам. дапамогу ад Вялікабрытаніі. Грашовая адзінка — усх.-карыбскі долар.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Сент-Люсіі.

т. 14, с. 335

СЕНТ-ПІ́ТЭРСБЕРГ (Saint Petersburg),

горад на ПдУ ЗША, у штаце Фларыда. Засн. ў 1888. 236 тыс. ж., з г. Тампа і агульнымі прыгарадамі каля 2 млн. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог, марскі порт. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: радыёэлектронная, у т. л. вытв-сць навігацыйных прылад і інш. абсталявання, пераважна для ваен. мэт; паліграф., харчовая. Ун-т. Кліматычны курорт. Турызм.

т. 14, с. 336

СЕНТ-ПОЛ (Saint Paul),

горад на Пн ЗША. Адм. ц. штата Мінесота. Засн. ў 1841. 257,3 тыс. ж., з г. Мінеапаліс і агульнымі прыгарадамі каля 2,6 млн. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на р. Місісіпі (пачатак суднаходства). Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: паліграф., харч. (мясная, мукамольная і інш.), хім., радыёэлектронная, эл.-тэхн., аўтазборчая, металаапр., чорная металургія, ваенная. Ун-т.

т. 14, с. 336

СЕНТ-ХЕ́ЛЕНС (Saint Helens),

горад на З Вялікабрытаніі, паміж гарадамі Манчэстэр і Ліверпул. Каля 200 тыс. ж. (2001). Прам-сць: шкляная (гал. цэнтр у краіне), маш-буд., каляровая металургія, хімічная. Здабыча каменнага вугалю.

т. 14, с. 336

СЕНТ-ЧАРЛЬЗ (Saint Charles),

мыс на п-ве Лабрадор (Канада), крайні ўсх. пункт мацерыка Паўн. Амерыка (52°24 паўн. ш. і 55°40 зах. д.).

т. 14, с. 336

СЕНТ-ЭКЗЮПЕРЫ́ ((Saint-Exupéry) Антуан дэ) (29.6.1900, г. Ліён, Францыя — 31.7.1944),

французскі пісьменнік. У 1919—21 вучыўся ў Парыжскай АМ. З 1926 грамадз. лётчык, з 1933 лётчык-выпрабавальнік, у 2-ю сусв. вайну — ваен. лётчык. Загінуў, выконваючы разведвальны палёт. Друкаваўся з 1926. У раманах «Паўднёвы паштовы» (1929), «Начны палёт» (1931), «Планета людзей» (1939, прэмія Франц. акадэміі), аповесцях «Ваенны лётчык» (1942), «Ліст да заложніка» (1943) услаўляў мужнасць подзвігу, вернасць абавязку, патрыятызм. Яго творы — своеасаблівы сплаў рэпартажу з паэт. і філас. асэнсаваннем перажытага. Сусв. вядомасць набыла філас.-лірычная казка «Маленькі прынц» (1943, неаднаразова экранізавана), у якой паэтычнасць, лірызм, сатыра спалучаюцца з глыбокім роздумам аб прыгажосці чалавечых адносін. На бел. мову асобныя творы С.-Э. пераклалі Э.​Агняцвет, М.​Валошка, Н.​Мацяш.

Тв.:

Бел. пер. — Планета людзей. Маленькі прынц // Олдрыдж Дж. Паляўнічы;

Хемінгуэй Э. Стары чалавек і мора;

Сент-Экзюперы А. Планета людзей. Маленькі прынц. Мн., 1996;

Рус. пер. — Избранное. М., 1987.

Літ.:

Мижо М. Сент-Экзюпери: Пер. с фр. 2 изд. М., 1965;

Буковская А Сент-Экзюпери, или Парадоксы гуманизма: Пер. с пол. М., 1983;

Антуан де Сент-Экзюпери: Биобиблиогр. указ. М., 1966.

А. дэ Сент-Экзюперы.

т. 14, с. 337

СЕНТ-ЭЦЬЕ́Н (Saint-Étienne),

горад у цэнтр. ч. Францыі. Адм. ц. дэпартамента Луара. Каля 250 тыс. ж., разам з суседнімі гарадамі і пасёлкамі каля 350 тыс. ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: чорная металургія (выплаўка высакаякаснай сталі), ваен., маш.-буд., трыкатажная. Здабыча каменнага вугалю. Ун-т. Музей мастацтва і прам-сці. Касцёл Сент-Эцьен (14—15 ст.).

т. 14, с. 337

СЕНУСІ́ТЫ,

члены мусульманскага рэліг.-паліт. брацтва (тарыката) сенусія, заснаванага ў 1837 у г. Мекка Мухамедам ібн Алі ас-Сенусі. С. заклікалі да аднаўлення «чысціні» першапачатковага ісламу і свяшчэннай вайны (джыхаду) супраць іншаверцаў; асаблівае месца ў абраднасці С. займае ўслаўленне прарока Мухамеда. У 1843 ас-Сенусі перанёс сваю дзейнасць у Кірэнаіку (Лівія), якая стала гал. апорай руху С. Кіраўнікі брацтва — нашчадкі ас-Сенусі сталі фактычнымі правіцелямі Кірэнаікі; Мухамед аш-Шарыф узначаліў у 1911—31 барацьбу супраць італьян. акупацыі, Мухамед Ідрыс быў каралём незалежнай Лівіі [1951—69]. Пасля антыманархічнай рэвалюцыі 1969, нягледзячы на захады ўрада М.​Кадафі, працягваюць адыгрываць важную ролю ў жыцці Усх. Лівіі, дзе складаюць каля трэці насельніцтва.

т. 14, с. 337

СЕ́НЦЫ,

зрубная (радзей дашчаная) прыбудова да хаты з боку ўваходу або памяшканне, якое злучае хату з інш. жылой ці гасп. пабудовай. Уваход у С. часта вылучаецца ганкам або верандай. С. больш надзейна захоўваюць цяпло ў жылых памяшканнях. Вядомы ў нар. жыллі многіх краін свету. Узніклі ў старажытнасці з развіццём шматкамерных жылых дамоў.

У бел. нар. 2-камерным жыллі С. — зрубная (у выглядзе трысцена), радзей каркасная (з дошак, дыляў, плятня) прыбудова да жылога зруба; у 3-камерным жыллі С. злучалі 2 жылыя памяшканні або жылое памяшканне з клеццю ці істопкай. У сял. жыллі да пач. 20 ст. С. нярэдка не мелі столі і драўлянага памоста, служылі дапаможным памяшканнем, дзе знаходзіліся рознае начынне і прылады працы. Часам С. выкарыстоўвалі як рамесную майстэрню. У С. звычайна адгароджвалася камора, у бедных сялян — закут для жывёлы. У цэнтры і на Пд Беларусі пад С. рабілі скляпы. Летам у С. спалі. У жыллі шляхты з 16 ст. С. нярэдка абаграваліся камінам. У багатых сядзібах С. былі падобныя да прыхожай, у іх стаялі сталы, лавы і інш. мэбля. Ператварэнню С. у параднае памяшканне садзейнічаў іх падзел на 2 часткі: парадныя С., якія былі злучаны з жылымі пакоямі, і гасп., што злучалі жылую і гасп. часткі дома.

Літ.:

Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;

Помнікі этнаграфіі. Мн., 1981.

Ю.​А.​Якімовіч.

т. 14, с. 338

СЕ́НЧАНКА (Іван Яфімавіч) (12.2.1901, с. Натальіна Чырванаградскага р-на Харкаўскай вобл., Украіна — 9.11.1975),

украінскі пісьменнік. Скончыў Харкаўскі ін-т нар. адукацыі (1928). Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў лірыка-псіхал.’быт. апавяданняў «Вясною» (1923), «Апавяданні» (1925), «Дубовыя грады» (1929), «Камуна» (1932), «Навелы» (1940), «Рубін на Саламянцы» (1957), «На Батыевай гары» (1960), «Падарожжа ў Чырванаград» (1973), раманаў «Металісты» (1932), «Напярэдадні» (1938), «Яго пакаленне» (1947). Творы прысвечаны жыццю ўкр. вёскі і гар. ускраіны. Пісаў для дзяцей: зб-кі «Паравы млын» (1926), «Сонца ўзыходзіць» (1929), «Чорныя вароты» (1936), «Мае сябры» (1951), «Дарогі блізкія і далёкія» (1965), «Дыямантавы бераг» (1962, 1969). Аўтар кн. нарысаў «Гіганты пустынь» (1932), «Права на гераізм» (1934). На бел. мову асобныя апавяданні пераклаў М.​Базарэвіч.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Ад круч дняпроўскіх. Мн., 1983.

т. 14, с. 338