СЕНУСІ́ТЫ,

члены мусульманскага рэліг.-паліт. брацтва (тарыката) сенусія, заснаванага ў 1837 у г. Мекка Мухамедам ібн Алі ас-Сенусі. С. заклікалі да аднаўлення «чысціні» першапачатковага ісламу і свяшчэннай вайны (джыхаду) супраць іншаверцаў; асаблівае месца ў абраднасці С. займае ўслаўленне прарока Мухамеда. У 1843 ас-Сенусі перанёс сваю дзейнасць у Кірэнаіку (Лівія), якая стала гал. апорай руху С. Кіраўнікі брацтва — нашчадкі ас-Сенусі сталі фактычнымі правіцелямі Кірэнаікі; Мухамед аш-Шарыф узначаліў у 1911—31 барацьбу супраць італьян. акупацыі, Мухамед Ідрыс быў каралём незалежнай Лівіі [1951—69]. Пасля антыманархічнай рэвалюцыі 1969, нягледзячы на захады ўрада М.​Кадафі, працягваюць адыгрываць важную ролю ў жыцці Усх. Лівіі, дзе складаюць каля трэці насельніцтва.

т. 14, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)