Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САВЕ́ЦКА-АНГЛІ́ЙСКІЯ ДАГАВО́РЫ І ПАГАДНЕ́ННІ.

Гандлёвае пагадненне 1921, падпісана 16 сак. ў Лондане. Мела гандлёвы і паліт. характар. Азначала фактычнае прызнанне Сав. Расіі. Дзяржавы заявілі пра аднаўленне гандл. зносін і пра тое, што будуць ухіляцца ад варожых дзеянняў і прапаганды адна супраць адной. Было першым пагадненнем, якое Сав. Расія заключыла з вял. капіталіст. дзяржавай, прарвала дыпламат. і эканам. блакаду Сав. Расіі. Мела сілу да разрыву сав.-англ. адносін 27.5.1927. Пагадненне 1937 (марское), падпісана 17 ліп. ў Лондане на 5 гадоў. Устанавіла асн. якасныя ліміты (водазмяшчэнне, узбраенне і інш.) для розных катэгорый ваен.-марскіх суднаў, якія адпавядалі лімітам, устаноўленым англа-франка-амер. дагаворам ад 25.3.1936 аб марскіх узбраеннях. У вер. 1939 урад Вялікабрытаніі прыпыніў дзеянне гэтага пагаднення. Пагадненне 1941 пра сумесныя дзеянні ўрадаў СССР і Вялікабрытаніі ў вайне супраць Германіі, падпісана 12 ліп. ў Маскве. Абавязвала сав. і брыт. ўрады памагаць і падтрымліваць адзін аднаго ў вайне супраць фаш. Германіі. Дало пачатак афармленню антыгітлераўскай кааліцыі, у 1942 заменена дагаворам. Дагавор 1942 аб саюзе і вайне супраць гітлераўскай Германіі і яе саўдзельнікаў у Еўропе, аб супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе пасля вайны, падпісаны 26 мая ў Лондане. Ч. 1 дагавора тоесная пагадненню 1941 і заставалася ў сіле да канца вайны. У ч. 2 вызначаны асн. прынцыпы пасляваеннага супрацоўніцтва СССР і Вялікабрытаніі: не ўмешвацца ва ўнутр. справы інш. дзяржаў, аказваць эканам. дапамогу, на заключаць ніякіх саюзаў і не ўдзельнічаць ні ў якіх кааліцыях, накіраваных супраць другога боку. Заключаўся на 20 гадоў. У сувязі з утварэннем блока НАТО і ваенным супрацоўніцтвам Вялікабрытаніі з Зах. Германіяй 7.5.1955 дагавор ануляваны СССР. Пагадненне 1968 аб навук.-тэхн. супрацоўніцтве, падпісана 19 студз. ў Лондане. Паводле яго бакі абавязаліся садзейнічаць развіццю навук.-тэхн. супрацоўніцтва паміж 2 краінамі на аснове раўнапраўя і ўзаемнай выгады. Доўгатэрміновае гандлёвае пагадненне 1969, падпісана 3 чэрв. ў Маскве. Бакі абавязаліся падтрымліваць і садзейнічаць заключэнню на камерцыйнай аснове пагадненняў, у т. л. доўгатэрміновых, з мэтай супрацоўніцтва і развіцця вытв. магутнасцей краін. Пагадненне 1974 пра развіццё эканам., навук.-тэхн. і прамысл. супрацоўніцтва, падпісана 6 мая ў Лондане. Бакі абавязаліся працягваць намаганні па развіцці і ўмацаванні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Пратакол аб кансультацыях 1975, падпісаны 17 лют. ў Маскве. З мэтай умацавання ўзаемнага даверу і ўзаемаразумення, садзейнічання паглыбленню працэсу разрадкі міжнар. напружанасці і надання ёй незваротнага характару бакі дамовіліся расшыраць і паглыбляць паліт. кансультацыі па важных міжнар. праблемах, якія ўяўляюць узаемны інтарэс, а таксама па пытаннях двухбаковых адносін. Пагадненне 1977 аб прадухіленні выпадковага ўзнікнення ядз. вайны, падпісана 10 кастр. ў Маскве. Кожны з бакоў абавязаўся ажыццяўляць і ўдасканальваць існуючыя арганізац. і тэхн. меры з мэтай прадухілення выпадковага або несанкцыяніраванага выкарыстання ядз. зброі, якая знаходзіцца пад яго кантролем.

т. 14, с. 57

САВЕ́ЦКА-АФГА́НСКІЯ ДАГАВО́РЫ І ПАГАДНЕ́ННІ Паводле дагавора 1921 аб дружбе, падпісаным 28 лют. ў Маскве, бакі пацвердзілі незалежнасць адзін аднаго і ўсталяванне дыпламат. адносін; узаемна абавязаліся не ўступаць з трэцяй дзяржавай у ваен. ці паліт. пагадненні, якія б пашкодзілі аднаму з бакоў. Сав. бок даваў Афганістану права свабоднага і бязмытнага транзіту тавараў праз сваю тэр., абавязаўся аказаць апошняму фін. і матэрыяльную дапамогу. Дагавор 1926 аб нейтралітэце і ненападзе, падпісаны 31 жн. ў Пагмане (Афганістан), прадугледжваў неўмяшанне ва ўнутр. справы адзін аднаго; недапушчэнне на сваёй тэр. ўзбр. атрадаў і арг-цый, варожых да інш. боку; няўдзел у саюзах і пагадненнях, накіраваных супраць інш. боку; нейтралітэт у выпадку канфлікту аднаго з бакоў з трэцяй дзяржавай. Дагавор 1931 аб нейтралітэце і ўзаемным ненападзе, падпісаны 24 чэрв. ў Кабуле, пацвярджаў палажэнні дагавора 1926. Пагадненне 1946 па памежных пытаннях, падпісана 13 чэрв. ў Маскве, устанаўлівала сав.-афганскую мяжу па тальвегу (найб. глыбокай частцы) р. Амудар’я. Пагадненне 1956 пра супрацоўніцтва ў развіцці Афганістана, падпісана 28 студз. ў Кабуле, давала магчымасць афганскаму боку набыць сав. крэдыт, што дапамагло Афганістану пераадолець эканам. страты, панесеныя ім у выніку канфлікту з Пакістанам. Дагавор 1978 аб дружбе, добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж СССР і Дэмакр. Рэспублікай Афганістан (ДРА), падпісаны 5 снеж. ў Маскве, пацвярджаў прынцыпы дагавораў 1921, 1926 і 1931; прадугледжваў узаемныя кансультацыі бакоў з мэтай забеспячэння бяспекі і незалежнасці адзін аднаго, шырокае супрацоўніцтва і аказанне СССР Афганістану дапамогі ў паліт., эканам., культурнай, ваен. і інш. галінах. Стаў фармальнай падставай для ўводу сав. войск у ДРА у снеж. 1979. Скасаваны пасля падзення рэжыму Наджыбулы ў крас. 1992.

т. 14, с. 58

САВЕ́ЦКА-ГЕРМА́НСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ,

пагадненні і дагаворы, заключаныя ў 20 ст. паміж СССР (да канца 1922 РСФСР) і Германіяй [у 1949—90 асобна з Герм. Дэмакр. Рэспублікай (ГДР) і ФРГ]. Брэст-Літоўскі мірны дагавор 1918 (гл. Брэсцкі мір 1918). Часовае пагадненне 1921 аб гандл.-эканам. адносінах, падпісана 6 мая ў Берліне на няпэўны тэрмін. Прадугледжвала стварэнне гандл. прадстаўніцтва РСФСР у Германіі, аднаўленне двухбаковых консульскіх адносін, паштовых, тэлегр. і радыётэлегр. зносін, гандл. сувязей і інш. Заключэнне пагаднення азначала прызнанне РСФСР Германіяй дэ-факта. Скасавана дагаворам 1925. Дагавор 1922 (гл. Рапальскі дагавор 1922). Дагавор 1925, падпісаны 12 кастр. ў Маскве. Складаўся з агульнай часткі і асобных пагадненняў (Аб пасяленні і агульнаправавой абароне, Эканамічнага, Чыгуначнага, Аб мараплаванні, Аб падатках, Аб гандл. трацейскіх судах, Аб ахове прамысл. уласнасці). У развіццё дагавора заключаны пратакол 21.12.1928. Дагавор 1926 аб ненападзе і нейтралітэце, падпісаны 24 крас. ў Берліне на 5 гадоў. Пацвердзіў, што асновай адносін паміж СССР і Германіяй застаецца Рапальскі дагавор 1922. Прадугледжваў, што ў выпадку нападу на адзін з дагаворных бакоў трэцяй краіны або групы трэціх дзяржаў другі бок абавязваўся захоўваць нейтралітэт на працягу ўсяго ўзбр. канфлікту. Пратаколам ад 24.6.1931 дагавор працягнуты на няпэўны тэрмін. Фармальна ён дзейнічаў да нападу нацысцкай Германіі на СССР (22.6.1941). Дагавор 1939 аб ненападзе (гл. Пакт Рыбентропа—Молатава 1939). Дагавор 1939 аб дружбе і граніцы паміж СССР і Германіяй, падпісаны 28 вер. ў Маскве наркомам замежных спраў СССР В.​М.​Молатавым і міністрам замежных спраў Германіі І.​Рыбентропам. Прадугледжваў «аднаўленне міру і парадку» на тэр. «былой Польскай дзяржавы» і ажыццяўленне тут «неабходнага дзярж. пераўладкавання» (на З ад вызначанай мяжы яно праводзілася Германіяй, на УСав. Саюзам); «пераўладкаванне» разглядалася як «надзейны фундамент для далейшага развіцця сяброўскіх адносін» паміж народамі СССР і Германіі. Вызначыў сав.-герм. граніцу па лініі рэк Піса, Нараў, Буг, Вісла, Сан. Германія абавязвалася не ўмешвацца ў справы Зах. Беларусі і Зах. Украіны. Сакрэтным пратаколам да дагавора ў сферу інтарэсаў СССР уключалася Літва, а Германія атрымлівала ч. Польшчы (Люблінскае і ч. Варшаўскага ваяв.). 2-м сакрэтным пратаколам бакі абавязваліся не дапускаць на сваіх тэр. варожай польскай агітацыі. Даверны пратакол да дагавора, пагадненні і дагаворы ад 16.11.1939, 10.6.1940, 31.8.1940 і 10.1.1941 рэгулявалі памежныя адносіны (у т. л. прававыя), узаемныя перасяленні немцаў з СССР і беларусаў, літоўцаў, украінцаў з вобласці дзярж. інтарэсаў Германіі (тэр. Польшчы). Дагавор, як і папярэдні пакт аб ненападзе ад 23.8.1939, быў палітычна памылковым, супярэчным нормам міжнар. права. Гэта і юрыд. несапраўднасць абодвух дагавораў канстатаваў 11 з’езд нар. дэпутатаў СССР (пастанова ад 24.12.1989). Дагавор 1955 аб адносінах паміж СССР і ГДР, падпісаны 20 вер. ў Маскве на няпэўны тэрмін. Абумовіў, што сав. войскі, часова размешчаныя на тэр. ГДР са згоды яе ўрада, не ўмешваюцца ва ўнутр. справы і грамадска-паліт. жыццё краіны. Дагавор 1957 аб гандлі і мараплаванні (падпісаны 27 вер. ў Берліне на няпэўны тэрмін), Пагадненне 1958 па агульных пытаннях гандлю і мараплавання (падпісана 25 крас. ў Боне), Пагадненне 1973 аб развіцці эканам., прамысл. і тэхнічнага супрацоўніцтва (падпісана 19 мая ў Боне на 10 гадоў), Пагадненне 1978 аб развіцці і паглыбленні доўгатэрміновага супрацоўніцтва СССР і ФРГ у галіне эканомікі і прамысловасці (падпісана 6 мая ў Боне на 25 гадоў) і інш. рэгулявалі пытанні эканам. супрацоўніцтва СССР з ГДР (першы дагавор) і ФРГ (астатнія пагадненні). Дагавор 1964 аб дружбе, узаемнай дапамозе і супрацоўніцтве (падпісаны 12 чэрв. ў Маскве на 20 гадоў), Дагавор 1975 аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе (падпісаны 7 кастр. ў Маскве на 25 гадоў), Пагадненне 1978 аб культурным і навуковым супрацоўніцтве (падпісана 12 мая ў Берліне на 10 гадоў), Дагавор 1970 (Маскоўскі дагавор; падпісаны 12 жн. ў Маскве), Пагадненне 1973 аб культурным супрацоўніцтве (падпісана 19 мая ў Боне на 5 гадоў) і інш. рэгулявалі пытанні знешнепаліт. і гуманіт супрацоўніцтва СССР з ГДР (першыя 2 дагаворы і пагадненне) і ФРГ (дагавор 1970 і пагадненне 1973).

Літ.:

Трухнов Г.М. Поучительные уроки истории: Три сов.-герм. договора (1922—1926 гг.). Мн., 1979;

Павлов Я.С. Советско-германские договоры 1939—1941 гг : трагедия тайных сделок. Мн., 1996.

У.​Е.​Снапкоўскі (дагавор ад 28.9.1939), У.​Я.​Калаткоў.

т. 14, с. 58

САВЕ́ЦКА-ІНДЫ́ЙСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ.

Гандлёвае пагадненне 1953, падпісана 2 снеж. ў Маскве. Прадугледжвала развіццё і пашырэнне сав.-інд. гандлю на аснове роўнасці і ўзаемнай карысці, устанаўлівала рэжым узаемнага найб. спрыяння ў гандлі, усталявала парадак узаемных разлікаў (у інд. рупіях). Заклала асновы цеснага супрацоўніцтва СССР і Індыі ў эканам. галінах. Пагадненне 1960 пра культурнае, навуковае і тэхнічнае супрацоўніцтва, падпісана 12 лют. ў Дэлі. Пашырала сав.-інд. супрацоўніцтва на сферы навукі і культуры. Дагавор 1971 аб міры, дружбе і супрацоўніцтве, падпісаны 9 жн. ў Дэлі. Паводле яго кожны бок абавязваўся паважаць незалежнасць, суверэнітэт і тэр. цэласнасць адзін аднаго, падтрымліваць рэгулярныя кантакты па важных міжнар. праблемах, якія закраналі іх інтарэсы, не ўдзельнічаць у ваен. саюзах, накіраваных супраць аднаго з бакоў. Дагавор пацвердзіў імкненне бакоў да ўмацавання і пашырэння супрацоўніцтва ў галінах транспарту, гандлю, эканомікі, навукі, тэхнікі, развіцця кантактаў у сферах культуры, адукацыі, аховы здароўя і інш.

т. 14, с. 58

САВЕ́ЦКА-КІТА́ЙСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ.

Пагадненне 1924 аб агульных прынцыпах для ўрэгулявання пытанняў паміж СССР і Кітайскай Рэспублікай, падпісана 31 мая ў Пекіне. Усталявала паміж дзвюма краінамі дыпламат. адносіны. Абвяшчала скасаванымі ўсе дагаворы Рас імперыі з інш. краінамі, якія закраналі інтарэсы Кітая. Бакі абавязаліся не заключаць ніякіх дагавораў або пагадненняў, якія б закраналі інтарэсы аднаго з бакоў, не весці прапаганду адзін супраць аднаго і не дазваляць дзейнічаць на сваёй тэрыторыі арг-цыям, якія гвалтоўнымі метадамі змагаюцца супраць урада інш. боку. СССР адмовіўся ад усіх аднабаковых прывілеяў для сваіх грамадзян (права экстэрытарыяльнасці і консульскай юрысдыкцыі) і ад рас. часткі т.зв. «баксёрскай кантрыбуцыі» (гл. Іхэтуаньскае паўстанне). Кітайская Чанчуньская чыгунка (КЧЧ) пераходзіла пад сумеснае кіраванне СССР і Кітая. СССР прызнаваў Манголію Знешнюю неад’емнай ч. Кітая. Дагавор 1937 аб ненападзе, падпісаны 21 жн. ў Нанкіне тэрмінам на 5 гадоў. Паводле яго бакі абавязаліся не нападаць адзін на аднаго, не аказваць ні прамой, ні ўскоснай падтрымкі дзяржаве або дзяржавам, якія здзейснілі напад на адзін з бакоў, і на працягу канфлікту пазбягаць усялякіх дзеянняў, якія б маглі пагоршыць становішча боку, на які напалі. Садзейнічаў усталяванню цесных сувязей паміж СССР і Кітаем, што спрыяла барацьбе апошняга з яп. агрэсіяй (гл. Нацыянальна-вызваленчая вайна кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—45). Дагавор 1945 аб дружбе і саюзе, падпісаны 14 жн. ў Маскве. Прадугледжваў аказанне ўзаемнай дапамогі ў вайне супраць Японіі. Бакі абавязаліся супрацоўнічаць пасля заканчэння вайны, аказваць адзін аднаму эканам. дапамогу пры захаванні прынцыпу ўзаемнай павагі суверэнітэту і тэр. цэласнасці. Адначасова з дагаворам былі падпісаны пагадненні, якія прадугледжвалі сумесную эксплуатацыю КЧЧ як агульнай маёмасці. Порт-Артур перадаваўся ў карыстанне СССР як ваен. база. Фактычна страціў сілу пасля перамогі кіт. камуністаў у грамадз. вайне і абвяшчэння імі ў 1949 Кіт. Нар. Рэспублікі (КНР). Дагавор 1950 аб міры, дружбе, саюзе і ўзаемнай дапамозе, падпісаны 14 лют. ў Маскве. Першы з дагавораў паміж СССР і КНР. Бакі абавязаліся прыняць усе неабходныя меры для прадухілення агрэсіі з боку Японіі, а ў выпадку нападу на адзін з бакоў аказваць усю магчымую дапамогу; пагадзіліся дабівацца заключэння мірнага дагавора з Японіяй у магчыма кароткі тэрмін. Сав. ўрад абавязаўся не пазней як у канцы 1952 перадаць КНР свае правы на КЧЧ, вывесці свае войскі з Порт-Артура. СССР даваў КНР грашовы крэдыт. Заключаны тэрмінам на 30 гадоў, з 1980 фармальна страціў сілу.

т. 14, с. 59

САВЕ́ЦКА-КІТА́ЙСКІ КАНФЛІ́КТ 1929,

канфлікт з-за Кітайскай Чанчуньскай чыгункі (КЧЧ). Паводле сав.-кіт. пагаднення 1924 (гл. Савецка-кітайскія пагадненні) КЧЧ знаходзілася ў сумесным валоданні СССР і Кітая, але фактычна кіравалася сав. бокам. Пасля пашырэння ўлады Нац. кіт. ўрада ў Нанкіне да 1929 на тэр. Маньчжурыі (гл. Рэвалюцыя 1925—28 у Кітаі) ён запатрабаваў усталявання над КЧЧ кіт. суверэнітэту, лічачы гэта часткай барацьбы Кітая супраць няроўных дагавораў і пагадненняў. 10—11 ліп. войскі ваен. правіцеля Маньчжурыі маршала Чжан Сюэляна ў аднабаковым парадку захапілі КЧЧ, адхіліўшы ад працы сав. работнікаў. У адказ урад СССР разарваў дыпламат. адносіны з Кітаем. 6 жн. была створана Асобая Далёкаўсх армія (АДУА) на чале з В.​К.​Блюхерам. 17 ліст. часці АДУА на чале з С.​С.​Вастрацовым перайшлі сав.-кіт. граніцу ў раёне станцыі Маньчжурыя. У 3-дзённых баях яны разбілі 2 брыгады кіт. арміі (20 тыс. чал.), узяўшы ў палон больш як палавіну іх асабовага складу. У баявых дзеяннях на р. Сунгары ўдзельнічала Амурская ваен. флатылія, якая разграміла Сунгарыйскую флатылію праціўніка. 21 ліст. кіт. бок прапанаваў пачаць перагаворы. З снеж. быў падпісаны пратакол у Нікольску-Усурыйскім з прадстаўнікамі Чжан Сюэляна, а 22 снеж. — у Хабараўску з прадстаўнікамі Нац. кіт. ўрада пра аднаўленне на КЧЧ статус-кво Канчаткова канфлікт урэгуляваны з аднаўленнем сав.-кіт. дыпламат. адносін у 1932.

Літ.:

Кулагин В.М., Яковлев Н.Н. Подвиг Особой Дальневосточной. М., 1970;

Конфликт на КВЖД: Из истории Сов. Вооруж сил. Хабаровск, 1989.

т. 14, с. 59

САВЕ́ЦКА-КІТА́ЙСКІ КАНФЛІ́КТ 1969,

узброены канфлікт паміж СССР і Кітаем у выніку пагаршэння сав.-кіт. адносін у 1960-я г. і нявырашанага пагранічнага пытання. Кіт. бок патрабаваў перагляду рас.-кіт. дагавораў 19 ст. (гл. Айгунскі дагавор 1858, Пекінскі трактат 1860), каб граніца паміж дзвюма краінамі праходзіла па найб. глыбінях рэк Амур і Усуры. У 1950-я г. адпаведныя сав.-кіт. камісіі правялі работу па ўрэгуляванні гэтага пытання і вызначэнні новай граніцы, але з пагаршэннем сав кіт. адносін працэс быў спынены. Адначасова кіт. бок пачаў ва ультыматыўнай форме патрабаваць вырашэння пагранічнага пытання, на сав.-кіт. граніцы ім былі арганізаваны правакацыйныя акцыі хунвэйбінаў і шматлікія парушэнні кіт. пагранічнікамі. 2.3.1969 кіт. ваеннаслужачыя расстралялі на в-ве Даманскі на р. Усуры сав пагранічны нарад. 14—15 сак. тут адбыліся баі паміж сав. і кіт. войскамі з выкарыстаннем артылерыі і ракетных установак; усяго ў выніку канфлікту на Даманскім загінула 58 сав. ваеннаслужачых. 13 жн. некалькі груп кіт. ваеннаслужачых парушылі сав. граніцу ў раёне Жаланашколя (Казахстан). У выніку іх сутыкнення з сав. войскамі былі забітыя і параненыя. Сітуацыю разрадзілі перагаворы 11 вер. ў Пекіне старшынь урадаў СССР і Кітая — А.​М.​Касыгіна і Чжоў Эньлая. Перагаворы па вырашэнні пагранічных пытанняў пачаліся 20 кастрычніка. Канчаткова гэта праблема была ўрэгулявана ў 1990-я.г. пасля вызначэння б.ч. рас.-кіт. граніцы.

т. 14, с. 59

САВЕ́ЦКА-ЛАТВІ́ЙСКІЯ ДАГАВО́РЫ.

Мірны дагавор 1920, падпісаны 11 жн. ў Рызе. Сав. Расія прызнавала незалежнасць і суверэннасць Латвіі, вяртала ёй дзярж. маёмасць, вывезеную ў Расію ў 1-ю сусв. вайну, вызваляла ад адказнасці па пазыках і інш. абавязацельствах, выплачвала 4 млн. руб. золатам. Дзяржавы абавязаліся не трымаць на сваіх тэрыторыях войск, якія знаходзіліся ў стане вайны з другім бокам, варожых арг-цый і груп. Дагавор вызначаў сав.-латв. граніцу, дыпламат. і консульскія адносіны; меў вял. значэнне для прарыву блакады, арганізаванай Антантай вакол Сав. Расіі. Дагавор 1932 аб ненападзе і мірным вырашэнні канфліктаў, падпісаны 5 лют. ў Рызе тэрмінам на 3 гады. СССР і Латвія абавязаліся ўстрымлівацца ад нападаў, не ўдзельнічаць у пагадненнях, накіраваных супраць другога боку. Пратаколам ад 4.4.1934 дагавор прадоўжаны да 1945. Пакт аб узаемадапамозе 1939, падпісаны 5 кастр. ў Маскве. Сав. ўрад, маючы на ўвазе стратэг. значэнне Прыбалтыкі ў сістэме бяспекі СССР і ў сувязі з заключэннем Пакта Рыбентропа—Молатава 1939, а таксама сакрэтных пратаколаў да яго прапанаваў ураду Латвіі заключыць дагавор аб узаемадапамозе. Бакі абавязаліся не ўдзельнічаць у саюзах і кааліцыях, накіраваных супраць аднаго з іх, узаемна дапамагаць, у т. л. і ў выпадку ваен. нападу ці пагрозы з боку інш. дзяржавы. Латвія дала СССР права мець на яе тэрыторыі ваен.-марскія, авіяц. і артыл. базы. Сав. войскі садзейнічалі стварэнню ўмоў для змены дзярж. ладу і ўключэння Латвіі ў склад СССР.

Літ.:

Полпреды сообщают...: Сб. док. об отношениях СССР с Латвией, Литвой и Эстонией, авг. 1939 г. — авг. 1940 г. М., 1990.

т. 14, с. 59

САВЕ́ЦКА-ЛІТО́ЎСКІЯ ДАГАВО́РЫ.

Мірны дагавор 1920 паміж РСФСР і Літвой, падпісаны 12 ліп. ў Маскве. Адзін з першых дагавораў Сав. Расіі, пачатак устанаўлення мірных адносін з прыбалт. краінамі. Дагавор зафіксаваў сав.-літ. граніцу, прадугледжваў урэгуляванне маёмасных, фін. і эканам. пытанняў, устанаўленне дыпламат. і гандл. адносін. РСФСР прызнала незалежнасць Літвы, яе права на Вільню і Віленскую вобл. Краіны абавязаліся не дапускаць, каб на іх тэр. ствараліся і знаходзіліся арганізацыі і групы, накіраваныя супраць другога боку. Дагавор 1926 паміж СССР і Літ. рэспублікай аб узаемным ненападзе і нейтралітэце, падпісаны 28 вер. ў Маскве. Пацвердзіў, што асновай адносін паміж абедзвюма краінамі з’яўляецца дагавор ад 12.7.1920. Бакі абавязаліся паважаць суверэнітэт, тэр. цэласнасць і недатыкальнасць дзяржаў, устрымлівацца ад агрэсіўных дзеянняў, не ўдзельнічаць у варожых адна адной кааліцыях, прытрымлівацца нейтралітэту ў выпадку нападу на адзін з бакоў. Дагавор 1939 аб перадачы Літ. рэспубліцы Вільні і Віленскай вобл. і ўзаемадапамозе паміж СССР і Літвой, падпісаны 10 кастр. ў Маскве. Звязаны з падпісаннем пакта Рыбентропа—Молатава 1939 і зменай міжнар. адносін пасля пачатку 2-й сусв. вайны. Урад СССР перадаў Літве Вільню і Віленскую вобл. СССР і Літва дамовіліся аб сумеснай ахове літ. граніц, на тэр. Літвы ўведзены сав. войскі, што садзейнічала ўмацаванню паўн.-зах. граніц СССР, абумовіла змену дзярж. ладу ў Літве і ўключэнне яе ў склад СССР.

Публ.: Мирный договор между Россией и Литвой, 12 июля 1920 г. Вильнюс, 1990.

Літ.:

Полпреды сообщают...: Сб. док. об отношениях СССР с Латвией, Литвой и Эстонией, авг. 1939 г. — авг. 1940 г. М., 1990;

Іваноў М. Праблема прыналежнасці Вільні і беларускае нацыянальнае пытанне ў 1939 г. // Бел. гіст. часоп. 1994. № 1.

т. 14, с. 60

САВЕ́ЦКА-МАНГО́ЛЬСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ.

Пагадненне 1921 аб усталяванні дружалюбных адносін паміж РСФСР і Манголіяй, падпісана 5 ліст. ў Маскве. Паводле яго абодва бакі дамовіліся аб усталяванні дыпламат. адносін. Сав. бок адмовіўся ад усіх аднабаковых прывілеяў для сваіх грамадзян на тэр. Манголіі, перадаў Манголіі ўсю рас. маёмасць там. Пагадненне заклала асновы цеснага супрацоўніцтва СССР і Манголіі, ператварэнне апошняй ў фактычную сферу сав. ўплыву, нягледзячы на тое, што ў 1924 СССР фармальна прызнаў Манголію ч. Кітая (гл. Савецка-кітайскія пагадненні). Пратакол 1936 аб узаемнай дапамозе, падпісаны 12 сак. ва Улан-Батары. Юрыдычна аформіў вуснае (джэнтльменскае) пагадненне ад 27.12.1934. Паводле яго ў выпадку пагрозы нападу на тэр. СССР або Манголіі з боку трэцяй дзяржавы абодва бакі абавязаліся прыняць меры для сваёй бяспекі, у выпадку ж ваен. нападу на адзін з бакоў — аказаць адзін аднаму ўсялякую, у т. л. ваен., дапамогу. Дагавор стаў абгрунтаваннем для ўдзелу сав. войск у Халхін-Гольскім канфлікце 1939. Дагавор 1946 аб дружбе і ўзаемнай дапамозе, падпісаны 27 лют. ў Маскве. У цэлым паўтараў тэкст дагавора 1936. Дагавор 1966 аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе, падпісаны 15 студз. ва Улан-Батары. Бакі абавязаліся ўмацоўваць дружбу і развіваць супрацоўніцтва ва ўсіх галінах эканам., культурнага, навук. жыцця, пашыраць сувязі ў сферах аховы здароўя, адукацыі і інш. Дагавор пацвярджаў і замацоўваў саюзніцкія адносіны паміж дзвюма краінамі.

т. 14, с. 60