Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАЛОТАЗНА́ЎСТВА,

вучэнне пра балоты, іх паходжанне, развіццё, будову і гасп. выкарыстанне. Мае батаніка-геаграфічны (фітацэналагічны) і тарфазнаўчы кірункі.

Балотазнаўства ўзнікла ў канцы 17 — пач. 18 ст. ў Зах. Еўропе. Інтэнсіўна развівалася ў канцы 19 ст. ў сувязі з ростам меліярац. работ. Заснавальнік балотазнаўства ў Расіі — М.В.Ламаносаў, які даследаваў прыроду торфу. На Беларусі вывучэнне балотаў пачалося з Палесся (М.Бутрымовіч, 1772). Пазней была арганізавана Заходняя экспедыцыя па асушэнні балотаў пад кіраўніцтвам І.І.Жылінскага (1873—98), у якой прынялі ўдзел глебазнавец В.В.Дакучаеў і батанік Г.І.Танфільеў, што апублікаваў першую ў Расіі класіфікацыю балотаў і апісаў расліннасць балотаў Палесся (1899). У 1911 адкрыта Мінская балотная доследная станцыя. Беларусь стала цэнтрам вывучэння і практычнага выкарыстання балотаў Расіі.

У пач. 20 ст. вял. ўклад у развіццё балотазнаўства зрабілі бел. вучоныя У.М.Сукачоў, А.Ф.Флёраў, В.Р.Вільямс, У.С.Дактуроўскі і інш. У 1925—30 работы па акультурванні балотаў вялі А.Т.Кірсанаў, М.Ф.Лебядзевіч, І.С.Лупіновіч, С.Г.Скарапанаў, іх прадаўжалі А.П.Підоплічка, М.М.Бамбалаў, П.І.Бялькевіч, І.І.Ліштван, У.Я.Ракоўскі, А.В.Цішковіч і інш. Вывучаюць балоты ў НДІ меліярацыі і лугаводства, глебазнаўства і аграхіміі, Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АН Беларусі і інш. н.-д. установах. Распрацавана карта тарфяных радовішчаў, абгрунтаваны сыравінныя базы бітумінозных тарфоў і паказаны ўмовы іх залягання. Даследаваны геагр. і экалагічныя асаблівасці развіцця некаторых сфагнавых комплексаў на вярховых балотах. Дадзены асн. генет. схемы развіцця тарфянікаў на тэр. рэспублікі. Вывучаюцца генезіс, глебаўтваральныя працэсы і раслінныя асацыяцыі балотаў, метады рэгулявання воднага рэжыму, праблемы, звязаныя з с.-г. выкарыстаннем асушаных балотаў, прамысл. асваеннем тарфяных радовішчаў і інш. На аснове даследаванняў па балотазнаўстве складаюцца праекты меліярацыі, выкарыстання торфу ў нар. гаспадарцы.

Літ.:

Підоплічка А.П., Смаляк Л.П. Даследаванні балотнай расліннасці Беларусі // Навука БССР за 50 год. Мн., 1968;

Юркевич И.Д., Голод Д.С., Адерихо В.С. Растительность Белоруссии, ее картографирование, охрана и спользование. Мн., 1979.

т. 2, с. 258

БАЛОТАЎТВАРА́ЛЬНЫ ПРАЦЭ́С,

забалочванне, прыродна-ландшафтны або антрапагенны працэс утварэння балотаў. Адрозніваюць два тыпы балотаўтваральнага працэсу: забалочванне сушы і затарфаванне вадаёмаў.

На сушы развіваецца пры залішнім увільгатненні глебаў, калі ападкі пераважаюць над выпарэннем, або пры падняцці ўзроўню грунтавых водаў (павышэнне базіса эрозіі, збудаванне плацін і інш.). Ператварэнне вадаёмаў у балота адбываецца ў выніку зарастання азёраў, старыц, сажалак прыбярэжнымі раслінамі (хвошч, чарот, трыснёг, асака) і ўтварэння сплавіны з плаваючых раслін (раска, водныя папараці і інш.). На сплавіне растуць шабельнік балотны, бабок, некаторыя асокі, імхі і інш. торфаўтваральнікі. Узнікае нізіннае балота, якое з часам можа трансфармавацца ў пераходнае і вярховае. Балотаўтваральны працэс у мінулым ахопліваў вял. прасторы на тэр. Беларусі, асабліва на Палессі.

т. 2, с. 259

Балота Мох

т. 18, кн. 1, с. 342

«БАЛО́ТНАЯ ЛІХАМА́НКА»

(«Sumpffieber»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызанаў і мясц. насельніцтва ў Вял. Айч. вайну на тэр. Віцебскай, Брэсцкай і Мінскай абл. Праводзілася 25.8—20.9.1942 па загадзе рэйхсфюрэра СС Гімлера сіламі нач. СС і паліцыі «Остланд», нач. паліцыі парадку, паліцыі бяспекі і СД, 1-й матарызаванай брыгадай СС, 23-м паліцэйскім палком, 8 асобнымі ахоўнымі батальёнамі і інш. Складалася з 7 паслядоўных аперацый: «Балотная ліхаманка — Поўнач Троенфельд І» у Лепельскім і Бягомльскім р-нах, «Балотная ліхаманка — Поўнач Бінц» у Плешчаніцкім і Вілейскім р-нах, «Балотная ліхаманка — Поўнач Баркхольт» на ПнЗ ад Лагойска, «Балотная ліхаманка — Поўнач Троенфельд II» у Лагойскім і Смалявіцкім р-нах, «Балотная ліхаманка — Поўнач Троенфельд III» у Уздзенскім раёне, «Балотная ліхаманка — Захад» у Стаўбцоўскім раёне, «Балотная ліхаманка — Паўднёвы Захад» у Баранавіцкім, Ганцавіцкім і Івацэвіцкім р-нах. У ходзе аперацыі гітлераўцы загубілі больш за 10 тыс. чал., больш за 1200 вывезлі на катаржныя работы ў Германію.

т. 2, с. 259

БАЛО́ТНАЯ РУДА́,

руда, якая ўтварылася ў выніку адкладання на дне балотаў вокіслаў і гідравокіслаў жалеза ў выглядзе канкрэцый, цвёрдых скарынак і слаёў. Пашырана пераважна ў зоне ўмеранага клімату. У Беларусі найб. на Бел. Палессі, мае ў сабе 30—40% жалеза. Пачынаючы з жал. веку і да сярэдзіны 19 ст. з яе здабывалі жалеза.

т. 2, с. 259

БАЛО́ТНАЯ САВА́

(Asio flammeus),

птушка сямейства савіных атр. совападобных. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. і Паўд. Амерыцы, Паўн.-Зах. і Паўд. Афрыцы. На Беларусі трапляецца на поймавых і сухадольных лугах, нізінных балотах, парослых хмызняком або лісцевым драбналессем, асушаных тарфяніках, вял. увільготненых высечках.

Даўж. цела 33—43 см, маса 260—440 г, размах крылаў 0,89—1,1 м. Афарбоўка буравата-вохрыстая, ніз цела святлейшы, з цёмнымі падоўжнымі стракацінамі. Гнёзды на зямлі, звычайна пад кустом або купінай. Нясе 3—6 яец, у гады масавага размнажэння грызуноў — 9—10. Корміцца мышападобнымі грызунамі, зрэдку жабамі, птушкамі. Каштоўная для сельскай гаспадаркі. Занесена ў Чырв. кнігу Беларусі, адзін з падвідаў — у Чырв. кнігу МСАП.

т. 2, с. 259

БАЛО́ТНА-ПАДЗО́ЛІСТЫЯ ГЛЕ́БЫ,

гл. Падзоліста-балотныя глебы.

т. 2, с. 259

БАЛО́ТНІК,

вадзяная зорачка (Callitriche), род кветкавых раслін сям. балотнікавых. 25 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, акрамя некаторых пустыняў і высакагор’яў. На Беларусі 5 відаў: балтнік веснавы (Callitriche verna), сажалкавы (Callitriche stagnalis), двухполы (Callitriche hermaphroditica), караткаплодны (Callitriche cophocarpa), кручкаваты (Callitriche hamulata). Растуць у вадаёмах са стаячай і павольнай вадой, лужынах, утвараюць зараснікі на паверхні вады; ёсць наземныя формы.

Адна-, шматгадовыя травяністыя расліны, голыя або ўкрытыя зорчатымі валаскамі. Сцябло тонкае, плавае ў вадзе (у наземных формаў сцелецца). Лісце супраціўнае, суцэльнакрайняе, без прылісткаў. Кветкі дробныя, адна-, радзей двухполыя, без калякветніка, па 1—2 у пазухах лісця або сабраны па некалькі адна над адной. Плод — чатырохарэшак (мерыкарпій). Насенне з мясістым эндаспермам, разносіцца насякомымі. Усе віды — корм і сховішча для рыб.

т. 2, с. 259

БАЛО́ТНІКАВА ПАЎСТА́ННЕ 1606—07.

Адбылося ў Расіі і на тэр. Украіны пад кіраўніцтвам І.І.Балотнікава; найвышэйшы этап сялянскай вайны пачатку 17 ст. Пачалося летам 1606 у раёне Пуціўля пасля звяржэння Лжэдзмітрыя І (гл. Ілжэдзмітрый І), ахапіла Чарнігаў і інш. гарады. Яго асн. сіла — халопы і сяляне, удзельнічалі пасадскія людзі, стральцы, казакі, дваране. Балотнікаў заклікаў да звяржэння цара В.І.Шуйскага і аднаўлення ўлады «цара Дзмітрыя». У жн. 1606 пад Кромамі і Яльцом паўстанцы разбілі царскія войскі, занялі Арол, Болхаў, Калугу, Серпухаў і рушылі на Маскву. Да іх далучыліся дваранскія атрады — разанскія на чале з П.Ляпуновым і тульскія на чале з І.Пашковым. Кульмінацыя Балотнікава паўстання — аблога Масквы (28.10—2.12.1606). Паўстанне ахапіла цэнтр. паветы Расіі і Паволжа (больш за 70 гарадоў). Сацыяльна неаднароднае шматлікае (60—100 тыс. чал.) войска Балотнікава было недастаткова ўзброенае і мала абучанае. Барацьба за кіраванне паўстаннем паміж Балотнікавым і Пашковым (апошняму, як і ўсім паўстанцам-дваранам, не падабаліся заклікі Балотнікава да прыгонных сялян распраўляцца са сваімі гаспадарамі) прывяла да расколу. 15 ліст. на бок Шуйскага перайшлі дваранскія атрады Ляпунова, 2 снеж., у час вырашальнай бітвы каля в. Ніжнія Котлы, — атрады Пашкова. Страціўшы каля 30 тыс. чал., Балотнікаў адступіў у Серпухаў, потым у Калугу, якую абараняў са снеж. 1606 да пач. мая 1607. У маі 1607 атрады Ілейкі Мурамца разбілі царскае войска на р. Пчэльна. Шуйскі зняў аблогу Калугі. Паўстанцы аб’ядналіся ў Туле, якая з мая да кастр. 1607 стала месцам цяжкіх баёў. Палітыка цара па ўмацаванні прыгоннага права (Улажэнне 1607) дазволіла яму кансалідаваць феадалаў і сабраць 100-тысячную армію. У чэрв. 1607 войскі Балотнікава былі двойчы разбіты і асаджаны ў Туле, якая была затоплена ў выніку запруды р. Упа. Нягледзячы на хваробы і голад, паўстанцы гераічна абараняліся. Але пасля абяцання Шуйскага захаваць жыццё ўсім паўстанцам 10.10.1607 яны адчынілі гарадскія вароты. Пасадскія вярхі выдалі царскім уладам Балотнікава і Мурамца. Балотнікава паўстанне — першае ў Расіі значнае выступленне супраць прыгонніцтва.

Кр.: Восстание И.Болотникова: Документы и материалы. М., 1959.

Літ.:

Смирнов И.И. Восстание Болотникова, 1606—1607. [2 изд.] М., 1951.

т. 2, с. 259

БАЛО́ТНІКАЎ Іван Ісаевіч

(? — 1608),

кіраўнік Балотнікава паўстання 1606—07 у Расіі. З халопаў, у маладосці ўцёк да казакоў. Быў у тат. палоне, рабом на тур. галерах. Вызваліўшыся з няволі, апынуўся ў Венецыі. Вярнуўшыся ў Расію, назваўся ваяводам царэвіча Дзмітрыя Іванавіча і ўзначаліў паход на Маскву, маючы на мэце скінуць з прастола В.І.Шуйскага і аднавіць ўладу «цара Дзмітрыя». Дзякуючы таленту палкаводца і храбрасці нанёс шэраг паражэнняў царскім войскам. Пасля здачы Тулы царскім войскам (10.10.1607) захоплены і сасланы ў Каргапаль, дзе яму выкалалі вочы і ўтапілі.

т. 2, с. 260