Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БА́ЛІЦКІ Антон Васілевіч

(17.9.1891, в. Балічы Гродзенскага р-на — 31.10.1937),

дзяржаўны дзеяч БССР. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1910), Віцебскі настаўніцкі ін-т (1916). З 1916 у арміі. У 1917—20 удзельнічаў у гуртаванні беларусаў-вайскоўцаў на Румынскім фронце, арганізоўваў бел. школы ў Адэсе. У 1920 уступіў у Камуніст. партыю. З кастр. 1921 нам. наркома, з 1926 нарком асветы БССР. З 1924 правадз. чл. Ін-та бел. культуры. Адзін з творцаў і праваднікоў дзярж. палітыкі беларусізацыі. Аўтар артыкулаў па пытаннях тэорыі і практыкі нац.-культ. будаўніцтва. Канд. у чл. ЦК КП(б)Б у 1929—30, чл. ЦВК БССР. У 1930 арыштаваны па справе т.зв. «Саюза вызвалення Беларусі», засуджаны на 10 гадоў лагераў. 30.9.1937 прыгавораны да пакарання смерцю. Рэабілітаваны ў 1988.

Літ.:

Васілеўская Н.У. Абвінавачваецца ў нацыянал-дэмакратызме (пра наркома асветы Беларусі А.В.Баліцкага). Мн., 1995.

А.С.Кароль.

т. 2, с. 255

БА́ЛІЦКІ ВАЛУ́Н,

помнік прыроды на Беларусі. За 500 м на Пн ад в. Балічы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобласці. Валун шэрага гнейсу з мноствам крышталёў гранату, даўж. 4,1 м, шыр. 2 м, выш. 1,5 м, у абводзе 9,5 м, аб’ём 12,3 м³, маса каля 33 т. Прынесены ледавіком каля 200 тыс. г. назад са Скандынавіі. Мае 31 паўсферычнае паглыбленне (3—5 см у папярочніку, да 4 см глыбіні), зробленае чалавекам каля 2—2,5 тыс. г. назад. У язычніцкія часы прадмет пакланення.

В.Ф.Вінакураў.

т. 2, с. 255

БАЛКА́НСКАЯ КАМПА́НІЯ 1941,

аперацыя ўзбр. сіл фаш. Германіі, Італіі і Венгрыі 6—29.4.1941 па разгроме югасл. і грэч. армій у 2-ю сусв. вайну. Падрыхтавана гітлераўскім камандаваннем пасля няўдач войскаў Мусаліні ў развязанай ім 28.10.1940 вайне супраць Грэцыі (аперацыя «Марыта») і адмовы новага югасл. ўрада ген. Д.Сімовіча ўступіць у саюз з Германіяй. Наступленне на Югаславію адначасова вялі з тэр. Балгарыі, Венгрыі і Аўстрыі больш за 80 ням., італьян. і венг. дывізій, якія прарвалі абарону югасл. арміі (няпоўных 40 дывізій) і 12 крас. ўвайшлі ў Бялград. 17 крас. Югаславія капітулявала. У Грэцыі былі разбіты 15 грэч. дывізій і Брыт. экспедыцыйны корпус (2 дывізіі і танк. брыгада). 29 крас. грэч. камандаванне падпісала акт аб капітуляцыі. Брыт. флот эвакуіраваў свае сухап. часці з Грэцыі на в-аў Крыт.

Літ.:

Международные отношения и страны Центральной и Юго-Восточной Европы в период фашистской агрессии на Балканах и подготовки нападения на СССР (сентябрь 1940 — нюнь 1941). М., 1992.

т. 2, с. 255

БАЛКА́НСКІ Ненка Дзімітраў

(20.8.1907, г. Казанлык, Балгарыя — 19.9.1977),

балгарскі жывапісец. Нар. мастак Балгарыі (1966). Скончыў АМ у Сафіі (1930), вучыўся ў Парыжы і Мюнхене (1939—40). Выкладаў у АМ у Сафіі (з 1948, з 1950 прафесар). Адзін з першых прадстаўнікоў пралетарскага мастацтва ў Балгарыі 1930-х г.; член «Таварыства новых мастакоў». Асн. творы: «Рабочая сям’я» (1936), «Партызанская сувязная» (1945), «Хатняя гаспадыня» (1957), «Аўтапартрэт» (1967) і інш.

Літ.:

Божков А. Н.Балкански. София, 1977.

Я.Ф.Шунейка.

т. 2, с. 255

БАЛКА́НСКІЯ ВО́ЙНЫ 1912—13.

1-я балканская вайна (9.10.1912—30.5.1913) супраць Турцыі рэалізавала намеры Балканскага саюза 1912. Скарыстаўшы занятасць Турцыі вайной з Італіяй у Паўн. Афрыцы, Чарнагорыя, Балгарыя, Сербія і Грэцыя абвясцілі ёй вайну. На фракійскім тэатры балг. войскі разбілі тур. часці каля Лозенграда і на лініі Люлебургаз-Бунар-Хісар, акружылі тур. корпус каля г. Эдырне (Адрыянопаль). На македонскім тэатры сербскія і чарнагорскія войскі перамаглі туркаў у Паўн. Албаніі, Косаве і Паўн. Македоніі; грэч. часці занялі Эпір, Фесалію і Паўд. Македонію. 3.12.1912 падпісана перамір’е. У студз. 1913 новы тур. ўрад младатуркаў аднавіў ваен. дзеянні. Але няўдалая высадка іх дэсанта ў тыле балг. войскаў каля крэпасці Чаталджы, страта крэпасці Эдырне і паланенне балгарамі 60-тысячнага тур. гарнізона, здача крэпасці Яніна грэкам прымусілі Турцыю спыніць баі. Паводле Лонданскага мірнага дагавора ад 30.5.1913 Турцыя страціла свае еўрап. ўладанні (акрамя Стамбула і часткі Усх. Фракіі). 2-я балканская вайна (29.6—10.8.1913) — вайна Балгарыі супраць Грэцыі, Сербіі і Чарнагорыі (да іх далучыліся Румынія і Турцыя) — стала вынікам спрэчкі паміж б. саюзнікамі з-за падзелу Македоніі. Правал балг. наступлення на сербскія і грэч. пазіцыі, уварванне рум. войскаў у Балгарыю, захоп туркамі ў ліпені Эдырне і амаль усёй Усх. Фракіі прывялі да капітуляцыі балгараў. Паводле Бухарэсцкага мірнага дагавору ад 10.8.1913 Балгарыя ўступіла Румыніі Паўд. Дабруджу, Грэцыі — Паўд. Македонію і частку Зах. Фракіі, Сербіі — амаль усю Паўн. Македонію. Пазней Балгарыя перадала Турцыі амаль усю Усх. Фракію (паводле міру, заключанага ў Стамбуле 29.9.1913).

т. 2, с. 256

БАЛКА́НСКІЯ ГО́РЫ,

Балканы, гл. Стара-Планіна.

т. 2, с. 256

БАЛКА́НСКІ ПАЎВО́СТРАЎ,

паўвостраў на ПдУ Еўропы. Пл. 505 тыс. км². Працягласць з Пн на Пд каля 950 км, з З на У да 1260 км. Паўночная ўмоўная мяжа праходзіць ад Трыесцкага зал. да р. Сава і далей па Дунаі да яго вусця. Абмываецца з З Адрыятычным і Іанічным морамі, з У — Чорным, Мармуровым, Эгейскім морамі. Берагі моцна парэзаны бухтамі і залівамі, на Пд і ПдУ шмат астравоў. Большую ч. тэрыторыі займаюць нізкія і сярэднія горы — Дынарскае нагор’е, Пінд, Сербскае нагор’е, Стара-Планіна, Радопы і інш., найб. выш. 2925 м (г. Мусала, у гарах Рыла). Раўніны размешчаны на Пн (паўд. часткі Сярэднедунайскай і Ніжнедунайскай раўнін), у міжгорных паніжэннях (Верхнефракійская, Фесалійская нізіны і інш.), месцамі ўздоўж узбярэжжаў. Частыя землетрасенні. Карысныя выкапні: каменны вугаль, медныя, алавяныя, жал. руды, нафта, ртуць, баксіты і інш. Клімат субтрапічны міжземнаморскі на ўзбярэжжах, умерана кантынентальны на Пн, ва ўнутр. раёнах і У, высакагорны ў гарах. Найб. колькасць ападкаў на зах. схілах Дынарскага нагор’я (да 5000 мм у раёне Котарскай бухты). Рэкі: Дунай з Савай і Маравай, Марыца, Струма і інш. Самыя вял. азёры — Скадарскае, Ахрыдскае, Прэспа. Шмат карставых азёраў. Расліннасць на З і Пд міжземнаморскага тыпу (вечназялёныя лясы і ксерафітныя цвердалістыя хмызнякі тыпу маквіс, жыбля-фрыгана і інш.). На Пн і У у гарах вышэй за 400—500 м шыракалістыя і хваёвыя лясы і лістападныя хмызнякі. Раўніны ўзараныя. Жывёльны свет: дзік, высакародны алень, казуля, мядзведзь, ліс, выдра; ёсць паўзуны — яшчаркі, змеі, чарапахі; шмат птушак. На Балканскім паўвостраве дзяржавы: Балгарыя, Славенія, Харватыя, Боснія і Герцагавіна, Македонія, Югаславія, Албанія, б. ч. Грэцыі, часткі Румыніі і Турцыі.

т. 2, с. 255

БАЛКА́НСКІ САЮ́З 1912,

ваенна-паліт. саюз Балгарыі, Сербіі, Грэцыі і Чарнагорыі супраць Турцыі і Аўстра-Венгрыі. Ствараўся пры падтрымцы Расіі. Напачатку саюз заключаны паміж Сербіяй і Балгарыяй, потым да яго далучыліся Грэцыя і Чарнагорыя. Меў на мэце падзел еўрап. уладанняў Турцыі. У кастр. 1912 дзяржавы Балканскага саюзу пачалі вайну з Турцыяй і перамаглі. Спрэчкі вакол падзелу заваяваных тэрыторый выклікалі вайну паміж Балгарыяй, Сербіяй і Грэцыяй (гл. Балканскія войны 1912—13) і распад саюза летам 1913.

т. 2, с. 255

БАЛКА́РЦЫ

(саманазва таулу, малкарлы),

народ у Кабардзіна-Балкарыі. 51,4 тыс. чал.; усяго ў б. СССР 66 тыс. чал. (1979). Гавораць на балкарскай мове. Вернікі — мусульмане-суніты.

т. 2, с. 256

БАЛКО́Н

(італьян. balcone ад позналац. balcus бэлька),

канструкцыйны элемент пабудовы і маст. афармлення фасадаў будынкаў; агароджаная (кратамі, балюстрадай, парапетам) пляцоўка на кансольных бэльках, якая выступае са сцяны, або пліта (пераважна жалезабетонная) на фасадзе ці ў інтэр’еры (напр., у тэатры). Сустракаецца тып балкона без вынасу (т.зв. «французскі балкон»), які робіцца ў праёме балконных дзвярэй. Балкон як элемент пабудовы ўзнік на Усходзе. У Еўропе з’явіўся ў сярэднія вякі ў абарончым (машыкулі) і культавым (амбон) дойлідстве.

т. 2, с. 256