Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СЕ́ГЕРС ((Seghers) Херкюлес Пітэрс) (1589 або 1590, г. Харлем, Нідэрланды — каля 1638),

галандскі мастак. Да 1606 вучыўся ў Г. ван Конінксла ў Амстэрдаме. Працаваў у Харлеме, Амстэрдаме, Утрэхце, Гаазе (з 1632 або 1633). Яго жывапісныя пейзажы («Від Рэнена», «Раўнінны пейзаж», «Дамы і вёска ў рачной даліне», «Горны пейзаж») і выкананыя ў тэхніцы каляровага афорта («Пейзаж з вялікім дрэвам», «Вялікія караблі», «Марская бура») вылучаюцца шырынёй і манументальнасцю, схаваным драматызмам светлавых і фактурных эфектаў, у гравюрах — выразнасцю дынамічнага ломкага штрыха. Значна паўплываў на творчасць Рэмбранта, Я. ван Ройсдала і інш.

Я.​Ф.​Шунейка.

Х.Сегерс. Горны пейзаж.

т. 14, с. 292

СЕ́ГЕРСТАМ ((Segerstam) Лейф Селім) (н. 2.3.1944, г. Васа, Фінляндыя),

фінскі дырыжор, кампазітар. Скончыў Акадэмію музыкі імя Я.​Сібеліуса (1963), Джульярдскую муз. школу ў Нью-Йорку (1965). З 1966 гал. дырыжор Фін. нац. оперы. З 1968 дырыжор Швед. каралеўскай оперы ў Стакгольме (з 1970 гал. дырыжор, з 1971 яе музік-дырэктар). З 1971 у т-рах «Ковент-Гардэн», «Метраполітэн-опера», выступаў з рознымі еўрап. аркестрамі, у т. л. на Зальцбургскіх фестывалях. З сярэдзіны 1970-х г. пастаянны дырыжор сімф. аркестра Фін. радыё ў Хельсінкі, Аўстр. радыё ў Вене, кіраўнік «Сегерстам-квартэта». Аўтар 4 балетаў, п’есы для сімф. і стр. арк., канцэрта для скрыпкі з арк. (1967), 12 стр. квартэтаў (1962—77), тв. для голасу з арк. і з фп. і інш. Яго мастацтва адметнае эмацыянальнасцю, навізной інтэрпрэтацый.

т. 14, с. 292

СЕГЕТА́ЛЬНЫЯ РАСЛІ́НЫ (ад лац. segetalis які расце сярод збажыны),

расліны ў пасевах с.-г. культур, жыццёвы цыкл якіх прыстасаваны да пэўных культур і звязаны з іх цыклам развіцця. Напр., рыжак ільняны і жыцік ільняны сустракаюцца толькі ў пасевах лёну, а брыца рысавая — у пасевах рысу. Зрэдку тэрмін «С.р.» ўжываюць як сінонім пустазелля.

т. 14, с. 292

СЕГІДЫ́ЛЬЯ (ісп. seguidilla),

іспанскі нар. танец-песня. Муз. памер ​3/4. Тэмп жывы. Узнік у Кастыліі ў 15—16 ст. Мае рэгіянальныя разнавіднасці, гал. з якіх мурыйская і севільская. Тэксты пераважна лірычныя ці жартоўныя. Выконваецца пад акампанемент гітары, бандур і кастаньет.

т. 14, с. 292

СЕГМЕ́НТ (лац. segmentum адрэзак, паласа ад seco рэжу, рассякаю),

1) С. на плоскасці — плоская фігура, якая знаходзіцца паміж крывой і яе хордай. Напр., С. круга — частка круга, абмежаваная дугой ABC і хордай AC.

2) С. у прасторы — частка цела, абмежаваная плоскасцю і кавалкам паверхні, які адсякаецца гэтай плоскасцю.

3) С. — тое, што адрэзак.

Сегмент круга.

т. 14, с. 292

СЕГМЕНТА́ЦЫЯ,

гл. ў арт. Метамерыя.

т. 14, с. 292

СЕГНЕ́ТАВА СОЛЬ,

падвойная натрыева-каліевая соль віннай кіслаты KOOC(CHOH)2COONa∙4H2O. Адкрыта франц. аптэкарам Э.​Сеньетам (1655) і названа яго імем. Бясколерныя крышталі, якія добра раствараюцца ў вадзе (1390 г/л пры 30 °C). Шчыльнасць 1776 кг/м³, tпл=55,6 °C, малекулярная маса 282,12. Ад тэрміна «С.с.» паходзіць назва класа рэчываў са своеасаблівымі дыэлектрычнымі ўласцівасцямі, якія выяўлены ў гэтай солі (гл. Сегнетаэлектрыкі).

т. 14, с. 292

СЕГНЕТАПАЎПРАВАДНІКІ́,

крышталічныя матэрыялы, якія спалучаюць уласцівасці сегнетаэлектрыкаў і паўправаднікоў. Тыповыя С.: ёдыд-сульфід сурмы SbSI, тытанат барыю BaTiO3. Сегнетаэл. і паўправадніковыя ўласцівасці С. узаемна звязаны: пры змене канцэнтрацыі носьбітаў зараду (асвятленнем, награваннем, легіраваннем) назіраецца змена сегнетаэл. уласцівасцей (напр., змена даменнай структуры, зрух пункта Кюры і інш.). У прыватнасці, у С. назіраецца хуткая змена аптычных характарыстык пры асвятленні, напр., падвойнага праменепераламлення (фотарэфрактыўны эфект), што застаецца і пасля спынення асвятлення. У сваю чаргу спантанная палярызацыя, нелінейнасць дыэлектрычнай пранікальнасці (сегнетаэл. ўласцівасці С.) абумоўліваюць электронныя працэсы ў С., не тыповыя для звычайных паўправаднікоў, напр., істотнае адрозненне паверхневай праводнасці ад аб’ёмнай. Выкарыстоўваюцца ў галаграфічных прыладах, тэрмарэгулятарах, тэрмакампенсатарах, сістэмах аптычнай памяці і інш.

Літ.:

Фридкин В.М. Сегнетоэлектрики — полупроводники. М., 1976.

П.​А.​Пупкевіч.

т. 14, с. 293

СЕГНЕТАЭЛА́СТЫК, фераэластык,

дыэлектрычны монакрышталь, асобныя вобласці якога (сегнетаэластычныя дамены), адрозніваюцца спантаннай (самаадвольнай) дэфармацыяй крышталічнай рашоткі. Такая дэфармацыя ўзнікае пры зніжэнні т-ры ў выніку фазавага пераходу з зыходнай (параэластычнай) фазы ў менш сіметрычную сегнетаэластычную фазу.

С. у сегнетаэластычнай фазе з’яўляецца мех. аналагам сегнетаэлектрыкаў і ферамагнетыкаў. крышталь разбіваецца на дамены з аднолькавай арыентацыяй спантаннай дэфармацыі; знешняе мех. напружанне можа зрушаць межы даменаў, пераводзіць крышталь з полідаменнага стану ў монадаменны, пераключаць крышталь з аднаго монадаменнага стану ў другі. Пры гэтым залежнасць дэфармацыі ад знешняга напружання мае выгляд пятлі гістэрззісу. Некат. С. адначасова з’яўляюцца сегнетаэлектрыкамі (напр., сегнетава соль, дыгідрафасфат калію). С. выкарыстоўваюцца пры стварэнні кіроўных ліній затрымкі, акустаэл. і акустааптычных прылад апрацоўкі, мадуляцыі і фільтрацыі сігналаў, а таксама ў розных пераўтваральніках і прыводах.

т. 14, с. 293

СЕГНЕТАЭЛЕ́КТРЫКІ, фераэлектрыкі,

дыэлектрычныя і паўправадніковыя крышталі, якія ў пэўным інтэрвале т-р (у сегнетаэлектрычнай фазе) пры адсутнасці знешніх палёў маюць спантанную (самаадвольную) палярызацыю (гл. Палярызацыя дыэлектрыкаў); асобная група піраэлектрыкаў (гл. Піраэлектрычнасць). Палярызацыя С. абумоўлена зрушэннем іонаў крышталічнай рашоткі адносна іх месцазнаходжання ў непалярызаваных крышталях, а таксама ўпарадкаваннем атамных груп, якія маюць эл. дыпольныя моманты.

Характэрныя асаблівасці С. у сегнетаэлектрычнай фазе (наяўнасць даменаў, сегнетаэлектрычнага гістэрэзіса, вял. дыэлектрычнай пранікальнасці, залежнай ад напружанасці эл. поля, і інш.) выяўлены ў сегнетавай солі (адсюль назва). У некат. крышталяў такая фаза назіраецца пры т-рах, меншых за Кюры пункт, вышэй якога С. страчваюць свае спецыфічныя ўласцівасці; існуюць крышталі, дзе яна абмежавана з двух бакоў пунктамі Кюры; некат. крышталі не маюць пункта Кюры і вобласць існавання сегнетаэл. фазы супадае з тэмпературнай вобласцю існавання крышталя; многія крышталі маюць некалькі сегнетаэл. фаз, якія адрозніваюцца рознай арыентацыяй палярызаванасці. Вядома некалькі соцень С., якія класіфікуюць паводле характару фазавага пераходу ў пункце Кюры, сіметрыі крышталёў і інш. З С. найб. вывучаны ніабат літыю, тытанаты барыю і стронцыю і інш. С. выкарыстоўваюцца ў розных галінах навукі і тэхнікі для ўзаемнага пераўтварэння гукавых і эл. сігналаў, вымярэння т-ры і ціску, у прыёмніках эл.-магн. хваль і інш. Гл. таксама Сегнетаэлектрычнасць.

На Беларусі даследаванні па фізіцы С. вядуцца з 1950-х г. у Ін-це фізікі Нац. АН пад кіраўніцтвам М.М.Сіраты; з 1960-х г. — таксама ў БДУ, Бел. пед. ун-це, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш. Эксперыментальна даследаваны асаблівасці фіз. уласцівасцей С. паблізу ад фазавых пераходаў, распрацаваны метады вырошчвання новых крышталічных С. і вывучаны залежнасці іх уласцівасцей ад умоў вырошчвання і інш.

Літ.:

Лайнс М., Гласс А. Сегнетоэлектрики и родственные им материалы: Пер. с англ. М., 1981.

П.​А.​Пупкевіч.

т. 14, с. 293