Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛЯДО́ВЫ РЭЖЫ́М,

сукупнасць заканамерных працэсаў утварэння, развіцця і разбурэння ледзянога покрыва на водных аб’ектах. Адрозніваюць 3 асн. фазы — замярзанне, ледастаў і крыгалом. Асаблівасці Л.р. для кожнага ўчастка вадацёку вызначаюцца кліматам, умовамі жыўлення ракі, будовай рэчышча і дынамікай патоку; істотна ўплывае на яго гасп. дзейнасць: скідванне ў вадаёмы прамысл. і адпрацаваных вод ЦЭС, буд-ва плацін, паглыбленне і выпростванне рэчышчаў.

Першыя ледзяныя ўтварэнні на рэках Беларусі (шарош, заберагі, сала) адзначаюцца ў 2-й пал. ліст., у бас. р. Нёман — у 1-й дэкадзе снежня. Заберагі і сала раней утвараюцца на прыбярэжных участках, водмелях і затоках. Адначасова пачынае ўзнікаць унутрыводны лёд, які ўсплывае і ператвараецца ў шарош. Наслаенне кавалкаў доннага лёду і шарошу пад ледзяное покрыва можа прывесці да ўтварэння зажораў. Ледастаў звычайна бывае ў сярэдзіне снеж., спачатку на плёсах, потым на перакатах. Трымаецца ў сярэднім каля 100 сут, найб. працяглы на рэках бас. Зах. Дзвіны — да 160 сут. і болей, самы кароткі на рэках бас. Нёмана і Прыпяці — да 10—20 сут. Крыгалом на рэках адбываецца пераважна ў 2-й пал. сакавіка. Ускрыццю рэк папярэднічае ўтварэнне закраін і зрушэнне лёду. На ПдЗ ускрыццё рэк пачынаецца ў 2—3-й дэкадах сак., на працягу месяца дасягае ПнУ. Працягласць веснавога крыгаходу 2—10 сут. На азёрах і вадасховішчах ледзяныя ўтварэнні паяўляюцца звычайна на 1—2, а на Палессі на 3 тыдні пазней, чым на рэках. Сярэдняя працягласць ледаставу на вадаёмах на Пн да 150 сут, на Пд да 130 сут. Азёры і вадасховішчы ачышчаюцца ад лёду на 10—15 сут пазней, чым рэкі.

т. 9, с. 420

ЛЯДСК,

вёска ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Спушанка. Цэнтр сельсавета. За 9 км на ПнЗ ад г. Шчучын, 74 км ад Гродна, 17 км ад чыг. ст. Ражанка. 129 ж., 47 двароў (1999). Бібліятэка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Станіславаўскі касцёл (пач. 20 ст.).

т. 9, с. 420

ЛЯ́ДСКІ БОЙ 1943.

Адбыўся паміж партызанскім атрадам «Камсамол» (камандзір П.С.Вараб’ёў) 1-й Мінскай партыз. брыгады і гарнізонам ням.-фаш. захопнікаў у в. Ляды Смалявіцкага р-на 28 лют. ў Вял. Айч. вайну. Узяты ў палон нач. каравула лядскага гарнізона згадзіўся правесці партызан у вёску. У ноч на 28 лют. адна група партызан нейтралізавала вартавых і акружыла каравульнае памяшканне, другая бясшумна пранікла ў казарму і авалодала зброяй праціўніка. Праз паўгадзіны супраціўленне ворага было зламана. Партызаны захапілі шмат зброі і боепрыпасаў.

У.С.Пасэ.

т. 9, с. 420

ЛЯДЫ́,

вёска ў Валяўкоўскім с/с Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. на р. Мярэя (прыток Дняпра). Цэнтр саўгаса. За 29 км на У ад г. Дуброўна, 140 км ад Віцебска. 707 ж., 287 двароў (1999).

Вядома з канца 16 ст. ў Аршанскім пав. З 1607 сяло, уладанне падстолія ВКЛ М.Глябовіча, з сярэдзіны 17 ст. — Сапегаў. У 1672 мястэчка. Ў 1738 — 23 дымы, у 1745 пабудавана Пакроўская царква, у 1799 — царква Іаана Багаслова. З 1772 у Рас. імперыі. З 1773 мястэчка Л. ў дзярж. кіраванні, пазней уласнасць кн. Пацёмкіна, Любамірскіх. У вайну 1812 у ваколіцах Л. дзейнічаў партыз. атрад Дз.В.Давыдава. У 1897 у Хаўбнянскай вол. Горацкага пав. Магілёўскай губ.; 4434 ж., 599 дамоў, 4 правасл. царквы, 2 багадзельні, 8 яўр. i 1 царк.-прыходская школа, паштова-тэлегр. станцыя, 2 гарбарні, 2 крупадзёркі, 3 маслабойні, 11 кузняў, 4 пенькатрапальні, 3 ільнотрапальні, вадзяны млын, 82 гандл. і 2 піўныя крамы, шынок, 2 заезныя двары, 2 кірмашы на год. У рэвалюцыю 1905—07 дзейнічала Ляднянская арг-цыя РСДРП. З 1923 цэнтр воласці Горацкага пав. Смаленскай губ. З 3.3.1924 у БССР, з 17.7.1924 да 8.7.1931 цэнтр Ляднянскага раёна Аршанскай акр. У 1924—26 і з 1954 цэнтр сельсавета, з 1938 у Віцебскай вобл. У 1925 у Л. 3747 ж., 689 гаспадарак. З 27.9.1938 да 10.3.1954 — гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі разбурылі гар. пасёлак, загубілі частку жыхароў. У 1963—781 ж., 229 двароў, у 1972—735 ж., 275 гаспадарак.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, дзіцячы сад, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Радзіма мастака С.К.Заранкі.

В.М.Князева.

т. 9, с. 420

ЛЯ́ДЫ,

вёска ў Чэрвеньскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Чэрвень—в. Якшыцы. Цэнтр сельсавета. За 24 км на ПдУ ад г. Чэрвень, 86 км ад Мінска, 10 км ад чыг. ст. Градзянка. 444 ж., 166 двароў (1999).

З канца 18 ст. ў Ігуменскім пав. Мінскай губ. У 1897 было 377 ж., 65 гаспадарак, царква, крама, кузня. У 1917 існавалі Старыя і Новыя Л. З 1924 Старыя Л. — цэнтр сельсавета. У Вял. Айч. вайну ў студз. 1943 партызаны разграмілі фаш. гарнізон у Старых Л., за што гітлераўцы расстралялі 45 жыхароў вёскі. У 1966 Старыя і Новыя Л. аб’ядналіся ў адну вёску Л.

Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання. Магіла ахвяр фашызму.

Г.І.Дулеба.

т. 9, с. 420

ЛЯЖНЕ́ВІЧ (Алесь) (Аляксандр Францавіч; 1890, в. Сенцяняты Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. — 1937?),

бел. тэатр. дзеяч, драматург. У 1911—14 удзельнік Бел. муз.-драм. гуртка ў Вільні. З 1917 у Адэсе, акцёр абл. т-ра, тэатр. калектыву бежанскай суполкі «Беларускі гай»; адначасова вучыўся ў прыватнай тэатр. школе. З 1920 у Мінску, акцёр БДТ-1, у 1921 яго дырэктар. У 1920 адзін з кіраўнікоў тэатр. секцыі Клуба бел. моладзі (дзейнічаў у памяшканні б. «Беларускай хаткі»), у 1921 у складзе праўлення «Хаты беларускага мастацтва». У 1922/23?—26 дырэктар Бел. драм. студыі ў Маскве, да 1927 інспектар Наркамасветы па справах мастацтва. Пазней працаваў у Ленінградзе на кінастудыі «Савецкая Беларусь». Аўтар кн. «Сялянскі тэатр: Дарады ў пытаннях тэатральнай тэхнікі і методы пастаноўкі п’ес сялянскімі і гарадскімі клубнымі драмгурткамі» (1928), складальнік зб. «Дэкламатар» (1928). Зрабіў інсцэніроўку паэмы М.Чарота «Босыя на вогнішчы» (паст. 1923). Аўтар героіка-рэв. драмы «З дымам-пажарам» (пад псеўд. А.Бяздольны) і п’есы «Навала» (пад псеўд. Язэп Церабеж). Апрацаваў для бел. сцэны камедыю І.Бэна «Цудадзеі» (1927), інсцэніроўку «Таміла» паводле рамана Ф.Дзюшэна (паст. ў Бел. дзярж. вандроўным т-ры У.Галубка, 1928). У 1930 арыштаваны, асуджаны на 5 гадоў высылкі. У 1937 арыштаваны зноў, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957.

У.В.Мальцаў.

т. 9, с. 420

«ЛЯЗІ́НКА»,

«Лязгінка», бел. нар. танец. Муз. памер ​2/4, тэмп умераны. Вядомы з канца 19 — пач. 20 ст. (зафіксаваны ў 1970-я г. ў в. Глінка і Гарадзец Столінскага р-на). Выконваецца парамі: юнак стаіць злева ад дзяўчыны, трымаючы правай рукой (ззаду над правым плячом) яе правую руку, левыя рукі партнёраў, сагнутыя ў локцях, злучаны. Пары злёгку паварочваюцца то ў левы, то ў правы бок, выносячы на абцас адпаведна левую і правую нагу і прытупваючы на месцы, потым робяць поўны абарот у левы бок, прытупваюць, адбіваючы рытм. Асобныя танцоры ўключаюць элементы імправізаванага танца, выконваючы адзін перад адным дробныя выстукванні, пры гэтым правую руку, сагнутую ў локці, трымаюць на ўзроўні грудзей, а левую адводзяць убок, што нагадвае «Лезгінку» (адсюль, відаць, і назва «Л.»).

т. 9, с. 420

ЛЯЙБО́ВІЧ (Гершка) (1700—1770),

бел. гравёр. Працаваў у Нясвіжскай друкарні кн. Радзівілаў. Для альбома «Выява роду князёў Радзівілаў» (надрукаваны ў Нясвіжскай друкарні ў 1758, экзэмпляр захоўваецца ў Нац. гіст. архіве Рэспублікі Беларусь) выканаў партрэты Вайшунда (Войсцундуса) I Хрысціяна і Караля Станіслава (Пане Каханку; 1750-я г.), 3 экслібрысы для нясвіжскай б-кі, герб Радзівілаў (змешчаны ў «Артыкулах ваенных», Нясвіж, 1754), награвіраваў карту літ. правінцыі бернардзінцаў, інтэр’ер касцёла езуітаў у Нясвіжы і інш.

Літ.:

Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984. С. 170—175.

Г.Ляйбовіч. Партрэт Вайшунда (Войсцундуса) І.Хрысціяна. 1750-я г.

т. 9, с. 420

ЛЯЙПУ́НСКІ (Аляксандр Ільіч) (7.12. 1903, с. Драглі, цяпер Польшча — 14.8.1972),

украінскі і расійскі фізік, стваральнік навук. школы фізікаў-ядзершчыкаў. Акад. АН Украіны (1934). Герой Сац. Працы (1963). Скончыў Ленінградскі політэхн. ін-т (1926). З 1929 у Фізіка-тэхн. ін-це ў Харкаве (у 1932—37 дырэктар), з 1941 у Ін-це фізікі АН Украіны (у 1944—49 дырэктар). З 1952 у Фіз.-энергет. ін-це (г. Обнінск, Paci»), адначасова з 1946 у Маскоўскім інж.-фіз. ін-це. Навук. працы па атамнай і ядз. фізіцы, ядз. тэхніцы. Раза́м з інш. ўпершыню ў СССР здзейсніў расшчапленне атамнага ядра паскоранымі часціцамі (1932). Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны ядз. рэактары-размнажальнікі на хуткіх нейтронах і даказана магчымасць расшыранага ўзнаўлення ў іх ядз. гаручага. Ленінская прэмія 1960.

Літ.:

К 75-летию А.И.Лейпунского // Атомная энергия. 1978. Т. 45, вып. 5.

А.І.Ляйпунскі.

т. 9, с. 421

ЛЯКА́ЛА,

1) чарцёжны інструмент для правядзення і праверкі крывых ліній. Бываюць простыя (з дрэва, пластмасы, металу, маюць крывалінейны край) і універсальныя з пераменнай крывізной (стальная лінейка з прыстасаваннем, якое зменьвае яе канфігурацыю — крывізну).

2) Бясшкальны вымяральны інструмент або разметачнае прыстасаванне (шаблон) у выглядзе стальной пласціны з рабочым краем, зробленым па адваротным профілі вырабу. Выкарыстоўваецца ў машына- і суднабудаванні для кантролю і абводкі крывалінейных контураў фасонных дэталей.

т. 9, с. 421