Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЛЯЛЕ́ВЕЛЬ ((Lelewel) Іаахім) (22.3.1786, Варшава — 29.5.1861),

польскі гісторык, паліт. дзеяч. Скончыў Віленскі ун-т (1808). У 1815—18 выкладчык, 1821—24 праф. Віленскага ун-та (звольнены ў сувязі з працэсам філарэтаў). У 1828—31 дэпутат сейма. У час паўстання 1830—31 у складзе Часовага ўрада, старшыня Патрыятычнага таварыства. З 1831 у Парыжы, узначальваў Польскі нац. к-т, з 1833 у Бруселі, чл. кіраўніцтва падп. рэв. «Саюза дзяцей польскага народа» (1935), кіраўнік і ідэолаг «Аб’яднання польскай эміграцыі» (1837—46), пасля яго роспуску чл. Польскага дэмакратычнага таварыства. Заклікаў да аб’яднання міжнар. дэмакр. сіл, падтрымаў ініцыятыву заснавання ў Бруселі міжнар. Дэмакратычнай асацыяцыі (1847). Даследаваў гісторыю Польшчы, Беларусі, інш. краін. У сваіх працах развіваў новы погляд на гісторыю Польшчы. Насуперак манархічнай інтэрпрэтацыі лічыў, што рэсп. ідэі і звязаныя з імі каштоўнасці (свабода, роўнасць, братэрства) з’яўляюцца асн. рысамі польскага нац. духа і вызначаюць ход гіст. працэсу. У шляхецкім рэспубліканізме бачыў увасабленне, хоць і абмежаванае, найістотнейшых прынцыпаў польск. гісторыі. Крытыкаваў запрыгоньванне сялян, тлумачыў яго чужымі манархічнымі ўплывамі. Інтэрпрэтацыя Л. супярэчыла канцэпцыям франц. рэфарматараў гіст. навукі (А.​Цьеры, Ф.​Гізо і інш.). У «Гісторыі Літвы і Русі аж да уніі з Польшчай у Любліне» (1839) побач з Вял. Ноўгарадам паставіў сярэдневяковую «рэспубліку» Полацк, пісаў пра ўсх.-слав. культуру, значэнне старабел. мовы ў ВКЛ; разам з І.Даніловічам выдаў Статут ВКЛ 1529 на тагачаснай бел. мове. Сярод прац: «Панаванне Станіслава Аўгуста» (1831), «Народы на славянскіх землях да ўзнікнення Польшчы» (1853), «Заўвагі па гісторыі Польшчы і яе народа» (1855); «Лекцыі па ўсеагульнай гісторыі» (т. 1—4, 1850). Даследаваў стараж. і сярэдневяковую геаграфію («Вывучэнне старажытнасці з пункту гледжання геаграфіі», 1818; «Геаграфія сярэдніх вякоў», т. 1—5, 1852—57). Займаўся метадалогіяй гісторыі («Гісторыка», 1815), гістарыяграфіяй («Гісторыя гісторыі, яе даследаванняў і мастацтва», надрук. ў 1964). Заклаў асновы сучаснай навукі пра кнігу («Дзве бібліяграфічныя кнігі», т. 1—2, 1823—26; «Гісторыя бібліятэк», 1827).

Тв.:

Dzieła. T. 1—8, 10. Warszawa, 1957—72.

Літ.:

Kieniewicz S. Joachim Lelewel. Warszawa, 1990;

Krzemiéniecki L. Joachim Lelewel: Narodowy portret sztukmistrza. Wrocław, 1991.

Н.​К.​Мазоўка.

І.Лялевель.

т. 9, с. 421

ЛЯЛЕ́ВІЧ (Уладзімір Валяр’янавіч) (н. 22.9.1956, г.п. Сапоцкін Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне біяхіміі. Д-р мед. н. (1992), праф. (1993). Скончыў Гродзенскі мед. ін-т (1979), працуе ў ім (у 1990—96 нам. дэкана, з 1997 заг. кафедры). Навук. працы па асаблівасцях вугляводнага абмену, парушэннях вугляводнага і энергет. абмену ў розных аддзелах галаўнога мозга, пры алкагалізме, сац.-эпідэміял. аналізе, прагназіраванні і лячэнні наркалагічных захворванняў, уплыве радыенуклідаў на арганізм.

Тв.:

Клинико-экспериментальные аспекты влияния инкорпорированных радионуклидов на организм. Гомель, 1995 (у сааўт.);

Социально-эпидемиологическая характеристика контингента наркоманов и токсикоманов (разам з А.​У.​Казлоўскім, Г.​І.​Забароўскім) // Здравоохранение. 1997. № 4.

т. 9, с. 421

ЛЯЛЕ́ВІЧ Г. (сапр. Калмансон Лабары Гілелевіч; 30.9.1901, г. Магілёў — 1937),

гісторык, паэт, крытык. У гады рэвалюцыі і грамадз. вайны на парт. рабоце. У 1917 друкаваў вершы ў магілёўскай газ. «Молот». Аўтар нарысаў па гісторыі рэв. руху і грамадз. вайны ў Беларусі. У 1920—30 апублікаваў прысвечаныя рэвалюцыі зб. вершаў. «Набат» (1921), «У Смольным» (1925) і паэму «Голад» (1921) і інш. Адзін з праваднікоў вульгарнай вузкакласавай парт. крытыкі, для чаго выкарыстоўваў свае пасады рэдактара час. «На посту» і кіраўніка ВАПП. У 1937 арыштаваны як трацкіст, расстраляны. Рэабілітаваны пасмяротна.

Тв.:

Стрекопытовщина: Страничка из истории контррев. выступлений в годы гражданской войны. 2 изд. М.;

Пб., 1923;

Клинок и книга: Памяти Дмитрия Фурманова. М.; Л., 1926;

Воинствующий идеализм на фронте литературоведения // Вестн. Ком. Академии. 1927. Кн. 22.

У.​М.​Міхнюк.

т. 9, с. 421

ЛЯЛЕМА́НЦЫЯ (Lallemantia),

род кветкавых раслін сям. губакветных. 6 відаў. Пашырана ў Азіі. Вырошчваецца як алейная расліна Л. іберыйская (L. iberica) у Турцыі, Іране, Крыме, на Каўказе. Стараж. культура Арменіі.

Л. іберыйская — аднагадовая травяністая расліна. Сцябло моцнагалінастае, чатырохграннае, прамастойнае, выш. да 70 см. Лісце падоўжанае, супраціўнае. Кветкі двухполыя, белыя, бэзавыя, ружовыя. Плод — дробны арэшак. Насенне мае ў сабе 35—38% алею, прыдатнага ў ежу і на тэхн. мэты; макуха ідзе на корм жывёле. Харч. і тэхн. расліны.

У.​П.​Пярэднеў.

Лялеманцыя.

т. 9, с. 421

«ЛЯЛІ́ВА»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся каля 350 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Абрамовічы, Глябовічы, Дарагастайскія, Забярэзінскія, Манівідавічы, Сяняўскія, Тарноўскія, Тышкевічы, Чапскія. У блакітным полі залаты маладзік рагамі ўгору, над ім залатая 6-прамянёвая зорка. Клейнод — над прылбіцай з каронай на паўлінавых пёрах такія ж маладзік і зорка. Вядомы з пач. 14 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

Герб «Ляліва».

т. 9, с. 422

ЛЯЛЬКО́ (Хрысціна Аляксееўна) (н. 30.3.1956, в. Хадзюкі Лідскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1979). З 1979 працавала ў Літ. музеі Я.​Купалы, у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», з 1984 у час. «Беларусь». З 1996 гал. рэдактар штоквартальніка «Наша вера». Дэбютавала вершамі ў 1971. У апавяданнях і аповесцях (зб-кі «Дарога пад гару», 1985, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1986; «Світанак над бярозамі», 1989) — жыццё сучаснікаў, маральна-этычныя праблемы, роздум над складанымі пытаннямі часу, каларытная мова. Апрацоўвае бел. нар. казкі («Залатое пяро», 1990; «Хітрэй свету не будзеш», 1991). На бел. мову пераклала нарыс І.​Сыракомлі «Мінск» (1992), кнігі А.​Зубербера «Ці ведаю, у што веру», папы рымскага Яна Паўла II «Пераступіць парог надзеі» (абедзве 1997), «Дар і Таямніца» (1998).

І.​У.​Саламевіч.

т. 9, с. 422

ЛЯЛЬЧУ́К (Сямён Абрамавіч) (25.9.1918, г. Калінкавічы Гомельскай вобл. — 1941),

яўрэйскі паэт. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1939). Прапаў без вестак на фронце. Адзін з аўтараў «Зборніка вершаў» (1940). На бел. мову вершы Л. перакладаў А.​Вялюгін.

Тв.:

Бел. пер. — У кн.: Мы іх не забудзем. Мн., 1949.

т. 9, с. 422

ЛЯЛЯ́ЎСКІ (Аляксей Анатолевіч) (н. 2.2.1957, Мінск),

бел. рэжысёр т-ра лялек. Сын А.А.Ляляўскага. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1980). З 1979 у Дзярж. т-ры лялек Беларусі, з 1986 гал. рэжысёр. У 1982—86 гал. рэжысёр Магілёўскага абл. т-ра лялек. Адначасова з 1989 выкладае ў Бел. АМ. Рэжысёр з адметным бачаннем мастацтва т-ра лялек. Значнае месца ў яго творчасці займаюць сучасныя інсцэніроўкі дзіцячай класікі. Сярод пастановак для дзяцей: у Магілёўскім т-ры — «Віні-Пух і ўсе, усе, усе...» паводле А.​Мілна (1982), «Дзіўныя прыгоды ката ў ботах» Н.​Слепаковай паводле Ш.​Перо (1984), «Дзед і Жораў» В.​Вольскага (1985); у Дзярж. т-ры — «Салавей» паводле Х.​К.​Андэрсена (1980), «Граф Глінскі-Папялінскі» А.​Вольскага (1987), «Прыгоды Бураціна ў краіне дурняў» паводле А.​Талстога і «Папялушка, ці Перамога дабрачыннасці» Ж.​Маснэ (1991) і інш. 3 пастановак для дарослых: «Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты» П.​Неруды (1980), «Трыстан і Ізольда» паводле сярэдневяковай легенды (1983), «Майстар і Маргарыта» паводле М.​Булгакава (1987), «Бура» У.​Шэкспіра, «Сымон-музыка» паводле Я.​Коласа (абедзве 1990), «Прывіды каляднае ночы» («Цар Ірад») Г.​Барышава (1993), «Ганэле» Г.​Гаўптмана (1999) і інш. Ставіў спектаклі ў т-рах лялек Расіі, Германіі, Нідэрландаў, Літвы, Польшчы, Славеніі.

М.​А.​Каладзінскі.

т. 9, с. 422

ЛЯЛЯ́ЎСКІ (Анатоль Аляксандравіч) (6.3.1923, Масква — 7.1.1995),

бел. рэжысёр т-ра лялек. Нар. арт. Беларусі (1979). Скончыў Ташкенцкі тэатр.-маст. ін-т (1952). У 1956—86 гал. рэжысёр Дзярж. т-ра лялек Беларусі, з 1975 адначасова выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це. Пастаноўкам яго ўласцівы жанравая разнастайнасць, беражлівыя адносіны да аўтарскай канцэпцыі і маст. своеасаблівасці твора, дэталёвая распрацоўка ўнутр. лініі персанажа ў спалучэнні з дакладнасцю і выразнасцю знешняга малюнка ролі. Сярод лепшых пастановак па творах бел. аўтараў «Дзед і Жораў» В.​Вольскага (1957), «Сярэбраная табакерка» паводле З.​Бядулі (1961), «Марынка-крапіўніца» А.​Вольскага і П.​Макаля (1962), «Ліпавічкі» паводле У.​Галубка (1969), «Скажы сваё імя, салдат» А.​Вярцінскага, «Сымон-музыка» паводле Я.​Коласа (1982). 3 інш. пастановак «Чароўная лямпа Аладзіна» Н.​Гернет (1956), «Кот у ботах» Г.​Уладычынай (1959), «Канёк-Гарбунок» паводле П.​Яршова (1960), «Доктар Айбаліт» паводле К.​Чукоўскага (1966), «Зорны хлопчык» паводле О.​Уайльда (1978), «Казка пра цара Салтана» паводле А.​Пушкіна (1984). Спектаклі для дарослых: «Чортаў млын» Я.​Дрды, «Цудоўная Галатэя» Б.​Гадар і С.​Дарваша (абодва 1968), «Боская камедыя» І.​Штока (1971), «Клоп» У.​Маякоўскага (1975), «Прыгоды бравага салдата Швейка» паводле Я.​Гашака (1981), «Хачу быць богам, або Спакушэнне Гефеста» (1983), «Жаваранак» Ж.​Ануя (1984). Аўтар кніг «Лялечны тэатр у школе» (1967), «Тэатр лялек» (1974).

М.​А.​Каладзінскі.

Анатоль Аляксандравіч Ляляўскі.

т. 9, с. 422