ЛЯЛЯ́ЎСКІ (Анатоль Аляксандравіч) (6.3.1923, Масква — 7.1.1995),

бел. рэжысёр т-ра лялек. Нар. арт. Беларусі (1979). Скончыў Ташкенцкі тэатр.-маст. ін-т (1952). У 1956—86 гал. рэжысёр Дзярж. т-ра лялек Беларусі, з 1975 адначасова выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це. Пастаноўкам яго ўласцівы жанравая разнастайнасць, беражлівыя адносіны да аўтарскай канцэпцыі і маст. своеасаблівасці твора, дэталёвая распрацоўка ўнутр. лініі персанажа ў спалучэнні з дакладнасцю і выразнасцю знешняга малюнка ролі. Сярод лепшых пастановак па творах бел. аўтараў «Дзед і Жораў» В.​Вольскага (1957), «Сярэбраная табакерка» паводле З.​Бядулі (1961), «Марынка-крапіўніца» А.​Вольскага і П.​Макаля (1962), «Ліпавічкі» паводле У.​Галубка (1969), «Скажы сваё імя, салдат» А.​Вярцінскага, «Сымон-музыка» паводле Я.​Коласа (1982). 3 інш. пастановак «Чароўная лямпа Аладзіна» Н.​Гернет (1956), «Кот у ботах» Г.​Уладычынай (1959), «Канёк-Гарбунок» паводле П.​Яршова (1960), «Доктар Айбаліт» паводле К.​Чукоўскага (1966), «Зорны хлопчык» паводле О.​Уайльда (1978), «Казка пра цара Салтана» паводле А.​Пушкіна (1984). Спектаклі для дарослых: «Чортаў млын» Я.​Дрды, «Цудоўная Галатэя» Б.​Гадар і С.​Дарваша (абодва 1968), «Боская камедыя» І.​Штока (1971), «Клоп» У.​Маякоўскага (1975), «Прыгоды бравага салдата Швейка» паводле Я.​Гашака (1981), «Хачу быць богам, або Спакушэнне Гефеста» (1983), «Жаваранак» Ж.​Ануя (1984). Аўтар кніг «Лялечны тэатр у школе» (1967), «Тэатр лялек» (1974).

М.​А.​Каладзінскі.

Анатоль Аляксандравіч Ляляўскі.

т. 9, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)