Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛЯБЕ́ДНІК (Atriplex),

род кветкавых раслін сям. лебядовых. Больш за 200 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных паясах. На Беларусі 8 відаў. Найб. вядомыя Л.: раскідзісты (A. patula), татарскі (A. tatarica), кап’ялісты (A. prostrata).

Адна- і шматгадовыя травы, паўкусты і кусты. Лісце чаргаванае, часта, як і сцёблы, з мучністым налётам. Кветкі у клубочках, сабраных у коласападобныя ці мяцёлчатыя суквецці, песцікавыя пераважна без калякветніка. Плод — аднанасенны арэшак. Харч., тэхн., кармавыя, лек., дэкар. расліны; ёсць ядавітыя і пустазелле.

Лябеднік татарскі.

т. 9, с. 415

ЛЯБЕ́ЦКАЯ (Алена Канстанцінаўна) (15.7.1903, б. хутар Лягуцева, Слонімскі р-н Гродзенскай вобл. — 28.1.1982),

дзеяч рэв. і нац. вызв. руху ў Зах. Беларусі. Стварала гурткі Таварыства беларускай школы (ТБШ). 3 ліст. 1927 сакратар Слонімскай акр. управы ТБШ. На 1-м з’ездзе ТБШ (1927) выбрана старшынёй рэвіз. камісіі, на 2-м (1929) — старшынёй кантрольнага савета. За рэв. дзейнасць у 1928 зняволена ў турму ўладамі Польшчы. Дэлегат 1-га антыфаш. кангрэса (1929, Берлін), чл. зах.-бел. к-та па падрыхтоўцы Еўрап. сял. кангрэса, яго дэлегат. У лют. 1930 арыштавана, засуджана на 6 гадоў турмы. У выніку абмену палітвязнямі з 1933 у БССР; працавала ў ЦК Міжнар. арг-цыі дапамогі барацьбітам рэвалюцыі Беларусі. Аўтар успамінаў.

т. 9, с. 415

ЛЯБЁДКА,

машына для пад’ёму, апускання і падцягвання грузаў з дапамогай каната або ланцуга. Развіваюць цягавае намаганне да 200 кН.

Бываюць стацыянарныя (падлогавыя, насценныя, столевыя) і перасоўныя (на рэйкавых або бязрэйкавых цялежках), з машынным (эл., пнеўматычным, гідраўлічным, ад рухавіка ўнутр. згарання) і ручным прыводам. Выкарыстоўваюцца як самаст. машыны пры пагрузачна-разгрузачных, буд., мантажных, складскіх, манеўровых (з рухомым саставам) работах, пры тралёўцы лесу і штабеляванні драўніны, швартоўцы суднаў, пад’ёме якараў, а таксама як частка землярыйных і дарожных машын, грузападымальных кранаў, капроў, канатных дарог, скрэперных і буравых установак і інш.

Лябёдкі: а — ручная рычажная (1, 2 — прывадныя рукаяткі прамога і зваротнага ходу); б — барабанная электрычная (1 — электрарухавік, 2 — рэдуктар, 3 — барабан).

т. 9, с. 415

ЛЯБЁДКІН (Сяргей Іванавіч) (17.12. 1886, Масква — 8.3.1942),

бел. вучоны ў галіне анатоміі і эмбрыялогіі; адзін з заснавальнікаў марфал. мед. навукі ў Беларусі. Д-р мед. н. (1934), праф. (1925). Скончыў Маскоўскі ун-т (1911, 1914). З 1922 заг. кафедры Мінскага мед. ін-та, з 1934 заг. аддзела Прыродазнаўча-навук. ін-та (Ленінград). Навук. працы па будове ўнутр. вуха пазваночных жывёл, спіннога мозга, анта- і філагенезе і інш. Распрацаваў шэраг тэарэт. праблем эвалюц. марфалогіі і метадаў графічных і пластычных рэканструкцый.

Тв.:

Біягенетычны закон і тэорыя рэкапітуляцый. Мн., 1936;

Основы теоретической анатомии человека. Рига, 1963 (разам з П.Я.Герке).

т. 9, с. 415