Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛЯ́НДА (Юрый Аўраамавіч) (29.3.1892, Мінск — 19.8.1960),

генерал-лейтэнант ветэрынарнай службы (1944). Праф. (1946). Скончыў Варшаўскі вет. ін-т (1916). У арміі з 1916, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. 1918—20, сав.-фінл. 1939—40 войнаў. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 на Паўн. і Ленінградскім франтах, удзельнік абароны і прарыву блакады Ленінграда, баёў пад Ноўгарадам, у Карэліі і Прыбалтыцы. У 1945—49 нач. вет. службы Ленінградскай ваен. акругі.

т. 9, с. 424

ЛЯ́НДРАС (Ілья Гіршавіч) (н. 7.6.1937, г. Гомель),

бел. вучоны ў галіне лазернай медыцыны. Д-р мед. н. (1994), праф. (1999). Скончыў Свярдлоўскі мед. ін-т (1960). З 1988 заг. аддзела гар. клінічнай бальніцы хуткай дапамогі Мінска, з 1996 адначасова ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па механізмах узаемадзеяння лазернага выпрамянення і біятканак, выкарыстанні лазераў у хірургіі і тэрапіі, распрацоўцы лазернай апаратуры.

Тв.:

Механизмы биостимуляции низкоинтенсивного лазерного излучения. Мн., 1998 (у сааўт.);

Низкоинтенсивные лазеры в клинической практике. Мн., 1998 (у сааўт.).

т. 9, с. 424

ЛЯНІ́ЎЦЫ,

група млекакормячых жывёл атр. непаўназубых. 2 сям.: уласна Л. (Bradypodidae) — 1 род, 3 віды і двухпальцаляніўцавыя (Megalonychidae) — 1 род, 2 віды. Пашыраны ў Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. Начныя дрэвавыя жывёлы. Ашыйнікавы Л. (Bradypus torquatus) у Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. да 65 см, маса да 7 кг. Поўсць доўгая, шаравата-бурая, з зеленаватым адценнем, якое надаюць водарасці, што развіваюцца ў поўсці. Пярэднія канечнасці даўжэйшыя за заднія. Кісці і ступні вузкія, выгнутыя. Пальцы (2 або 3) зрослыя на ўсю даўж., з доўгімі кіпцюрамі. Галава можа паварочвацца на 180°. Маларухомыя. Расліннаедныя. Раз у год нараджаюць 1 дзіцяня. Аб’екты промыслу.

Э.Р.Самусенка.

Лянівец Гофмана.

т. 9, с. 425

ЛЯНКЕ́ВІЧ (Аляксандр Алаізавіч) (псеўд. Ляндэр ; 1823, Гродзенская губ. — ?),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Беларусі, Літве і Польшчы. У 1840—61 у арміі, падпалкоўнік. Пасля адстаўкі жыў у сваім фальварку Панюкі Гродзенскага пав. 2.5.1863 падняў паўстанне ў Гродзенскім пав. Пасля аб’яднання з ваўкавыскімі паўстанцамі — вайсковы нач. Гродзенскага і Ваўкавыскага пав. 3.6.1863 каля в. Мілавіды (Баранавіцкі р-н) на чале аб’яднаных сіл гродзенскіх, ваўкавыскіх, слонімскіх і навагрудскіх паўстанцаў нанёс паражэнне урадавым войскам. 1.8.1863 разам з лідскімі паўстанцамі перайшоў Нёман і дзейнічаў у Аўгустоўскай губ. Паўстанцкія ўлады надалі яму званне палкоўніка. У вер. 1863 выехаў за мяжу. Завочна прыгавораны да пакарання смерцю.

Г.В.Кісялёў, Р.Ч.Лянькевіч.

т. 9, с. 425

ЛЯНКЕ́ВІЧ (Габрыэль) (1722—1798),

архітэктар, педагог. Ураджэнец Беларусі. Вучыўся архітэктуры ў Віленскай езуіцкай акадэміі (1752—54) у Т.Жаброўскага і Рыме (1762—65). Займаўся выкладчыцкай дзейнасцю. У 1768—72 праф. архітэктуры, у 1783 рэктар Полацкага езуіцкага калегіума. У 1768 выканаў праект перабудовы капліцы ў касцёле св. Яна ў Вільні.

т. 9, с. 425

ЛЯНО́К,

гл. ў арт. Зарніца.

т. 9, с. 425

ЛЯНО́К (Brachymystax lenok),

рыба сям. ласасёвых. 1 від роду лянкоў. Пашыраны ў рэках і горных азёрах Сібіры і Д. Усходу.

Даўж. да 70 см, маса да 8 кг. Цела цёмна-бурае або чарнаватае з залацістым адценнем. Бакі і плаўнікі ў чорных плямках. Луска дробная. Корміцца дробнай рыбай, лічынкамі насякомых, малюскамі. Пасля нерасту гіне. Аб’ект промыслу.

Лянок.

т. 9, с. 425

«ЛЯНО́К»,

бел. нар. танец, блізкі да карагода. Муз. памер ​2/4 або ​4/4, тэмп ад павольнага да ўмерана хуткага. Выконваецца жанчынамі ў суправаджэнні шматлікіх варыянтаў аднайм. песні. Харэаграфічны малюнак і элементы рухаў імітуюць сяўбу, праполку, вырыванне, рассціланне, сушку лёну, выраб пражы, палатна і пашыў вопраткі. У в. Куранец Вілейскага р-на Мінскай вобл. «Л.» выконваюць юнакі і дзяўчаты, якія становяцца ў 2 рады адзін супраць аднаго. Пачынаюць танец дзяўчаты, а хлопцы падпяваюць, потым ролі мяняюцца. Танец зафіксаваны ў 19 ст. ў Віцебскай вобл. Пашыраны па ўсёй Беларусі. Сцэн. варыянт створаны ў пач. 20 ст. К.Алексютовічам. «Л.» выкарыстаны ў балеце «Салавей» М.Крошнера. Падобны танец вядомы таксама ў Цвярской вобл. Расіі, у Эстоніі.

т. 9, с. 425

ЛЯНТУ́ЛАЎ (Арыстарх Васілевіч) (26.3.1882, в. Варона Пензенскай вобл., Расія — 15.4.1943),

расійскі жывапісец, тэатр. мастак. Вучыўся ў Пензенскім (з 1897) і Кіеўскім (1900—05) маст. вучылішчах, студыі Дз.Кардоўскага ў Пецярбургу (1906—07), у парыжскай акадэміі Ла Палет у А. Ле Факанье і Ж.Метцэнжэ (1911). Праф. маскоўскіх Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрняў — Вышэйшага маст.-тэхн. ін-та (з 1919), Маст. ін-та (1937—43). Адзін з заснавальнікаў аб’яднання «Бубновы валет» (1910). Чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (з 1926), Т-ва маскоўскіх мастакоў (з 1928). У творах 1910-х г. спалучаў рысы кубафутурызму з імкненнем да выяўлення нац. характару праз выкарыстанне матываў рус. стараж. дойлідства, традыцый іканапісу і лубка («Васіль Блажэнны», 1913; «Звон», 1915; «Каля Іверскай», 1916, і інш.). Некаторыя работы блізкія да абстракцыянізму: «Даследаванне сімвалічнага падабенства ў партрэце» (1912), «Дзве жанчыны» (1919) і інш. З 1920-х г. працаваў у рэаліст. манеры, ствараў індустр. пейзажы, партрэты, нацюрморты: «Крэкінг нафтаперапрацоўчага завода» (1931), «Гародніна» (1933), «Нацюрморт з капустай», партрэт В.Дулавай (абодва 1940) і інш. Афармляў спектаклі маскоўскіх т-раў: «Віндзорскія свавольніцы» У.Шэкспіра (1916, Камерны т-р), «Дэман» А.Рубінштэйна (1919, Эксперым. т-р), «Праметэй» А.Скрабіна (1919, Вял. т-р), «Іспанскі святар» Ф.Бамонта і Дж.Флетчэра (1934, МХАТ).

Літ.:

Мурина Е.Б., Джафарова С.Г. Аристарх Лентулов: Путь художника. Художник и время: [Альбом]. М., 1990;

Неизвестный русский авангард в музеях и частных собраниях. М., 1992;

Манин В.С. Аристарх Лентулов. М., 1996.

І.М.Каранеўская.

А.Лянтулаў. Дзве жанчыны. 1919.

т. 9, с. 425

«ЛЯНЦЕ́Й»,

«Лянсей», бел. нар. танец-кадрыля. Муз. памер, як правіла, ​2/4, тэмп хуткі. У пач. 19 ст. пашыраны ў краінах Зах. Еўропы пад назвай «Лансье». 3 пач. 20 ст. шырока вядомы на Беларусі. Дзякуючы прастаце рухаў і разнастайнасці кампазіцыйных пабудоў асіміляваў рысы бел. нар. харэаграфіі і стаў народным. Бытуе і як самаст. танец, які адрозніваецца ад кадрылі павольным характарам выканання (адсюль лакальная назва «Лянівы»), Выконваецца цотнай колькасцю пар, мае да 12 фігур («кола», «пераходы», «здароўканне», «сварацца», «барыня», «полька» і інш.). У структуры «Л.» характэрныя для бел. танц. фальклору малюнкі, калены, хады, рухі. Часта ўключае асобныя фігуры традыцыйных ці гар. быт. танцаў.

т. 9, с. 425