ЛЯНІ́ЎЦЫ,

група млекакормячых жывёл атр. непаўназубых. 2 сям.: уласна Л. (Bradypodidae) — 1 род, 3 віды і двухпальцаляніўцавыя (Megalonychidae) — 1 род, 2 віды. Пашыраны ў Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. Начныя дрэвавыя жывёлы. Ашыйнікавы Л. (Bradypus torquatus) у Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. да 65 см, маса да 7 кг. Поўсць доўгая, шаравата-бурая, з зеленаватым адценнем, якое надаюць водарасці, што развіваюцца ў поўсці. Пярэднія канечнасці даўжэйшыя за заднія. Кісці і ступні вузкія, выгнутыя. Пальцы (2 або 3) зрослыя на ўсю даўж., з доўгімі кіпцюрамі. Галава можа паварочвацца на 180°. Маларухомыя. Расліннаедныя. Раз у год нараджаюць 1 дзіцяня. Аб’екты промыслу.

Э.Р.Самусенка.

Лянівец Гофмана.

т. 9, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)