ЛЯАДУ́НСКІ ЗАЛІ́Ў,
заліў Жоўтага м., каля берагоў Кітая. Абмежаваны з У Ляадунскім п-вам. Даўж. 220 км, шыр. пры ўваходзе 175 км, глыб. 10—50 м. Зімой каля берагоў — плаваючыя крыгі. Прылівы няправільныя паўсутачныя (каля 4,4 м). Парты — Інкоў, Цыньхуандао.
т. 9, с. 414
ЛЯАДУ́НСКІ ПАЎВО́СТРАЎ,
на ПнУ Кітая, паміж Ляадунскім і Зах.-Карэйскім залівамі Жоўтага м. Даўж. 225 км, шыр. 80—130 км. Берагі прамалінейныя, нізкія, на ПдЗ (на п-ве Гуаньдун) — рыясавага тыпу. Узгоркавая раўніна і нізкагор’і выш. да 1132 м (г. Буюньшань). Складзены пераважна з вапнякоў, сланцаў, кварцавых пясчанікаў; месцамі базальтавыя покрывы. Хмызнякі, участкі лясоў. Раўніны і пакатыя схілы апрацаваны (пасевы кукурузы, гааляну). Найб. парты: Далянь (Дальні) і Люйшунь (Порт-Артур).
т. 9, с. 414
ЛЯАНІ́Н,
правінцыя на ПнУ Кітая. На Пд абмываецца Жоўтым м., на У прымыкае да мяжы з КНДР. Пл. 151 тыс. км2. Нас. 39,5 млн. чал. (1990). Адм. ц. — Шэньян (Мукдэн). Больш за 1 млн. ж. у гарадах Шэньян, Фушунь, Аньшань. Паверхня пераважна гарыстая. На У Усх.-Маньчжурскія і Ляадунскія горы (выш. да 1367 м), на 3 адгор’і гор Ляасі, у цэнтр. ч. — нізінная раўніна. Радовішчы каменнага вугалю, жал. руды, гаручых сланцаў, магнезіту, алюмініевай сыравіны. Клімат мусоннага тыпу з гарачым вільготным летам і халоднай маласнежнай зімой. Ападкаў 500—1000 мм за год. Гал. рэкі Ляахэ і Ялуцзян. Л. — адзін з важнейшых індустр. раёнаў Кітая. На долю Л. прыпадае значная ч. здабычы каменнага вугалю (Фушунь і Фусінь), жал. руды (Аньшань і Бэньсі), сланцаў і інш. Буйныя ЦЭС і ГЭС. Агульнанац. значэнне мае чорная і каляровая металургія. Гал. галіны прам-сці: машынабудаванне (горназаводскае абсталяванне, станкі, эл.-тэхн. вырабы, чыг. рухомы састаў, судны, трактары), хім., нафтаперапр., буд. матэрыялаў, тэкст., харч. (алейная, мукамольная). У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства, часткова арашальнае. Вырошчваюць пшаніцу, рыс, сою, бавоўнік, кенаф, тытунь. Агародніцтва і садоўніцтва. Рыбалоўства. Транспарт чыгуначны, марскі, рачны. Гал. марскія парты: Люйда, Аньдун, Інкоў.
І.Я.Афнагель.
т. 9, с. 414
ЛЯАСІ́, Жэхэ,
нагор’е на ПнУ Кітая. Пл. каля 120 тыс. км2. На ПнЗ — сістэма хвалістых плато і невысокіх масіваў выш. 500—1300 м, на ПдУ — скалістыя горы выш. 1000—1600 м, найб. — 2050 м (г. Улуншань). Складзена з крышт. сланцаў, гнейсаў, гранітаў, пясчанікаў, вапнякоў. Радовішчы каменнага вугалю. Перадгор’і глыбока расчлянёныя далінамі рэк бас. Луаньхэ, Ляахэ і інш. У даліне р. Жэхэ (прыток Луаньхэ) гарачыя мінер. крыніцы. Стэп, месцамі зараснікі хмызнякоў і гаі з дубу, клёну, арэху. Даліны густа населены і апрацаваны (палі чумізы, гааляну; сады).
т. 9, с. 414
ЛЯАХЭ́,
рака на ПнУ Кітая. Даўж. (ад вытокаў р. Сіляахэ) 1430 км, пл. басейна 231 тыс. км2. Пачынаецца ў гарах на стыку Вял. Хінгана і Жэхэ, цячэ па раўніне Сунляо, упадае ў Ляадунскі зал. Жоўтага м. Летнія паводкі. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні больш за 630 м³/с. Выкарыстоўваецца пераважна для арашэння. Вадасховішчы Дахафан, Эрлуншань. Суднаходная ад г. Чжэнцзятунь. У вусці — марскі порт Інкоў.
т. 9, с. 415
ЛЯАЮА́НЬ,
горад на ПнУ Кітая, на р. Дунляахэ (бас. р. Ляахэ), у прав. Гірын. 354 тыс. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: металургічная, маш.-буд., хімічная, буд. матэрыялаў, тэкстыльная. Цэнтр здабычы каменнага вугалю. ЦЭС.
т. 9, с. 415
ЛЯАЯ́Н,
горад на ПнУ Кітая, каля р. Тайцзыхэ (прыток р. Ляахэ), у прав. Ляанін. Каля 600 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак. Нафтахім. камбінат, прадпрыемствы машынабудавання, вытв-сць буд. матэрыялаў.
т. 9, с. 415
ЛЯАЯ́НСКАЯ БІ́ТВА 1904,
баявыя дзеянні 24.8—3.9.1904 у раёне г. Ляаян (Паўн.-Усх. Кітай) паміж рус. Маньчжурскай арміяй і трыма (1, 2, 4-я) яп. арміямі ў час руска-японскай вайны 1904—05. Паводле плана яп. камандавання (маршал І.Аяма) прадугледжвалася рашучае наступленне з абходам флангаў рус. арміі. Але сілы яп. войск (каля 130 тыс. чал., 508 гармат) не дазвалялі ажыццявіць гэты план. Рус. армія (152 тыс. чал., 606 гармат) падрыхтавала для абароны тры рубяжы. План рус. камандавання (ген. А.М.Курапаткін) насіў пасіўна-чакальны характар і аддаваў ініцыятыву праціўніку. Таму нават нязначны поспех яп. войск (24—26 жн.) на адным з участкаў іх наступлення (раён Анпіліна) і адсутнасць у Курапаткіна дакладных звестак аб сілах праціўніка прымусілі яго аддаць загад пра адыход на 2-і рубеж абароны (за 8 км на Пд і ПдУ ад Ляаяна). Актыўнасць наступаючых, іх намаганні акружыць рус. армію зноў прымусілі (3 вер.) ген. Курапаткіна адступіць. Рус. войскі пакінулі Ляаян і адышлі за р. Шахэ. Страты яп. склалі 24 тыс. чал., рускіх — 16 тыс. чал. У выніку памылак рус. камандавання, яп. войскі дасягнулі ў гэтай аперацыі аператыўнага поспеху.
т. 9, с. 415