ЛЯЧЭ́БНАЕ ХАРЧАВА́ННЕ, дыетатэрапія,
выкарыстанне спец. рацыёнаў харчавання з лячэбна-прафілактычнымі мэтамі. Асн. прызначэнне — збалансаванасць рацыёну: забеспячэнне арганізма чалавека ў неабходных суадносінах бялкамі, тлушчамі, вугляводамі, незаменнымі амінакіслотамі, вітамінамі, мікраэлементамі і інш. Улічваецца таксама кулінарная апрацоўка, каларыйнасць, кансістэнцыя стравы, рэжым харчавання і інш. Існуе 15 асн. дыет (сталоў) і іх варыянты, таксама сутачныя рэжымы (разгрузачныя дні), спец. дыеты (нулявая, малочная, гароднінная, каліевая і інш.). Навук. асновы Л.х. распрацоўвае дыеталогія.
М.В.Шчавелева.
т. 9, с. 437
ЛЯЧЭ́БНАЯ ФІЗІ́ЧНАЯ КУЛЬТУ́РА (ЛФК),
выкарыстанне фізічных практыкаванняў і натуральных фактараў прыроды з лячэбна-прафілактычнымі мэтамі; сродак мед. рэабілітацыі хворых і самааздараўлення арганізма. Уключае таксама механатэрапію, працатэрапію, лячэбны масаж. Асн: асаблівасць — дазіраваная фіз. нагрузка хворага. Формы ЛФК: ранішняя гігіенічная і лячэбная гімнастыка, хадзьба (тэрэнкур), спарт. і рухомыя гульні, катанне на лыжах, каньках і інш. Адрозніваюць актыўную і пасіўную ЛФК. Пасіўная выкарыстоўваецца для папярэджання атрафіі функцыянальных структур арганізма, напр., пры паралічах, цяжкіх траўмах, пасля аперацый і інш. Эфектыўная пры сістэм. занятках і правільным рэжыме.
І.С.Гулько.
т. 9, с. 438
ЛЯЧЭ́БНА-ПРАЦО́ЎНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,
прафілакторыі, установы закрытага тыпу, якія ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляюць прымусовае ўздзеянне ў адносінах да хранічных алкаголікаў і наркаманаў, што ў сувязі са злоўжываннем алкаголем і ўжываннем наркатычных сродкаў сістэматычна парушаюць грамадскі парадак і правы інш. асоб. Паводле рашэння раённага (гар.) суда такія парушальнікі могуць быць ізаляваны на тэрмін 1—1,5 года ў Л.-п., для іх мед.-сац. рэадаптацыі з абавязковым прыцягненнем да працы. Рашэнне аб прызнанні асобы хранічным алкаголікам або наркаманам прымаецца камісійна ўрачамі-спецыялістамі ўстаноў органаў аховы здароўя. Л.-п.ў. знаходзяцца ў падпарадкаванні МУС Рэспублікі Беларусь. Пытанні, звязаныя з Л.-п.ў. рэгулююцца заканадаўствам.
Э.І.Кузьмянкова.
т. 9, с. 438