Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЛЯШКО́ЎСКАЯ (Алена Канстанцінаўна) (1864, г. Ягор’еўск Маскоўскай вобл. — 12.6.1925),

руская актрыса. Нар. арт. Рэспублікі (1924). Скончыла Муз.-драм. вучылішча Маскоўскага філарманічнага т-ва (1888). З 1888 у Малым т-ры. Яркая камедыйная актрыса, іграла ролі свецкіх «драпежніц», какетак, інтрыганак: Глафіра, Лідзія Чабаксарава («Ваўкі і авечкі» і «Шалёныя грошы» А.​Астроўскага) і інш. Тонкім гумарам, абаяннем было прасякнута яе выкананне ролей Дыяны («Сабака садоўніка» Лопэ дэ Вегі), Катарыны («Утаймаванне свавольніцы» У.​Шэкспіра) і інш., стварала таксама драм. вобразы сучасніц.

т. 9, с. 438

ЛЯШУ́К (Алег Васілевіч) (н. 22.7.1949, г. Брэст),

бел. архітэктар. Скончыў БПІ (1971). Працаваў у Брэсцкім буд. тэхнікуме, з 1971 у ін-це «Брэстграмадзянпраект». Асн. работы ў Брэсце: будынкі дзіцячага сада-ясляў з плавальным басейнам па вул. Герояў абароны Брэсцкай крэпасці (1977), фізкультурна-аздараўленчага камбіната (1982, у сааўт.), дзіцячага кафэ «Казка» (1985), аблвыканкома (1991), аэравакзала (1986, у сааўт.), забудова Усходняга жылога раёна (1990, у сааўт.) і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1988.

т. 9, с. 438

ЛЯШУ́К (Вера Якаўлеўна) (н. 1.11.1933, в. Марозавічы Брэсцкага р-на),

бел. літ.-знавец. Чл.-кар. Бел. акадэміі адукацыі (1995). Канд. філал. н. (1987). Праф. (1991). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1987). Скончыла Брэсцкі пед. ін-т (1959). З 1963 у Брэсцкім ун-це (у 1980—85 дэкан філал. ф-та). Друкуецца з 1957. Асн. тэмы яе даследаванняў бел. л-ра, літ. краязнаўства, методыка выкладання бел. і рус. л-р і моў у школе, праблемы педагогікі вышэйшай школы. Аўтар вучэбных дапаможнікаў і манаграфій, адзін са складальнікаў падручнікаў-хрэстаматый для школ зб. «Паўлюк Багрым» (1994) і інш.

Тв.:

Краязнаўчы матэрыял на ўроках літаратуры. Мн., 1980;

Іван Мележ у школе. Мн., 1981;

Вывучэнне эпічных твораў: 5—8 класы. Мн., 1987;

Літаратурнае краязнаўства ў школе. Мн., 1991;

Міжпрадметныя сувязі ў выкладанні беларускай мовы і літаратуры. Мн., 1992 (разам з Г.​М.​Малажай);

Вывучэнне беларускай літаратуры ў школе. Мн., 1994;

Вывучэнне ў школе трылогіі Якуба Коласа «На ростанях». Мн., 1996.

І.​У.​Саламевіч.

т. 9, с. 438

Ляшчова Людміла Мадэстаўна

т. 18, кн. 1, с. 423

ЛЯШЧО́Ў (Сяргей Міхайлавіч) (н. 23.8.1954, с. Аляксандраўскае Стаўрапольскага краю, Расія),

бел. хімік. Д-р хім. н. (1995). Скончыў БДУ (1976), дзе і працуе. Навук. працы па спосабах апісання і прагназаванні экстракцыйнай раўнавагі ў сістэмах на аснове няводных палярных растваральнікаў. Прапанаваў методыкі раздзялення, канцэнтравання і ачысткі гідрафобных арган. рэчываў розных класаў.

Тв.:

Оценка сольвофобного эффекта при сольватации гидрофобных органических неэлектролитов полярными растворителями // Журн. физ. химии. 1999. Т. 73, № 1.

т. 9, с. 438

ЛЯШЧЫ́НА, арэшнік (Corylus),

род кветкавых раслін сям. ляшчынавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў лясной зоне Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Культ. формы (фундук) вырошчваюць 3—4 тыс. гадоў. На Беларусі 1 дзікарослы від Л. звычайная, або лясны арэх (C. avellana). Расце ў падлеску і на ўзлесках шыракалістых і мяшаных лясоў. 7 відаў інтрадукавана.

Аднадомныя лістападныя кусты, радзей дрэвы. Лісце простае, чаргаванае, чаранковае. Тычынкавыя кветкі ў павіслых каташках, песцікавыя — у двухкветкавых дыхазіях (развілінах), сабраных у галоўчатыя суквецці. Плод — аднанасенны дравяністы арэх. У пладах да 70% алею, які выкарыстоўваецца ў харч., кандытарскай, лакафарбавай і мед. прам-сці, з макухі робяць халву Драўніна ідзе на дробныя вырабы. З кары атрымліваюць фарбавальныя і дубільныя рэчывы. 3 парасткаў плятуць мэблю і інш. Лек. і дэкар. расліны.

У.​Л.​Пярэднеў.

т. 9, с. 438

ЛЯШЧЫ́НСКАЕ ВАЯВО́ДСГВА (Województwo Leszczyńskie),

былая адм.-тэр. адзінка на ПдЗ Польшчы. З 1999 тэрыторыя ў складзе Велікапольскага ваяводства.

т. 9, с. 438

ЛЯШЧЫ́НСКІ (Адам Браніслававіч) (н. 24.12.1920, в. Якубавічы Капыльскага р-на Мінскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў паскораныя курсы Чкалаўскага танк. вучылішча (1942), 2-га Кіеўскага артыл. вучылішча (1943), Варонежскі с.-г. ін-т (1957). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Варонежскім, 1-м Укр. франтах, удзельнік абарончых баёў на Беларусі, Маскоўскай бітвы, вызвалення Украіны. Камандзір батарэі самаходнага артыл. палка лейт. Л. вызначыўся ў кастр. 1943 у час прарыву абароны ворага на правым беразе Дняпра: экіпаж самаходнай гарматы на чале з ім знішчыў шмат агнявых кропак і жывой сілы праціўніка; калі гармата была падбіта, паранены Л. працягваў бой гранатамі і аўтаматным агнём. Да 1948 у Сав. Арміі, да 1984 у нар. гаспадарцы.

А.Б.Ляшчынскі.

т. 9, с. 438

ЛЯШЧЫ́НСКІ Станіслаў, кароль польскі і вял. кн. літоўскі [1704—09, 1733], гл. Станіслаў Ляшчынскі.

т. 9, с. 438

ЛЯШЧЫ́НСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1997). За 250 м на ПнЗ ад в. Ляшчынск Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Валун ружавата-шэрага дробназярністага граніту з уключэннямі крышталёў мінералаў цёмнага колеру (слюды). Даўж. 4 м, шыр. 3,4 м, выш. 0,8 м, у абводзе 11,7 м, аб’ём 10,7 м³, маса каля 27 т. Прынесены ледавіком каля 15—20 тыс. г. назад са Скандынавіі.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 9, с. 438