«ЛЯЗІ́НКА»,
«Лязгінка», бел. нар. танец. Муз. памер 2/4, тэмп умераны. Вядомы з канца 19 — пач. 20 ст. (зафіксаваны ў 1970-я г. ў в. Глінка і Гарадзец Столінскага р-на). Выконваецца парамі: юнак стаіць злева ад дзяўчыны, трымаючы правай рукой (ззаду над правым плячом) яе правую руку, левыя рукі партнёраў, сагнутыя ў локцях, злучаны. Пары злёгку паварочваюцца то ў левы, то ў правы бок, выносячы на абцас адпаведна левую і правую нагу і прытупваючы на месцы, потым робяць поўны абарот у левы бок, прытупваюць, адбіваючы рытм. Асобныя танцоры ўключаюць элементы імправізаванага танца, выконваючы адзін перад адным дробныя выстукванні, пры гэтым правую руку, сагнутую ў локці, трымаюць на ўзроўні грудзей, а левую адводзяць убок, што нагадвае «Лезгінку» (адсюль, відаць, і назва «Л.»).
т. 9, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)