ЛЯЖНЕ́ВІЧ Алесь

(Аляксандр Францавіч; 1890, в. Сенцяняты Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. — 1937?),

бел. тэатр. дзеяч, драматург. У 1911—14 удзельнік Бел. муз.-драм. гуртка ў Вільні. З 1917 у Адэсе, акцёр абл. т-ра, тэатр. калектыву бежанскай суполкі «Беларускі гай»; адначасова вучыўся ў прыватнай тэатр. школе. З 1920 у Мінску, акцёр БДТ-1, у 1921 яго дырэктар. У 1920 адзін з кіраўнікоў тэатр. секцыі Клуба бел. моладзі (дзейнічаў у памяшканні б. «Беларускай хаткі»), у 1921 у складзе праўлення «Хаты беларускага мастацтва». У 1922/23?—26 дырэктар Бел. драм. студыі ў Маскве, да 1927 інспектар Наркамасветы па справах мастацтва. Пазней працаваў у Ленінградзе на кінастудыі «Савецкая Беларусь». Аўтар кн. «Сялянскі тэатр: Дарады ў пытаннях тэатральнай тэхнікі і методы пастаноўкі п’ес сялянскімі і гарадскімі клубнымі драмгурткамі» (1928), складальнік зб. «Дэкламатар» (1928). Зрабіў інсцэніроўку паэмы М.Чарота «Босыя на вогнішчы» (паст. 1923). Аўтар героіка-рэв. драмы «З дымам-пажарам» (пад псеўд. А.Бяздольны) і п’есы «Навала» (пад псеўд. Язэп Церабеж). Апрацаваў для бел. сцэны камедыю І.Бэна «Цудадзеі» (1927), інсцэніроўку «Таміла» паводле рамана Ф.Дзюшэна (паст. ў Бел. дзярж. вандроўным т-ры У.Галубка, 1928). У 1930 арыштаваны, асуджаны на 5 гадоў высылкі. У 1937 арыштаваны зноў, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957.

У.В.Мальцаў.

т. 9, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)