Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГАЛА́КТЫКА

(ад познагрэч. galaktikos малочны, млечны),

гіганцкая зорная сістэма, да якой належаць Сонца і ўся Сонечная сістэма разам з Зямлёй. У яе ўваходзяць не менш за 100 млрд. зорак (іх агульная маса каля 10​11 мас Сонца), міжзорнае рэчыва (газ і пыл, маса якіх каля 0,05 масы ўсіх зорак), касм. часціцы, эл.-магн. і гравітацыйнае поле.

Структура Галактыкі неаднародная. Адрозніваюць 3 асн. падсістэмы: сферычную (гала) — шаравыя скопішчы, чырвоныя гіганты, субкарлікі, пераменныя зоркі тыпу RR-Ліры, якія рухаюцца вакол цэнтра мас Галактыкі па выцягнутых арбітах у разнастайных напрамках і не ўдзельнічаюць у вярчэнні галактычнага дыска; прамежкавую (дыск) — большасць зорак галоўнай паслядоўнасці, у т. л. Сонца, зоркі-гіганты, белыя карлікі, планетарныя туманнасці; скорасць іх вярчэння мяняецца з адлегласцю ад цэнтра; узрост — некалькі млрд. гадоў; плоскую (тонкі дыск ці спіральныя рукавы) — маладыя зоркі, міжзорны газ і пыл, доўгаперыядычныя цэфеіды, пульсары, многія галактычныя крыніцы гама-, рэнтгенаўскага і інфрачырвонага выпрамянення; узрост гэтых зорак не большы за 100 млн. гадоў, яны не паспелі значна аддаліцца ад месцаў свайго нараджэння, таму спіральныя галіны Галактыкі лічаць месцам утварэння зорак. Цэнтральная вобласць Галактыкі (ядро) знаходзіцца ў напрамку сузор’я Стралец і заслонена ад зямнога назіральніка міжзорнымі воблакамі касм. пылу і газу. Памеры ядра Галактыкі больш за 1000 пк. Яно з’яўляецца крыніцай магутнага радыевыпрамянення, што сведчыць пра актыўныя працэсы, якія адбываюцца ў ім. Самая знешняя частка сферычнай падсістэмы — карона Галактыкі радыусам каля 70 кпк і масай, у 10 разоў большай за масу ўсёй астатняй Галактыкі. Сонца, знаходзіцца на адлегласці 8,5 кпк ад цэнтра, амаль дакладна ў плоскасці Галактыкі, і аддалена ад яе на Пн прыблізна на 25 кпк Скорасць вярчэння Сонца вакол цэнтра Галактыкі 230 км/с. Для зямнога назіральніка зоркі канцэнтруюцца ў напрамку плоскасці Галактыкі і зліваюцца ў бачную карціну Млечнага Шляху. Знаходжанне Сонца паблізу плоскасці Галактыкі ўскладняе даследаванне нашай зорнай сістэмы.

Літ.:

Марочник Л.С., Сучков А.А. Галактика. М., 1984;

Воронцов-Вельяминов Б.А. Очерки о Вселенной. 8 изд. М., 1980;

Климишин И.А. Открытие Вселенной. М., 1987.

Н.А.Ушакова.

т. 4, с. 448

ГАЛА́КТЫКІ,

гіганцкія гравітацыйна звязаныя зорныя сістэмы, падобныя да нашай Галактыкі. Асн. маса рэчыва сканцэнтравана ў зорках, колькасць якіх у галактыках 10​6—10​12. Галактыкі ўтрымліваюць таксама газ і касм. пыл. Размеркаваныя ў прасторы нераўнамерна, утвараюць скопішчы ў выглядзе буйнамаштабнай ячэістай структуры. Назіраюцца як светлыя туманныя плямы.

Адрозніваюць эліптычныя (E), лінзападобныя (SO), спіральныя (S), спіральныя з перамычкай (SB) і няправільныя (Ir) галактыкі. Найб. пашыраны эліптычныя, лінзападобныя, спіральныя. Эліптычныя галактыкі маюць вось сіметрыі, зоркі аварочваюцца вакол цэнтра мас сістэмы ў розных плоскасцях; як цэлае галактыкі зварочваюцца вельмі павольна. Іх дыяметр 5—50 кпк, масы 10​6—10​13 мас Сонца, свяцільнасці 10​6—10​12 свяцільнасцей Сонца. Яны складаюцца з жоўтых і чырвоных зорак, у іх практычна няма газу. У гэтых сістэмах рана спыніліся працэсы зоркаўтварэння. Прыклад карлікавых эліптычных галактык — спадарожнікі Андрамеды Туманнасці. Спіральныя галактыкі — моцна сплюшчаныя сістэмы з цэнтр. ядром; дастаткова хутка аварочваюцца ў напрамку закручвання спіралей. Маюць 2 і больш спіральных галін, дзе сканцэнтраваны іх самыя яркія і маладыя зоркі, рассеяны зорныя скопішчы, газапылавыя комплексы. Асн. маса зорак знаходзіцца ў дыску галактыкі. Спіральная структура абкружана сферычнай кампанентай, якая складаецца са старых зорак і шаравых скопішчаў. Лінзападобныя галактыкі моцна сплюшчаныя, але не маюць спіральнай структуры; у іх адрозніваюць ядро, лінзу-дыск і слабы арэол — гала. Галактыкі SO, S і SB хутка аварочваюцца (скорасць вярчэння на адлегласці 10 кпк ад ядра дасягае 300 км/с) і абкружаны сферычнымі каронамі. Спіральныя галактыкі з перамычкай маюць выгляд выцягнутага ядра з перамычкай паміж дзвюма спіральнымі галінамі. Да няправільных адносяцца галактыкі, у якіх не назіраюцца выразнае ядро і вярчальная сіметрыя (напр., Магеланавы воблакі). Масы спіральных і няправільных галактык 10​9—10​12 мас Сонца, свяцільнасці 10​8—10​11 свяцільнасцей Сонца. Існуюць таксама пекулярныя галактыкі (кожная мае унікальную форму), узаемадзейныя галактыкі (падвойныя сістэмы, паміж якімі назіраюцца перамычкі светлай матэрыі), квазары.

Літ.:

Ходж П. Галактики: Пер. с англ. М., 1992;

Гуревич Л.Э., Чернин А.Д. Происхождение галактик и звезд. 2 изд. М., 1987;

Агекян Т.А. Звезды, галактики, Метагалактика. 3 изд. М., 1981.

Н.А.Ушакова.

т. 4, с. 448

ГАЛАКТЫ́ЧНАЯ АСТРАНО́МІЯ,

гл. Зорная астраномія.

т. 4, с. 449

ГАЛАКТЫ́ЧНЫЯ КААРДЫНА́ТЫ,

адна з сістэм нябесных каардынат.

т. 4, с. 449

ГАЛАКТЫ́ЧНЫ ГОД,

прамежак часу, за які Сонечная сістэма робіць 1 абарот вакол цэнтра Галактыкі. Складае каля 230 млн. зямных гадоў.

т. 4, с. 449

ГАЛАКУ́ЧНІК

(Gymnokarpium),

род папарацей сям. шчытоўнікавых, або апсідыевых. 10 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі трапляюцца галакучнік трохраздзельны, або папараць Лінея (Gymnokarpium dryopteris), што расце групамі або зараснікамі ў хвойных (пераважна яловых) лясах, лясных ярах, і галакучнік Роберта (Gymnokarpium robertianum), які зрэдку трапляецца ў паўн. раёнах на вапнавых агаленнях у хвойных лясах.

Шматгадовыя папараці з тонкімі, часта галінастымі паўзучымі карэнішчамі, укрытымі светла-карычневымі шырокаяйцападобнымі лускавінамі. Лісце адзіночнае, прамастойнае, трохраздзельнае з двойчыперыстай пласцінкай, на ніжнім баку якой размешчаны сорусы са спорамі. Спараносяць у чэрв.—ліпені. Дубільныя і дэкар. расліны.

т. 4, с. 449

ГАЛАКЦІЁНАЎ Сцяпан Піліпавіч

(1779, С.-Пецярбург — 2.7.1854),

рускі графік. Вучыўся ў Пецярб. АМ (1785—1800) у М.М.Іванава і С.Шчадрына. Выкладаў там жа (1817—54; праф. з 1831). Працаваў гал. чынам у тэхніцы разцовай гравюры ў спалучэнні з афортам; адзін з першых у Расіі авалодаў тэхнікай літаграфіі. Аўтар краявідаў Пецярбурга і яго ваколіц («Від Марлі і Залатой гары з боку Парнаса ў Пецяргофе», гравюра на медзі, пач. 1800-х г., 12 замалёвак Пецярбурга, літаграфіі па ўласных малюнках, 1821—24), віньетак для пецярб. альманахаў і часопісаў, ілюстрацый да твораў А.Пушкіна, І.Крылова і інш. Займаўся таксама жывапісам.

т. 4, с. 449

ГАЛАЛЕ́ДЗІЦА,

тонкі слой лёду на зямной паверхні, не пакрыты снегам. Утвараецца пасля адлігі, дажджу або імжы пры раптоўным пахаладанні або пры выпаданні ці асяданні вадкіх атм. ападкаў на пераахалоджаную паверхню (гл. Галалёд).

т. 4, с. 449

ГАЛАЛЁД,

слой шчыльнага лёду, які намярзае на паверхні зямлі і прадметаў з пераахалоджаных кропляў дажджу, туману або імжы. Утвараецца пераважна з наветранага боку пры т-рах паветра ад 0 да -3 °C, зрэдку да -16 °C. Пры галалёдзе можа ўтварацца скарынка лёду таўшчынёй некалькі сантыметраў, што з’яўляецца прычынай траўматызму і трансп. аварый, пашкоджанняў дрэў і азімых пасеваў, абрыву правадоў электраперадач і тэлеф. сувязі. Галалёд — від абледзянення, асабліва небяспечнага для самалётаў. На тэр. Беларусі галалёд бывае ў сярэднім 7—19 сут за год.

т. 4, с. 449

ГАЛАМБЁЎСКІ

(Gołębiowski) Лукаш Іосіфавіч (13.10.1773, в. Пагост Пінскага р-на Брэсцкай вобл. — 7.1.1849),

польскі гісторык, этнограф, архівіст. Скончыў манаскую школу ў Дубровіцы на Палессі. Працаваў бібліятэкарам у гісторыка Т.Чацкага. Удзельнік паўстання ў 1794. У 1818—23 бібліятэкар у Пулавах. З 1818 чл. Т-ва сяброў навук, у 1824—31 яго сакратар (звольнены пасля задушэння паўстання 1830—31). З 1827 праф. л-ры пед. ін-та. Аўтар адной з першых прац па гісторыі Варшавы «Гістарычна-статыстычнае апісанне горада Варшавы» (1826). У кн. «Люд польскі, яго звычаі, забабоны» (1830) змясціў свае назіранні над адзеннем беларусаў, апісанні вяселля, радаўніцы, інш. абрадаў і звычаяў, узятыя з прац З.Даленгі-Хадакоўскага, М.Чарноўскай і інш. Бел. матэрыялы і ў кн. «Гульні і забавы розных саслоўяў ва ўсім краі або ў некаторых толькі правінцыях» (1831). Упершыню ў этнагр. л-ры апісаў абрад «Куста» на Палессі, апублікаваў забаўлянку «Сарока-варона», дажынкавую песню, легенды пра папараць-кветку, ноты бел. купальскай і русальнай песень. З працы Чарноўскай запазычыў апісанні святкавання купалля і русалак. Апісваў побыт, нар. абрады, звычаі, святы, фальклор палякаў, беларусаў, украінцаў, рускіх. Аўтар прац «Гісторыя Польшчы» (т. 1—3, 1846—48), «Кабінет польскіх медалёў з часу панавання Станіслава Аўгуста» (1843; змешчана ў кн. Э.Рачынскага «Кабінет польскіх медалёў»), «Гісторыя польскай ваеннай справы» і інш. (многія ў рукапісах).

Літ.:

Васілевіч У.А. [Лукаш Галамбёўскі] // Каханоўскі Г.А., Малаш Л.А., Цвірка К.А. Беларуская фалькларыстыка: Эпоха феадалізму. Мн., 1989. С. 61—64.

І.У.Саламевіч.

т. 4, с. 449