ГАМАЛО́ГІЯ (ад грэч. homologia адпаведнасць) у біялогіі, 1) адпаведнасць органаў у арганізмах розных відаў, абумоўленая іх філагенетычнай роднасцю. Падобныя органы або іх часткі звычайна развіваюцца ад эвалюцыйна аднолькавых зыходных зачаткаў, якія могуць выконваць розныя функцыі. Такія органы наз. гомалагічнымі. Напр., канечнасці пазваночных — ногі, ласты, крылы лятучых мышэй. Гамалогія як падабенства, заснаванае на роднасці, процістаіць аналогіі. Гамалогія органаў у розных відаў мае 3 крытэрыі: падабенства марфалагічнага плана будовы органаў, таксама іх стану ў арганізме ў адносінах да інш. органаў і падабенства іх морфагенезу.
2) Ідэнтычнасць структуры 2 (у дыплоідаў) або большай колькасці (у аўтапаліплоідаў) храмасом, якая азначае, што ў гомалагічных храмасомах аднолькавыя локусы размешчаны ў той жа лінейнай паслядоўнасці. Доказам гамалогіі генет. структур служыць дакладная кан’югацыя іх храмасом у прафазе меёзу і ўтварэнне жыццяздольных гамет і зігот.
т. 5, с. 9
ГАМАЛО́ГІЯ ў матэматыцы, 1) у праектыўнай геаметрыі — узаемна адназначнае пераўтварэнне праектыўнай плоскасці ў сябе, якое пакідае нерухомымі ўсе пункты некат. прамой (вось гамалогіі) і мае дакладна адзін нерухомы пункт (цэнтр гамалогіі). Гамалогія з уласным (канечным) цэнтрам і няўласнай (бясконца аддаленай) воссю наз. гаматэтыя. Любое праектыўнае пераўтварэнне ёсць вынік паслядоўнага здабытку 2 пераўтварэнняў: гамалогіі і руху.
2) У тапалогіі — фармалізацыя інтуітыўных уяўленняў аб абмежаванасці мностваў. Напр., крывая 1 на паверхні тора абмяжоўвае частку S гэтай паверхні і наз. гомалагічнай нулю. Крывая λ не гомалагічная нулю, таму што яна не абмяжоўвае ніякай паверхні (пры разразанні ўздоўж яе з тора не выпадзе якога-н. кавалка).
т. 5, с. 9
ГА́МАН
(Hamann) Іаган Георг (27.8.1730, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 21.6.1788),
нямецкі філосаф-ірацыяналіст, крытык, пісьменнік. Вывучаў у Кёнігсбергу філасофію, багаслоўе, філалогію. Яго «Сібіліны лісткі» (выд. 1819) выкладзены ў форме аракульскіх выслоўяў. У фрагментах «Славутыя думкі Сакрата» (1759) і «Аблокі» (1761) адстойваў прынцыпы веры і непасрэднага пачуцця як асноўныя пры спасціжэнні рэчаіснасці. Лічыў мастацтва вынікам геніяльнай інтуіцыі (фрагмент «Кішэнная эстэтыка», 1761). Крытыкуючы рацыяналізм асветнікаў, у прыватнасці філасофію І.Канта («Метакрытыка пра пурызм розуму», 1784, выд. 1800), развіваў ідэі містычна афарбаванай інтуітывісцкай дыялектыкі. Абсалютызаваў інтуітыўны момант у творчасці і пазнанні (канцэпцыя «непасрэдных ведаў»). Паводле Гамана, розум (развага) індывідуальны, гістарычны, сітуатыўны; не існуе ўсеагульнага «цвярозага розуму» асветніцкай філасофіі, як і кантаўскага «чыстага розуму»; мова — «першы і апошні орган і крытэрый розуму», звязанасць якога з мовай вызначае межы розуму. Яго ўяўленні пра мову, творчасць генія, спрадвечнасць паэзіі зрабілі ўплыў на ням. філас.-эстэт. думку (І.Г.Гердэр, літ. рух «Буры і націску», І.В.Гётэ). За афарыстычны адрывісты і цьмяны стыль, падобны на прароцтвы, празваны Гётэ «паўночным магам».
Літ.:
Асмус В.Ф. Немецкая эстетика XVIII в. М., 1963.
Г.В.Сініла.
т. 5, с. 10
ГАМАНКО́Ў Іван Пракопавіч
(27.2.1919, в. Яўкіна Шумяцкага р-на Смаленскай вобл., Расія — 8.11.1980),
Герой Сав. Саюза (1945). Беларус. Скончыў Маскоўскае ваен. вучылішча пагранвойск (1939), Вышэйшую школу прафс. руху (1951). У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941, у снеж. 1941 — вер. 1943 у партыз. атрадзе на Смаленшчыне. Вызначыўся ў крас. 1945 пры фарсіраванні р. Шпрэе ў Берліне. Рота на чале з капітанам Гаманковым адбіла некалькі контратак праціўніка. Цяжка паранены, не пакінуў поля бою. Да 1969 на прафс. і гасп. рабоце.
т. 5, с. 10
ГАМАРА́
(Gamarra) П’ер (н. 10.7.1919, г. Тулуза, Францыя),
французскі пісьменнік. Працаваў настаўнікам, журналістам, рэдактарам час. «Europe» («Еўропа»). Аўтар зб-каў вершаў «Спроба заклеймаваць» (1944), «Песня любові» (1959) і апавяданняў «Людскія рукі» (1953), «Любоў ганчара» (1957), «Сады Алаха» (1961), раманаў «Вогненны дом» (1948), «Дзеці галечы» (1950), «Школьны настаўнік» (1955), «Забойцу — Ганкураўская прэмія», «Капітан Вясна» (абодва 1963), «Таямніцы Тулузы» (1967), «Золата і кроў» (1971), «Дванаццаць тон дыяментаў» (1978) і інш., маст. біяграфіі «Віктор Гюго» (1974). На бел. мову творы Гамара перакладаў Л.Казыра.
Тв.:
Бел. пер. — Любоў ганчара // Французская навела XX ст. Мн., 1992;
Рус. пер. — Читая и перечитывая. М., 1985;
Убийце — Гонкуровская премия. М., 1992.
Л.П.Баршчэўскі.
т. 5, с. 10
ГАМА́РНІК Ян Барысавіч
(14.6.1894, г. Жытомір, Украіна — 31.5.1937),
савецкі парт. і ваен. дзеяч, армейскі камісар 1-га рангу (1935). З 1915 вучыўся ў Кіеўскім ун-це. У рэв. дзейнасць уключыўся ў 1913, з 1916 чл. РСДРП. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл., сакратар Кіеўскага к-та РСДРП(б), чл. рэўкома. У 1918—20 чл. Усеўкраінскага падп. цэнтра; адзін з кіраўнікоў камуніст. падполля на Украіне, чл. РВС Паўд. групы 12-й арміі, камісар дывізіі, старшыня Адэскага, Кіеўскага губкомаў КП(б)У, Кіеўскага губвыканкома. З 1923 старшыня Дальрэўкома, крайвыканкома, сакратар Далькрайкома ВКП(б). З ліст. 1928 1-ы сакратар ЦК і чл. Бюро ЦК КП(б)Б, чл. РВС Бел. ваен. акругі. З кастр. 1929 нач. Палітупраўлення Чырв. Арміі, чл. РВС СССР, адказны рэдактар газ. «Красная звезда». З 1930 нам. наркома абароны і нам. старшыні РВС СССР. Чл. ЦК ВКП(б) у 1927—37. Чл. ЦВК СССР і ЦВК БССР у 1929. У час рэпрэсій абвінавачаны як «вораг народа», скончыў самагубствам. Рэабілітаваны ў 1955.
І.П.Хаўратовіч.
т. 5, с. 10
ГАМАТЭ́ТЫЯ
(ад гама + грэч. thetos размешчаны) у матэматыцы, пераўтварэнне, пры якім кожнаму пункту М плоскасці або прасторы ставіцца ў адпаведнасць такі пункт М′, што выконваецца роўнасць SM′=k·SM, дзе S — цэнтр і k — каэфіцыент гаматэтыі. Пункты М і М′ ляжаць на адной прамой з аднаго боку ад пункта S, калі k>0, і з розных бакоў, калі k<0; у прыватнасці, калі k = -1, атрымліваецца сіметрыя адносна пункта S. Пры гаматэтыі прамая пераходзіць у прамую; захоўваецца паралельнасць прамых і плоскасцей; захоўваюцца вуглы (лінейныя і двухграневыя); кожная фігура пераходзіць у падобную ёй фігуру і наадварот, дзве любыя падобныя фігуры атрымліваюцца адна з адной паслядоўным выкарыстаннем гаматэтыі і перамяшчэння. Гаматэтыя выкарыстоўваецца пры павелічэнні відарысаў (праекцыйны апарат, кіно),
пры здымках плана мясцовасці (мензульная здымка) і інш.
т. 5, с. 10
ГА́МАЎ
(Gamow) Джордж (Георгій Антонавіч; 4.3.1904, г. Адэса, Украіна — 20.8.1968),
амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл. Нац. АН (1953). Скончыў Ленінградскі ун-т (1926). З 1928 працаваў у Гётынгене, Капенгагене, Кембрыджы, з 1931 у Ленінградскім фізіка-тэхн. ін-це. З 1934 у ЗША; праф. ун-та Дж.Вашынггона, з 1956 — ун-та штата Каларада. Навук. працы па квантавай механіцы, атамнай і ядз. фізіцы, касмалогіі, біялогіі і гісторыі фізікі. Распрацаваў тэорыю альфа-распаду. Выказаў гіпотэзу пра гарачы Сусвет (1946), прапанаваў тэорыю ўтварэння хім. элементаў і першую мадэль генетычнага кода.
т. 5, с. 11
ГАМАФО́НІЯ
(ад гама... + грэч. phōnē гук, голас),
від шматгалосся, які вызначаецца падзелам галасоў на галоўны (мелодыя) і другарадныя (суправаджэнне). У гэтым прынцыповае адрозненне гамафоніі ад поліфаніі, дзе галасы раўназначныя. Сутнасць гамафоніі ў вылучэнні аднаго голасу як носьбіта асн. зместу муз. вобраза. Нязначная індывідуалізацыя галасоў суправаджэння спрыяе іх аб’яднанню часцей за ўсё як элементаў адзінага акордавага комплексу. Змена акордаў і акордавых комплексаў — спецыфічны фактар развіцця ў гамафонных формах, якое выяўляе ладава-гарманічныя функцыі асн. голасу і суправаджэння. Лінеарнае, інтанацыйнае, рытмічнае ўзбагачэнне галасоў суправаджэння прыводзіць да поліфанізацыі муз. фактуры, аднак вызначальнай прыкметай гамафоніі застаецца канцантрацыя муз. думкі ў адным голасе. Прынцыпы гамафоніі выкарыстоўваюць у розных жанрах і формах. У выніку разнастайных варыянтаў рытмічных суадносін паміж галасамі ўтвараюцца тыпы гамафоннай фактуры: акордавы, тып разгорнутай мелодыі з акордавым ці фігурацыйным суправаджэннем; поліфанізаваная гамафонія (спалучае энергію меладычных ліній з багаццем гамафоннай акордыкі і дынамізмам функцыянальных змен).
У Стараж. Грэцыі гамафонія абазначала выкананне мелодыі ва унісон ці ў актаву. У еўрап. прафес. музыцы яе станаўленне ў сучасным сэнсе звязана з эпохай Адраджэння (на Беларусі крышталізацыя гамафонных сродкаў выразна прасочваецца ў стылістыцы канта) У 17—18 ст. гамафонія — асн. муз. склад у оперы, араторыі, кантаце, інстр жанрах Творчасць венскіх класікаў (В.А.Моцарта, І.Гайдна, Л.Бетховена) сканцэнтравала найб. значныя і каштоўныя рысы гамафоніі. У 20 ст. побач з развіццём гамафоніі павялічылася цікавасць кампазітараў да поліфаніі.
Літ.:
Асафьев Б.В. Музыкальная форма как процесс. Кн. 1—2. 2 изд. Л., 1971;
Холопова В.Н. Фактура. М., 1979;
Тюлин Ю.Н. Учение о гармонии. 3 изд. М., 1966.
Т.А.Дубкова.
т. 5, с. 11
ГАМАЯТЭ́РМНЫЯ ЖЫВЁЛЫ
(ад грэч. homoios падобны, аднолькавы + thermē цяпло),
цеплакроўныя жывёлы, жывёлы з адносна пастаяннай, устойлівай т-рай цела. Да гамаятэрмных жывёл належаць птушкі і большасць млекакормячых. Характэрная рыса гамаятэрмных жывёл — наяўнасць у іх механізмаў тэрмарэгуляцыі — марфал., хім. (рэгуляцыя выпрацоўкі цяпла ў арганізме) і фіз. (рэгуляцыя цеплааддачы вонкаваму асяроддзю). У большасці гамаятэрмных жывёл т-ра цела ў розных відаў 35—45 °C. Гл. таксама Гетэратэрмныя жывёлы, Пайкілатэрмныя жывёлы.
т. 5, с. 11