Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛІ́ТЫЮ ЗЛУЧЭННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць літый. Найб. пашыраныя — солі мінер. кіслот, бінарныя неарган. злучэнні і літыйарганічныя злучэнні.

Літыю аксід Li2O — асноўны тугаплаўкі аксід (tпл 1453 °C). Утвараецца пры награванні металу ў паветры. Выкарыстоўваюць як кампанент спец. шкла (напр., з невялікім тэмпературным каэф. лінейнага расшырэння), палівы і эмалей (павышае іх хім. і тэрмічную ўстойлівасць). Літыю алюмагідрыд LiAlH4крышт. парашок, які бурна ўзаемадзейнічае з вадой, спіртамі і к-тамі з вылучэннем вадароду. Выкарыстоўваюць як селектыўны аднаўляльнік у арган. сінтэзе, асушальнік растваральнікаў, для атрымання гідрыдаў. Літыю гідраксід LiOH — моцная аснова (шчолач). Вельмі гіграскапічнае рэчыва. Выкарыстоўваюць як кампанент электралітаў у шчолачных акумулятарах, паглынальнік вуглякіслага газу ў процівагазах, падводных лодках, самалётах. LiOH і яго водныя растворы выклікаюць апёкі скуры і слізістых абалонак. Літыю гідрыд LiH раскладаецца вадой з утварэннем LiOH і вадароду. У прам-сці атрымліваюць узаемадзеяннем расплаву Li з вадародам пры 630—730 °C. Выкарыстоўваюць як крыніцу вадароду для напаўнення аэрастатаў, аднаўляльнік у арган. сінтэзе, для атрымання боравадародаў, літыйарган. злучэнняў, трытыю. Солі літыю (фтарыд LiF, карбанат Li2CO3, сульфат Li2SO4 і інш.) выкарыстоўваюць як кампаненты спец. шкла, тэрмаўстойлівай керамікі, палівы, эмалей, люмінафораў, лек. сродкаў.

т. 9, с. 319

«ЛІТЭРАТУ́РА ЛЮДО́ВА»

(«Literatura Ludowa», «Народная літаратура»),

навукова-літаратурны ілюстраваны часопіс; орган Польскага этнагр. т-ва. Выходзіць на польск. мове 1 раз у 2 месяцы (у 1957—68 у Варшаве, з 1972 у Вроцлаве). Змяшчае навук. даследаванні па пытаннях фалькларыстыкі, этналогіі, культуры. Публікуе справаздачы навук. сходаў т-ва, міжнар. кангрэсаў славістаў, даследчыкаў антрапалагічных і этнагр. навук, вуснай нар. творчасці розных народаў, міжнар. фестываляў фальклору, працы замежных вучоных і інш. Беларусі і яе сумежжу прысвечаны працы М.Гайдука «Беларускія загадкі» (1960, № 2/3), Р.Вайцяхоўскага «Песні беларускага народа ў зборы Федароўскага і польская народная песня», М.Канапацкага «Элементы фальклору татар на польска-беларуска-літоўскім сумежжы» (абедзве 1963, №1), А.Абрэмбскай-Яблонскай «Рэдакцыйная праца над рукапісамі Міхала Федароўскага» (1964, № 4/6), І.Гутарава «Беларуская фалькларыстыка (1945—1965)» (1966, № 1), Я.Саламевіча «Беларуская фалькларыстыка XIX і XX ст.» (1967, № 1/3), М.Шаховіча «Народная загадка ва ўмовах польска-беларускага культурнага сумежжа» (1991, № 1/6), З.Вуйціка «Філамацкі пераклад Карана для навагрудскіх татар» (1995, № 3) і інш. Друкуе рэцэнзіі на працы бел. і польска-бел даследчыкаў А.Аксамітава, В.Бандарчыка, М.Чурак, Я.Чачота, М.Янкоўскага і інш. Артыкулы забяспечаны рэзюме на англ. мове. Крыніцы падаюцца на мове арыгінала. Выйшаў 42 том (1998).

А.Ф.Літвіновіч.

т. 9, с. 319

ЛІЎР (франц. livre ад лац. libra фунт),

грашова-лікавая адзінка Францыі ў 9—18 ст. Падзяляўся на 20 су, або 240 дэнье. Як рэальная манета выпускаўся ў 1665 пры Людовіку XIV пад назвай «сярэбраны лі» і ў 1720 пры Людовіку XV. Пры Людовіку XVI выпушчаны залатыя манеты ў 24 Л. і сярэбраныя ў 3 і 6 Л. У выніку псавання манет кошт Л. паніжаўся. У 1795 на змену Л. прыйшоў франк.

6 ліўраў 1793; серабро, Францыя.

т. 9, с. 319

ЛІ́ЎШЫЦ (Гілер Маркавіч) (8.7.1909, в. Дараганава Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 27.6.1983),

бел. гісторык, філосаф. Д-р гіст. (1961) і філас. (1977) навук. Праф. (1962). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1934), выкладаў у ім. З восені 1941 у Кзыл-Ардзінскім пед. ін-це (Казахстан), з 1944 выкладаў у БДУ. Вывучаў сац.-эканам., паліт. становішча і ідэалогію стараж. свету (пераважна Іудзеі і Рыма) і сярэдневяковай Еўропы, ’пытанні навук. атэізму і гісторыі філасофіі. Адзін з буйнейшых даследчыкаў Мёртвага мора рукапісаў.

Тв.:

Классовая борьба в Иудее и восстания против Рима. Мн., 1957;

Кумранские рукописи и их историческое значение. Мн., 1959;

Происхождение христианства в свете рукописей Мертвого моря. Мн., 1967;

Очерки историографии Библии и раннего христианства. Мн., 1970;

Свободомыслие и материалистическая философия в Западной Европе (вторая половина XVII в.). Мн.,1975;

Реформационное движение в Чехии и Германии. Мн., 1978;

Критика идеализма и религии в трудах Г.В.Плеханова. Мн., 1981.

Літ.:

Ботвинник М. Г.М.Лившиц: Историогр. очерк. Мн., 1994.

М.Б.Батвіннік.

т. 9, с. 319

ЛІ́ЎШЫЦ (Іосіф Барысавіч) (28.9.1936, Мінск — 28.10.1991),

бел. вучоны ў галіне эндакрыналогіі. Д-р мед. н. (1985), праф. (1988). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1960). З 1970 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (з 1978 заг. аддзела). Навук. працы па эксперым. і клінічнай эндакрыналогіі.

Тв.:

Влияние острых нагрузок фуросемидом и хлористым натрием на уровень ряда гормонов в крови больных ишемической болезнью сердца // Кардиология. 1982. № 3;

Простагландины и атеросклероз (разам з А.Г.Мрочакам, Т.Дз.Цябут) // Патол. физиология и эксперимен. терапия. 1983. № 2.

т. 9, с. 319

ЛІ́ЎШЫЦ (Мордух Насонавіч) (17.4.1918, г. Рэчыца Гомельскай вобл. — 7.3.1997),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1969). Скончыў Ленінградскі інж.-буд. ін-т (1941). З 1946 працаваў у праектных ін-тах Мінска (з 1969 гал. архітэктар ін-та «Белкамунпраект», у 1974—78 — ін-та «Белжылпраект»). Найб. значныя работы: у Мінску — планіроўка жылых кварталаў (1950-я г.) і жылыя дамы па вуліцах Я.Коласа (1951), Чырвонай (1953) і Камуністычнай (1954, абодва ў сааўт.), праспекце Ф.Скарыны (1956), 2-я чарга тэхнал. ін-та (1967), адм. карпусы Дзяржкамсельгастэхнікі і Мінпрамбуда, Мін-ва мантажных і спец. буд. работ (усе 1970), адм. будынкі на праспекце Ф.Скарыны (1953) і па вул. Савецкай (1976; усіх кіраўнік аўтарскага калектыву), ін-т «Белжылпраект» (1981); праект рэканструкцыі гіст. цэнтра Гродна (1971, кіраўнік аўтарскага калектыву), серыі тыпавых праектаў жылых дамоў, гандл. збудаванняў і інш. грамадскіх будынкаў (усе 1957—69); планіроўка цэнтр. плошчы (1960) у Барысаве; помнік танкістам каля Дома афіцэраў у Мінску (1952) і інш.

А.А.Воінаў.

т. 9, с. 319

Ліўшыц Давыд Уладзіміравіч

т. 18, кн. 1, с. 420

Ліўшыц Іосіф Майсеевіч

т. 18, кн. 1, с. 420

ЛІФА́Р ((Lifar) Серж) (Сяргей Міхайлавіч; 15.4.1905, Кіеў — 15.12.1986),

расійскі і французскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Вучыўся ў Кіеўскай студыі Б.Ніжынскай (з 1921), потым у Э. Чэкеці. З 1923 жыў у Францыі. Да 1929 саліст трупы «Рускі балет Дзягілева». У 1930—63 (з перапынкамі) і 1977 балетмайстар, саліст (да 1956) і педагог Парыжскай оперы. У 1944—47 кіраўнік трупы «Нуво бале дэ Монтэ-Карла». Заснаваў Ін-т харэаграфіі ў Парыжы (1947). З 1955 выкладаў у Сарбоне. Танцоўшчык класічнай школы, валодаў развітой тэхнікай, драм. экспрэсіяй, лірычным дарам. Выконваў гал. партыі ў балетах «Кошка» А.Саге, «Ода» Н.Набокава, «Стальны скок» і «Блудны сын» С.Пракоф’ева, «Блакітны экспрэс» Д.Міё, «Матросы» Ж.Арыка, «Баль» В.Рыеці, «Апалон Мусагет» і «Пятрушка» І.Стравінскага і інш. Паставіў у розных т-рах больш за 200 балетаў, у т. л. на муз. Бетховена, С.Пракоф’ева, К.Дэбюсі, М.Равеля, М. дэ Фальі, П.Чайкоўскага, Стравінскага. Развіваў традыцыі акад. танца, распрацаваў прынцыпы т. зв. «трох харэаграфічных планаў», павялічыў ролю мужчынскага танца. Дзейнасць Л. паўплывала на сцвярджэнне прынцыпаў рус. харэаграфіі 20 ст. на франц. сцэне, адраджэнне франц. балета ў 1920—40-я г. Пад яго кіраўніцтвам балет Парыжскай оперы стаў адным з лепшых у Еўропе. Аўтар гіст. і тэарэт. прац, у якіх характарызаваў сваю творчасць як «неакласіцызм». У 1994 у Кіеве адбыўся прысвечаны Л. Міжнар. фестываль і конкурс балета.

Літ. тв.: Дягилев и с Дягилевым. М., 1994; Страдные годы. С Дягилевым: Воспоминания. Киев, 1994; Рус. пер. — Мемуары Икара. М., 1995.

Літ.:

Плещеев А. С.Лифарь. Париж, 1938;

Иофьев М. Балет «Гранд-Опера» в Москве // Иофвев М. Профили искусства. М., 1965;

Тихонова Н. Девушка в синем. М. 1992.

т. 9, с. 319

ЛІФЛЯ́НДЫЯ (ням. Livland краіна ліваў),

1) нямецкая назва Лівоніі ў 13—16 ст. 2) Афіцыйная назва тэр. Паўн. Латвіі і Паўд. Эстоніі (лат. Відземе, эст. Ліівімаа) у 17 — пач. 20 ст. ў складзе Швецыі (1629—1721, правінцыя) і Расіі (1721—1917, Ліфляндская губ.).

т. 9, с. 320