ЛІ́ЎШЫЦ Мордух Насонавіч

(17.4.1918, г. Рэчыца Гомельскай вобл. — 7.3.1997),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1969). Скончыў Ленінградскі інж.-буд. ін-т (1941). З 1946 працаваў у праектных ін-тах Мінска (з 1969 гал. архітэктар ін-та «Белкамунпраект», у 1974—78 — ін-та «Белжылпраект»). Найб. значныя работы: у Мінску — планіроўка жылых кварталаў (1950-я г.) і жылыя дамы па вуліцах Я.Коласа (1951), Чырвонай (1953) і Камуністычнай (1954, абодва ў сааўт.), праспекце Ф.Скарыны (1956), 2-я чарга тэхнал. ін-та (1967), адм. карпусы Дзяржкамсельгастэхнікі і Мінпрамбуда, Мін-ва мантажных і спец. буд. работ (усе 1970), адм. будынкі на праспекце Ф.Скарыны (1953) і па вул. Савецкай (1976; усіх кіраўнік аўтарскага калектыву), ін-т «Белжылпраект» (1981); праект рэканструкцыі гіст. цэнтра Гродна (1971, кіраўнік аўтарскага калектыву), серыі тыпавых праектаў жылых дамоў, гандл. збудаванняў і інш. грамадскіх будынкаў (усе 1957—69); планіроўка цэнтр. плошчы (1960) у Барысаве; помнік танкістам каля Дома афіцэраў у Мінску (1952) і інш.

А.А.Воінаў.

т. 9, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)