«БЯСЕ́ДА АМА́ТАРАЎ РУ́СКАГА СЛО́ВА»,
літаратурнае таварыства ў Пецярбургу ў 1811—16. Створана па ініцыятыве А.С.Шышкова (сходы збіраліся ў доме Г.Р.Дзяржавіна, які сваім удзелам павялічваў аўтарытэт т-ва). Некаторыя яго члены, заўзятыя прыхільнікі класіцызму, выступалі супраць моўнай рэформы М.М.Карамзіна, аддаючы перавагу стараслав. мове.
т. 3, с. 417
БЯСЕ́ДНЫЯ ПЕ́СНІ,
застольныя песні, творы нар. лірыкі, якія спявалі ў застоллі. Рэгіянальныя назвы: гасцявыя, кірмашовыя, банкетовыя, пірушачныя песні. Значная колькасць іх сярод дажынкавых, талочных, радзінных песень, таму паводле функцыянальнай прыкметы адрозніваюць бяседныя песні пазаабрадавыя, каляндарна-абрадавыя і сямейна-абрадавыя. Маюць велічальныя матывы, у якіх услаўляюцца багаты стол, шчодрыя гаспадары, жаданыя госці. Ідэалізаваная карціна дастатку адлюстроўвае мару селяніна. У бяседных песнях пераважаюць сямейна-бытавыя матывы: нешчаслівае замужжа, жорсткі муж, лютая свякроў, ліхія суседзі і інш.
І.К.Цішчанка.
т. 3, с. 417
БЯСКІ́ДЫ,
раз’яднаныя хрыбты ў паўн. ч. Карпат, у Польшчы, Чэхіі, Славакіі і на Украіне. Падзяляюцца на Зах. і Усх. Бяскіды. Даўж. каля 300 м. Выш. да 1725 (г. Бабіна). Складзены пераважна з флішаў. Ад восевай зоны Карпат аддзелены падоўжнымі далінамі і ўтвараюць асобныя плоскавяршынныя масівы з невысокімі пераваламі паміж імі. Букавыя і хвойныя лясы, на вяршынях — лугі (паланіны). Нац. паркі Бабінагорскі і Гарчанскі (Польшча), рэзерват Катліна пад Бабінай Гарой (Славакія).
т. 3, с. 417
БЯСКО́НЦАСЦЬ у матэматыцы, тое, што бесканечнасць.
т. 3, с. 417
БЯСКРЫ́ЛАЯ ГАГА́РКА
(Piguinus impennis),
нелятаючая птушка сям. чысцікавых. Жыла на ўзбярэжжах Атлантычнага ак. Еўропы і Паўн. Амерыкі. На Атл. узбярэжжы ЗША даходзіла да Фларыды, у Еўропе — да прыбярэжных раёнаў Францыі і Паўд. Іспаніі; у ледавіковы перыяд жыла і на Пд Італіі. Апошняя пара бяскрылай гагаркі і іх яйцо знішчаны ў 1844 на в-ве Элдзі-Року каля паўд. ўзбярэжжа Ісландыі. Захаваліся шкуркі, шкілеты, тушкі і яйцы.
Даўж. да 75 см, маса да 5 кг. Падобная да пінгвіна. Афарбоўка цела зверху чорная, знізу белая. Наперадзе вачэй 2 вял. белыя плямы. Крылы недаразвітыя, дзюба шчыльная, вострая. Кармілася рыбай, несла 1 яйцо. Мела першагатунковы тлушч пад скурай, таму знішчана.
т. 3, с. 417
БЯСКРЫ́ЛЫЯ НАСЯКО́МЫЯ,
аптэрыготы (Apterygota), раздзел найбольш стараж. насякомых. Вядомы з адкладаў сярэдняга дэвону. 1 атрад — шчацінахвосткі. Каля 4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Звычайна вільгацелюбівыя; жывуць скрытна — у лясным подсціле, глебе, пад карой дрэў, у гнілой драўніне і інш.
Цела даўж. да 2 см, верацёнападобнае. Спіна ўкрыта тонкімі лускавінкамі. 3 пары грудных ног, у некат. відазмененыя брушныя канечнасці — цэркі. Кормяцца глебавым дэтрытам, пылком кветак і інш.; некат. драпежнікі.
т. 3, с. 417
БЯСПА́ЛЫ Змітро
(Дзмітрый Аляксандравіч; н. 28.8.1934, в. Вялікі Бор Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1963). Працаваў у час. «Вожык», час. «Родная прырода», з 1994 у «Беларускай лясной газеце». Першая кніга — анімалістычныя абразкі «Лясныя хітруны» (1969, 2-е выд. 1986). Аўтар кніг апавяданняў, аповесцяў, казак і замалёвак аб прыродзе Беларусі (зб-кі «У лясной каморы», 1972; «Дзіўны птах», 1981; «Казкі Сіняга лесу», 1983; серыя кніг «Звяры Белавежскай пушчы», 1987; «Птушкі Белавежскай пушчы», 1988). Складальнік зб-ка «Беларускія народныя жарты» (1970). Гумарыстычныя творы ў зб-ках «Сякера пад лаваю» (1970), «Ад варот паварот» (1977).
т. 3, с. 417