Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛІМФАЦЫ́ТЫ [ад лімфа + ...цыт(ы)],

адна з форм незярністых лейкацытаў (агранулацытаў) у пазваночных жывёл і чалавека. Шарападобныя клеткі з авальным ядром і цытаплазмай, багатай рыбасомамі. Складаюць 19—37% лейкацытаў перыферычнай крыві. Адрозніваюць малыя, сярэднія і вялікія. У млекакормячых і птушак паходзяць са стваловых крывятворных клетак і складаюць 2 групы: Т-Л. ўтвараюцца ў тымусе, В-Л. — у фабрыцыевай сумцы або касцявым мозгу. Іх патомкі ў дарослых арганізмах размнажаюцца ў селязёнцы, лімфатычных вузлах і лімфоідных фалікулах дыхальнага і стрававальнага трактаў. Асн. функцыя — імуналагічная. Якасная і колькасная ацэнка Л. мае значэнне ў дыягностыцы захворванняў.

А.С.Леанцюк.

т. 9, с. 263

ЛІМФО́ІДНАЯ СІСТЭ́МА, імунная сістэма,

рэгуляторная сістэма ў арганізме жывёл і чалавека, якая фарміруе і падтрымлівае імунітэт. Асн. функцыя — распазнаванне генетычна чужароднай субстанцыі і блакада, нейтралізацыя або знішчэнне антыгенаў, якія стымулявалі імунны адказ. Уключае вілачкавую залозу, чырв. касцявы мозг, лімфатычныя вузлы, селязёнку і вял. колькасць лімфоіднай тканкі па ходу стрававальнага і дыхальнага шляхоў, агульная маса 1,5—2 кг. Асн. клеткі — розныя субпапуляцыі і функцыян. падкласы лімфацытаў. Пры кантакце з антыгенамі Л.с. здольная даваць розныя формы імуннага адказу: гумаральны імунітэт (цыркуляцыя ў крыві спецыфічных антыцел), клетачны імунітэт (паяўленне вял. колькасці Т-лімфацытаў, што ўзаемадзейнічаюць з пэўным антыгенам чужароднай клеткі), цыркуляцыя доўгажывучых Т-і В-лімфацытаў (пры паўторнай сустрэчы з антыгенам здольныя да хуткага адказу, імуналагічная памяць), утварэнне імуналагічнай талерантнасці (адсутнасць адказу на пэўны антыген), праяўленне алергіі (павышаная адчувальнасць да спецыфічнага антыгена). Узнікла з паяўленнем шматклетачных арганізмаў як фактар, што спрыяе іх выжыванню.

Літ.:

Петров Р.В. Иммунология, 2 изд. М., 1987;

Сапин М.Р., Этинген Л.Е. Иммунная система человека. М., 1996.

А.С.Леанцюк.

т. 9, с. 263

ЛІМФО́МА, лімфасаркома,

злаякасныя пухліны лімфоіднай тканкі. Адрозніваюць лімфасаркомы надулярную (хвароба Брыла — Сімерса), лімфацытарную, лімфаплазмацытарную, пралімфацытарную, лімфабластную, імунабластную, саркому Беркіта. Пашкоджвае лімфавузлы шыі, падсківічныя, патылічныя, надключычныя, а таксама лёгкае, страўнік, шчытападобную залозу і інш. Лячэнне: хіміяпрамянёвая і гарманальная тэрапія, хірургічнае.

В.Я.Рэбека.

т. 9, с. 263