ЛІМФАЦЫ́ТЫ [ад лімфа + ...цыт(ы)],
адна з форм незярністых лейкацытаў (агранулацытаў) у пазваночных жывёл і чалавека. Шарападобныя клеткі з авальным ядром і цытаплазмай, багатай рыбасомамі. Складаюць 19—37% лейкацытаў перыферычнай крыві. Адрозніваюць малыя, сярэднія і вялікія. У млекакормячых і птушак паходзяць са стваловых крывятворных клетак і складаюць 2 групы: Т-Л. ўтвараюцца ў тымусе, В-Л. — у фабрыцыевай сумцы або касцявым мозгу. Іх патомкі ў дарослых арганізмах размнажаюцца ў селязёнцы, лімфатычных вузлах і лімфоідных фалікулах дыхальнага і стрававальнага трактаў.
А.С.Леанцюк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)