Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГАЎТА́МА,

Гатама, у старажытнаіндыйскай міфалогіі адзін з сямі вялікіх мудрацоў рышы. Гаўтама пракляў Індру, які спакусіў яго жонку Ахаллю. У будызме Гаўтама — імя апошняга зямнога Буды — Шак’ямуні.

т. 5, с. 93

ГАЎФ

(Hauff) Вільгельм (29.11.1802, г. Штутгарт, Германія — 18.11.1827),

нямецкі пісьменнік-рамантык. Атрымаў багаслоўскую адукацыю ў Цюбінгенскім ун-це. Зб. сатыр. нарысаў «Мемуары Сатаны» (1826—27) напісаны ў традыцыях «Фауста» І.В.Гётэ і прысвечаны крытыцы філісцёрства, адначасова гэта пародыя на стыль ням. рамантыкаў. Парадыйнасцю пазначаны і раман «Чалавек з Месяца» (1825). У рамане «Ліхтэнштэйн» (1826) адлюстраваў гіст. працэс у яго руху і супярэчнасцях. Выдаў «Казкі для сыноў і дачок адукаваных саслоўяў» (т. 1—3, 1826—28). Звяртаючыся да ням., зах.-еўрап. і ўсх. фалькл. архетыпаў, Гаўф у літ. казцы імкнуўся раскрыць нар. мудрасць і знайсці адказ на хвалюючыя праблемы сучаснасці («Гісторыя пра маленькага Мука», «Халоднае сэрца» і інш.). Яго навелам уласцівы рысы рэалізму («Атэла», «Жабрачка з Pont des Arts», «Яўрэй Зюс» і інш.).

Тв.:

Бел. пер. — Маленькі Мук. Мн., 1977;

Рус. пер. — Сказки. Л., 1979.

Г.В.Сініла.

т. 5, с. 93

ГА́ЎЯ,

рака ў Латвіі. Даўж. 460 км. Пл. вадазбору 8900 км². Пачынаецца на Відземскім узв. Цячэ цераз шматлікія азёры, упадае ў Рыжскі зал. У раёне г. Валміера — г. Сігулда даліна глыбока ўрэзаная. Сярэдні расход вады 78 м³/с. Сплаўная. У бас. Гаўі — прыродны нац. парк Гаўя. На Гаўі гарады Стрэнчы, Валміера, Цэсіс, Сігулда.

т. 5, с. 93

ГА́ЎЯ,

рака ў Іўеўскім р-не Гродзенскай вобл. Беларусі і ў Літве, правы прыток Нёмана. Даўж. 100 км (у межах Беларусі 68 км). Пл. вадазбору 1680 км². Пачынаецца на паўд.-зах. схілах Ашмянскага ўзв. Шальчынінкскага р-на Літвы. Асн. прытокі: Клява, Якунька, Апіта, Жыжма. Даліна выразная. Пойма лугавая, шыр. 100—900 м. Рэчышча звілістае, на асобных участках каналізаванае. Берагі стромкія. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 13,6 м³/с. На левым беразе ў в. Жамыслаўль Іўеўскага р-на помнік прыроды — Жамыслаўскі ясень.

т. 5, с. 93

ГА́ЎЯ,

нацыянальны парк у Латвіі, у бас. р. Гаўя. Засн. ў 1973 для комплекснай аховы прыродных ландшафтаў, помнікаў прыроды і культуры, арганізацыі турызму і адпачынку. Пл. 83,75 тыс. га. У парку вылучаны ахоўныя зоны (каля 40% плошчы з рэжымам заказніка) і ўчасткі некранутай прыроды, на якіх выключана ўмяшанне чалавека. Лясы пераважна з хвоі, елкі, бярозы. Пашыраны: лось, дзік, казуля, заяц, бабёр і інш.; каля 150 відаў птушак. Рэакліматызаваны высакародны алень. Турызм.

т. 5, с. 93