Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БА́БІНА КА́ША,

у беларусаў абрадавая страва на радзінах. Каша з прасяных, ячных або грэцкіх круп на малацэ, з яйкамі, мёдам, цукрам, маслам, якую варыла бабка-павітуха. Бабіну кашу падавалі пад канец святочнага абеду, калі пачынаўся «торг» за яе. Пасля «торгу» гаршчок з бабінай кашай заставаўся ў самага шчодрага (звычайна гэта быў кум) госця. Ён разбіваў гаршчок на шчасце нованароджанаму і частаваў усіх кашай на чарапку. У наш час на радзінах замест бабінай кашы па традыцыі ў гаршку падаюць цукеркі, пячэнне і інш.

Т.І.Кухаронак.

т. 2, с. 181

«БА́БІНА ЛЕ́ТА»,

пара сухога, цёплага (днём) надвор’я ў 2-й пал. верасня — кастрычніку ў Паўн. паўшар’і. У Паўн. Амерыцы наз. індзейскім летам. Прадаўжаецца 2—3 тыдні. На Беларусі бывае амаль штогод пры ўстойлівым антыцыклоне, з якім паступае цёплае паветра з Пд. Пераважае малавоблачнае надвор’е, слабы паўд. вецер. У найб. працяглыя перыяды вяртання цяпла могуць паўторна цвісці яблыні, вішні, чаромха і інш. Доўгае «Бабіна лета» было, напрыклад, у Мінску ў 1975 (цягнулася месяц), калі дзённыя т-ры дасягалі 29 °C.

т. 2, с. 181

БАБІНЕ́Ц,

біялагічны заказнік на Беларусі, у Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці. Засн. ў 1979 для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін на тарфяным балоце вярховага тыпу Парослішча і прылеглай тэрыторыі. Пл. 850 га. Асн. ч. балотнага масіву ўкрыта хваёва-сфагнавымі і хваёва-кусцікава-сфагнавымі фітацэнозамі.

т. 2, с. 181

БАБІ́НЕЦ,

пярэдняя частка праваслаўнага ці каталіцкага храма. На Беларусі вядомы з 11—12 ст. (Сафійскі сабор і Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку). Пашыраны ў архітэктуры культ. пабудоў 15—18 ст. як частка аб’ёму над хорамі (цэрквы ў в. Мураванка Шчучынскага, Сынковічы Зэльвенскага р-наў Гродзенскай вобл., касцёлы ў в. Дзераўная Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл., Ішкалдзь Баранавіцкага р-на) або самастойны аб’ём, злучаны прамавугольным ці арачным праёмам з асноўным (цэрквы ў в. Яглевічы Івацэвіцкага, Здзітава Жабінкаўскага р-наў Брэсцкай вобл.). У кампазіцыі бабінец часам вылучаюць асобным верхам ці вежай-званіцай (цэрквы ў в. Вяжное Пружанскага, Рубель Столінскага р-наў Брэсцкай вобл.).

т. 2, с. 182

БА́БІНІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Віцебскім раёне, за 1,5 км ад р. Віцьба. Цэнтр сельсавета і вучгаса «Падбярэззе». За 11 км на ПнУ ад Віцебска, на шашы Віцебск—Сураж. 734 ж., 294 двары (1995). Міні-мясакамбінат. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.

т. 2, с. 182

БА́БІН ЯР,

урочышча на паўн.-зах. ускраіне Кіева, месца масавай загубы ў 1941—43 ням. фашыстамі мірнага насельніцтва і сав. ваеннапалонных. На працягу 1941—43 у Бабіным яры забіта каля 100 тыс. чал., пераважна яўр. нацыянальнасці. Толькі паводле афіц. ням. звестак 29—30.9.1941 у Яры расстраляны 33 771 яўрэй. У 1976 у раёне Бабінага яра ўзведзены манумент ахвярам фашызму. Да тэмы Бабінага яра звярталіся многія дзеячы мастацтва, у т. л. І.Эрэнбург, Я.Еўтушэнка, А.Кузняцоў, Дз.Шастаковіч.

т. 2, с. 181

БАБІРУ́СА

(Babyrousa babyrussa),

парнакапытнае млекакормячае сям. свіных. Адзіны від у родзе. Сустракаецца на в-ве Сулавесі і бліжэйшых астравах (Малайскі архіпелаг). Трымаецца забалочаных лясоў і прыбярэжных зараснікаў.

Даўж. цела да 1 м. Мае адносна маленькую галаву, кароткія вушы, высокія і тонкія ногі. Верхнія іклы ў самцоў да 30 см, загінаюцца назад. Скура маршчыністая з рэдкім шчаціннем. Нараджае двое аднаполых парасят. Актыўная ўначы. Корміцца лісцем травяністых раслін. Аб’ект палявання (мяса, скура, іклы). Занесена ў Чырв. кнігу МСАП.

т. 2, с. 182

БАБІ́Т,

антыфрыкцыйны сплаў на аснове волава ці свінцу. Некаторыя маркі бабиту маюць у сабе сурму, медзь, нікель, мыш’як, кадмій, тэлур, магній і інш. элементы. Адкрыты амер. вынаходнікам І.Бабітам (1839). Уласцівасці сплаву абумоўлены яго гетэрагеннай структурай: наяўнасцю цвёрдых часціц у мяккай пластычнай аснове. Асн. з іх: параўнальна нізкая т-ра плаўлення (320—430 °C), высокая пластычнасць, нізкі каэф. трэння. Выкарыстоўваецца бабіт для заліўкі падшыпнікаў, якія працуюць са змазкай пры вял. нагрузках і скарасцях слізгання (у аўтамабільных і трактарных рухавіках, пасажырскіх і таварных вагонах, тэндарах).

т. 2, с. 182

БАБІ́ЦКАЯ Валянціна Рыгораўна

(н. 24.1.1943, в. Рыбцы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны-мікрабіёлаг. Д-р біял. н.(1991). Скончыла БДУ (1965). З 1968 у Ін-це мікрабіялогіі АН Беларусі. Навуковыя працы па даследаванні фізіялагічна актыўных злучэнняў грыбоў, біятэхналогіі.

Тв.:

Микробный синтез на основе целлюлозы: Белок и др. ценные продукты. Мн., 1988 (разам з А.Г.Лабанком, Ж.М.Багданоўскай).

т. 2, с. 182

БА́БІЧЫ,

вёска ў Беларусі, ва Узрэцкім с/с Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл., на р. Дабрылаўка (прыток Бярозаўкі). Цэнтр калгаса. За 25 км на Пн ад Глыбокага, 205 км ад Віцебска, 27 км ад чыг. ст. Глыбокае. 243 ж., 80 двароў (1995). Пач. школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. Сувязі.

т. 2, с. 182