Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«Б’Ю́ІК»

(Buick),

марка легкавых аўтамабіляў, што выпускаюцца аднайменнай амер. фірмай з 1902 (з 1908 у складзе канцэрна «Джэнерал мотарс»), У 1995 вырабляліся аўтамабілі з магутнасцю рухавіка ад 86 да 153 кВт; найб. скорасць руху 175—200 км/гадз.

т. 3, с. 388

БЮІСО́Н

(Buisson)Фердынанд Эдуард (20.12.1841, Парыж — 16.2.1932),

французскі педагог і грамадскі дзеяч. Праф. Лазанскай акадэміі (1866—70), дырэктар пач. адукацыі Францыі (1879—96), кіраўнік кафедры педагогікі Сарбоны (з 1896). Дэпутат парламента ў І902—24. Адыграў вял. ролю ў падрыхтоўцы і ажыццяўленні законаў 1880-х г. аб усеагульнай абавязковай бясплатнай пач. адукацыі і аб свецкай школе, а таксама школьных законаў пач. 20 ст. Адстойваў прынцыпы «адзінай школы»: роўнасць у атрыманні адукацыі і даступнасць навучання ў сярэдняй школе, якая залежала б толькі ад здольнасцей вучняў. Вял. значэнне надаваў маральнаму развіццю асобы, прызнаючы ролю рэлігіі ў выхаванні. Адзін з заснавальнікаў «Лігі правоў чалавека» і «Т-ва па вывучэнні дзіцячай псіхалогіі». Нобелеўская прэмія міру 1927.

т. 3, с. 388

Б’юкенен Джэймс Макджыл

т. 18, кн. 1, с. 357

БЮ́ЛАЎ

(Bülow) Бернхард Генрых Марцін фон (3.5.1849, г. Гамбург, Германія — 28.10.1929),

германскі дзярж. дзеяч, дыпламат, князь (1905). Юрыст. З 1874 на дыпламат. службе. 1-ы сакратар пасольства ў Пецярбургу (1884—88), пасланнік у Румыніі (1888—93), пасол у Італіі (1893—97), дзярж. сакратар у Мін-ве замежных спраў (1897—1900). У 1900—09 канцлер Германскай імперыі і прэм’ер-міністр Прусіі. Патрабаваў «месца пад сонцам» для Герм. імперыі, дамагаўся павелічэння яе ваен. моцы (асабліва флоту), падтрымліваў аўстра-венг. кіраўніцтва ў час Баснійскага крызісу 1908—09 і інш. Ва ўнутр. палітыцы найб. вядомы ўвядзеннем у інтарэсах буйных аграрыяў высокага мытнага тарыфу на хлебныя прадукты, што выклікала іх падаражэнне. Зімой 1914—15 як пасол па асобых даручэннях у Рыме намагаўся дыпламат. сродкамі прадухіліць уступленне Італіі ў 1-ю сусв. вайну. Аўтар «Мемуараў» (т. 1—4. 1930—31).

т. 3, с. 388

БЮ́ЛАЎ

(Bülow) Ганс Гвіда фон (8.1.1830, г. Дрэздэн, Германія — 12.2.1894),

нямецкі піяніст, дырыжор, кампазітар. Адзін з заснавальнікаў сучаснай дырыжорскай школы (першы дырыжыраваў на памяць). Вучыўся ў Ф.Ліста (фп.) і М.Гаўптмана (кампазіцыя). З 1850 дырыжор у т-рах Цюрыха і Санкт-Галена, у 1855—64 узначальваў канцэрты Т-ва сяброў музыкі і выкладаў у кансерваторыі Штэрна ў Берліне. З 1867 прыдворны капельмайстар і дырэктар Каралеўскай муз. школы ў Мюнхене, дзе дырыжыраваў прэм’ерамі опер «Трыстан і Ізольда» і «Нюрнбергскія майстэрзінгеры» Р.Вагнера. У 1877—79 дырыжор прыдворнага т-ра ў Гановеры (паст. оперу «Жыццё за цара» М.Глінкі, 1878), у 1880—93 дырыжор аркестраў у Майнінгене, Гамбургу, Берліне. Гастраліраваў як піяніст і дырыжор у Еўропе і Амерыцы. Выступаў як муз. крытык. П.Чайкоўскі прысвяціў Бюлаву 1-ы канцэрт для фп. з аркестрам.

т. 3, с. 388

БЮЛЕТЭ́НЬ

(франц. bulletin ад італьян. bulletino запіска, лісток),

1) збор афіц. актаў, распараджэнняў і інш. 2) Кароткае інфарм. паведамленне.

3) Перыяд. выданне ці выданне, якое працягваецца. Змяшчае афіц. матэрыялы, артыкулы на тэмы, што ўваходзяць у кампетэнцыю арг-цыі, якая выдае бюлетэнь.

4) Выбарчы бюлетэнь — дакумент для галасавання з прозвішчамі кандыдатаў.

т. 3, с. 389

«БЮЛЕТЭ́НЬ ПАСО́ЛЬСКАГА КЛУ́БА БЕЛАРУ́СКАЙ СЯЛЯ́НСКА-РАБО́ТНІЦКАЙ ГРАМАДЫ́» , орган левага крыла бел. парламенцкай фракцыі ў сейме Польшчы. Выдаваўся з 11.7.1925 да 4.12.1926 у Вільні на бел. мове. Друкаваў прамовы грамадаўскіх дэпутатаў у сейме, іх інтэрпеляцыі (запытанні), звароты да польскага ўрада і кіраўнікоў міністэрстваў. У інтэрпеляцыях (у 1927 выйшлі ў Мінску асобным выданнем на бел. і рус. мовах) і інш. дакументах выкрываліся факты грубага парушэння мясц. польск. адміністрацыяй канстытуцыі дзяржавы і падпісаных Польшчай міжнар. трактатаў, беспадстаўныя арышты і збіванне палітзняволеных, абкладанне сялян Зах. Беларусі непамернымі падаткамі, рэпрэсіі супраць бел. перыядычнага друку і інш. Вядома 16 нумароў, з іх 3 канфіскаваны.

А.С.Ліс.

т. 3, с. 389

«БЮЛЕТЭ́НЬ ЦК КПЗБ» , нелегальная газета, орган ЦК КПЗБ для ўнутрыпарт. інфармацыі. Выдавалася з 20.1.1927 да 1936 на бел., рус., яўр. і польск. мовах звычайна 1 раз у месяц. Друкавала найб. важныя пастановы і рашэнні ЦК КПЗБ, інструктыўныя матэрыялы па пытаннях агітацыі, прапаганды і парт. будаўніцтва, тэзісы для дакладаў на сходах парт. ячэек, асвятляла дзейнасць ЦК, яго аддзелаў і мясцовых парт. Арг-цый.

т. 3, с. 389

«БЮЛЛЕТЕ́НЬ ВОЕ́ННО-РЕВОЛЮЦИО́ННОГО КОМИТЕ́ТА ЗА́ПАДНОГО ФРО́НТА» , штодзённая газета бальшавіцкага кірунку. Выдавалася з 27.10(9.11) да канца ліст. 1917 у Мінску на рус. мове. Друкавала загады і распараджэнні Ваенна-рэв. камітэта. Засяроджвала салдат на неабходнасці барацьбы з рэакц. генералітэтам у Стаўцы Вярх. галоўнакамандуючага. Пісала пра ход барацьбы за ўладу з к-тамі выратавання рэвалюцыі, антыбальшавіцкай прэсай і інш.

т. 3, с. 389

«БЮЛЛЕТЕ́НЬ НОРМАТИ́ВНО-ПРАВОВО́Й ИНФОРМА́ЦИИ» , штомесячнае перыядычнае выданне. Выходзіць з ліпеня 1991 у Мінску на рус. мове. Друкуе нарматыўныя акты мін-ваў і ведамстваў, якія праходзяць рэгістрацыю ў Мін-ве юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

т. 3, с. 389