Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЫЧЫ́ХА,

вёска ў Беларусі, у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. Чыгуначная ст. на лініі Невель—Віцебск. За 24 км на Пн ад г. Гарадок, 63 км ад Віцебска. 674 ж., 277 двароў (1995). Перасоўная механізаваная калона, сепаратарны пункт. Сярэдняя школа, філіял Езярышчанскай муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, аптэка, аддз. Сувязі.

т. 3, с. 382

БЫЧЫ́ХІНСКІ БОЙ 1942.

Адбыўся паміж зводным атрадам 2-й Бел. партыз. брыгады імя П.К.Панамарэнкі і ням фаш. гарнізонам на ст. Бычыха Мехаўскага р-на (цяпер у Гарадоцкім р-не) Віцебскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. У ноч на 15 ліп. партызаны з боем уварваліся ў акопы і апорныя пункты ворага, разграмілі гарнізон на станцыі і тэр. былой МТС. У выніку бою чыгунка Віцебск—Невель была выведзена са строю больш як на суткі.

т. 3, с. 382

Бышнёў Ігар Іванавіч

т. 18, кн. 1, с. 357

БЭЗ

(Syringa),

род кветкавых раслін сям. маслінавых. Вядома 28 відаў. Пашыраны ў Еўропе і Азіі. На Беларусі інтрадукцыйную праверку прайшлі 19 відаў, з іх 4 рэкамендаваны для зялёнага буд-ва. Найб. шырока выкарыстоўваюцца ў дэкар. садоўніцтве бэз звычайны (S. vulgaris), які мае шмат садовых формаў і сартоў (у т. л. бел. селекцыі) і бэз венгерскі (S. josikaea).

Пераважна лістападныя галінастыя кусты або невял. дрэвы. Лісце звычайна цэласнае, супраціўнае, на кароткіх чаранках Кветкі дробныя, p трубчастым вяночкам, духмяныя, рознага колеру, у густых гронкападобных суквеццях. Плод — сухая двухгнездавая каробачка. Дэкар. і тэхн. расліны, выкарыстоўваюцца ў адзіночных, групавых і лесаахоўных пасадках, на зразанне і выганку; у парфумерыі для атрымання экстракту з кветак.

т. 3, с. 382

БЭ́ЙЛІ

(Beiley) Сэмюэл (1791, г. Шэфілд, Вялікабрытанія — 18.1.1870),

англійскі вучоны-эканаміст У 1831 заснаваў і ўзначаліў Банкаўскую кампанію ў г. Шэфілд. Аўтар навук. прац па эканам., філас. і паліт. праблемах. Асн. твор «Крытычнае даследаванне аб прыродзе, мерах і прычынах вартасці...» (1825) накіраваны супраць тэорыі працоўнай вартасці Д.Рыкарда.

т. 3, с. 383

БЭЙПІ́Н,

гл. Пекін.

т. 3, с. 383

БЭ́ЙСІК

(англ. basic),

мова праграмавання высокага ўзроўню, якая арыентавана на дыялогавую работу з ЭВМ. Уваходзіць у склад матэм. забеспячэння большасці мікраЭВМ. Прызначаны для складання праграм рашэння навук.-тэхн. задач. Мае просты сінтаксіс, што забяспечвае выкарыстанне яго непрафесійнымі праграмістамі — інжынерамі, вучонымі, студэнтамі і інш.

т. 3, с. 383

БЭЙША́НЬ,

нагор’е ў Цэнтр. Азіі, у Кітаі, паміж пустыняй Алашань і ўсх. краем Цянь-Шаня. Даўж. каля 700 км, шыр. каля 250 км. Выш. да 2791 м (г. Мацзуншань). Складаецца з пераважна нізкагорных, моцна разбураных выветрываннем глыбавых масіваў і хрыбтоў з стараж. метамарфічных і крышт. парод. Міжгорныя паніжэнні запоўнены кайназойскімі грубаабломкавымі адкладамі. Пашырана эолавае выветрыванне. Клімат умераны, вельмі сухі. Ападкаў 40—80 мм за год. Частыя пылавыя буры. Пераважаюць ландшафты камяністых пустыняў, паўпустыні, саланчакі; месцамі тугайныя зараснікі.

т. 3, с. 383

БЭ́КАН

(Bacon) Роджэр (каля 1214, Ілчэстэр, графства Сомерсет, Вялікабрытанія — 11.6.1294),

англійскі філосаф, прыродазнавец. Манах-францысканец. Праф. Оксфардскага ун-та. Выступаў супраць схаластыкі і сляпога пакланення перад царк. аўтарытэтамі. У 1257 адхілены ад выкладання, у 1278 асуджаны і зняволены на 14 гадоў у манастырскую турму. Абстрактным і неправераным тэарэт. меркаванням супрацьпастаўляў прынцып канкрэтных доследных ведаў. Матэматыку лічыў «дзвярыма і ключом» да інш. навук. У тэорыі пазнання быў прыхільнікам наміналізму. Займаўся оптыкай і астраноміяй, прадбачыў многія пазнейшыя адкрыцці (тэлескоп, лятальныя апараты і інш.).

т. 3, с. 383

БЭ́КАН

(Bacon) Фрэнсіс (22.1.1561, Лондан — 9.4.1626),

англійскі філосаф, пачынальнік матэрыялізму і метадалогіі доследнай навукі. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1575). У 1618—21 лорд-канцлер пры каралю Якаве І. У трактаце «Новы Арганон» (1620) развіў новае разуменне задач навукі і асновы навук. індукцыі. Лічыў, што ўладу над прыродай можа даць чалавеку толькі навука, якая спасцігае сапраўдныя прычыны з’яў і не абмежавана схаластыкай, дагматызмам, не з’яўляецца павярхоўным, неасэнсаваным збіраннем фактаў; такая навука павінна рацыянальна перапрацоўваць факты, усебакова абагульняць іх з дапамогай індукцыі, аснова якой — эксперымент. Паводле Бэкана, шляхам «эксперыментуючага ўспрымання» праз індукцыю можна прыйсці да агульнага вываду або закону. Перашкодай у дасягненні сапраўдных ведаў з’яўляюцца спадчынныя і набытыя «ідалы» (памылковыя думкі), а ісціна абумоўлена ўсім быццём свайго часу і яе нельга прывязваць ні да асобнага прыродазнаўцы, ні да метаду. Філасофію разумеў як «пазнанне з натуральных прычын» і як «агульную маці ўсіх іншых навук»; павярхоўная філасофія схіляе чалавека да бязбожнасці, а глыбінная — да рэлігіі. Паводле паліт. поглядаў быў прыхільнікам абсалютнай манархіі, ваен. і паліт. магутнасці нац. дзяржавы, арганізацыі і планавання вытворчасці, укаранення ў гаспадарку і быт дасягненняў навукі і тэхнікі. Аўтар утопіі «Новая Атлантыда» (1617).

Тв.:

The works. Vol. 1—14. London, 1857—74;

Рус. пер.Соч. Т. 1—2. 2 Изд. М., 1977—78.

В.М.Пешкаў.

т. 3, с. 383