БУЧЫ́НСКІ Вінцэнцій
(17.3.1789, Беларусь — 29.3.1853),
бел. філосаф, тэолаг, крытык. Праф. філасофіі Полацкай езуіцкай акадэміі. У 1830—-40-я г. выкладаў філасофію і тэалогію ў навуч. установах Аўстрыі, з 1848 у Лувенскім ун-це (Бельгія). Заснавальнік і рэдактар першага на Беларусі літ.-навук. часопіса «Miesięcznik Połocki» («Полацкі штомесячнік», 1818—20). Палемізаваў з асветнікамі і езуітамі на старонках час. «Dziennik Wileński» («Віленскі дзённік») наконт паэмы Н.Мусніцкага «Палтава». Аўтар кн. «Філасофскія разважанні» (т. 1—3, Вена, 1843—44), у якой у якасці ілюстрацыйнага матэрыялу выкарыстоўваў прыклады з гісторыі ВКЛ і Польшчы. Шматлікая яго рукапісная спадчына даследавана мала.
т. 3, с. 367
БУШ
(Bush) Алан Дадлі (н. 22.12.1900, Далуіч, каля Лондана),
англійскі кампазітар, піяніст, дырыжор. Вучыўся ў Каралеўскай акадэміі музыкі ў Лондане (1918—22), выкладаў у ёй. У 1929—40 маст. кіраўнік і дырыжор рабочага хар. саюза. Заснавальнік (1936) і старшыня Рабочай муз. асацыяцыі (з 1941 прэзідэнт), кіраўнік створанага ім камернага аркестра (1938—51). Як дырыжор гастраляваў у многіх краінах свету. Сярод тв.: оперы «Уот Тайлер» (1953), «Людзі з Блэкмура» (1956), «Джо Хіл, чалавек, які ніколі не памрэ» (1970); аперэта «Чароўнасць» (1953); кантаты, у т. л. «Галасы прарокаў» (1952); З сімфоніі, у т. л. Нотынгемская (1949) і «Байран» (1960); тв. для аркестра; камерна-інстр. творы; хары «Галодны паход», «Песня працы», «Абаронцы міру», «Песня дружбы», «Увесь свет — яго песня» (апошні прысвечаны П.Робсану); песні і інш.
Літ.:
Котляров Б. Алан Буш. М., 1981.
т. 3, с. 367
БУШ
(Busch) Вільгельм (15.4.1832, Відэнзаль, зямля Ніжняя Саксонія, Германія — 9.1.1908),
нямецкі графік і паэт. Вучыўся ў АМ у Дзюсельдорфе (1851—52), Антверпене (1852), Мюнхене (1854). У пёравых ілюстрацыях да ўласных вершаў (кн. «Макс і Морыц», 1865; «Пліш і Плюм», 1882) з вялікай назіральнасцю і гумарам увасобіў тыпы ням. абывацеляў. У вершаваных сатырах «Жыціе св. Антонія Падуанскага» (1870), «Набожная Алена» (1872), «Патэр Філуцый» (1873) і інш. творах з ліберальных пазіцый крытыкаваў ням. рэчаіснасць, асабліва царкоўнікаў.
т. 3, с. 367
БУШ
(Bush) Джордж Герберт Уокер (н. 12.6.1924, Мілтан, штат Масачусетс, ЗША),
дзяржаўны і палітычны дзеяч ЗША. Скончыў Іельскі ун-т. Эканаміст. Член палаты прадстаўнікоў сената (1966—71). Прадстаўнік ЗША у ААН (1970—72). Дырэктар ЦРУ (1976—77).
У 1981—89 віцэ-прэзідэнт, 1989—93 прэзідэнт краіны. Пасля інтэрвенцыі Ірана ў Кувейт (1990) ініцыятар стварэння міжнар. узбр. сіл у Персідскім зал. (аперацыя «Шчыт пустыні») і правядзення акцыі па вызваленні Кувейта (аперацыя «Бура ў пустыні»). У 1991 і 1993 падпісаў 2 амер.-расійскія пагадненні аб скарачэнні стратэгічных узбраенняў.
т. 3, с. 367
БУШ Мікалай Адольфавіч
(10.11.1869, г. Слабадской Кіраўскай вобл., Расія — 7.8.1941),
савецкі батанік. Чл.-кар. АН СССР (чл.-кар. Рас. АН з 1920). Скончыў Казанскі ун-т (1891) і Пецярбургскі лясны ін-т (1869). З 1895 у Юр’еўскім (Тартускім) ун-це, з 1902 у бат. садзе і бат. музеі ў Пецярбургу, з 1931 у Бат. ін-це АН СССР. Навук. працы па бат. геаграфіі Каўказа, Сібіры і Д. Усходу; прапанаваў схему падзелу Сібіры на батаніка-геагр. вобласці. Аўтар фундаментальных падручнікаў «Агульны курс батанікі. Марфалогія і сістэматыка раслін» (2-е выд., 1924) і «Курс сістэматыкі вышэйшых раслін» (1940).
т. 3, с. 367
БУШ
(Busch) Эрнст (22.1.1900, г. Кіль, Германія — 18.6.1980),
нямецкі спявак (барытон) і драм. акцёр. Чл. Нямецкай АМ. З 1921 працаваў у розных т-рах Германіі, выконваў сатырычныя паліт. і рэв. песні ў «чырвоных кабарэ» і рабочых клубах. Стварыў уласны выканальніцкі стыль, адзначаны рэв. пафасам, аратарскай выразнасцю. У садружнасці з паэтамі Б.Брэхтам і Э.Вайнертам, кампазітарамі Г.Эйслерам і К.Вейлем стварыў шэраг папулярных песень. Антыфашыст, у 1933 эмігрыраваў з Германіі. З 1945 адзін з вядучых акцёраў «Нямецкага тэатра», у 1950—60 — т-ра «Берлінер ансамбль». Уклад у муз. мастацтва — анталогія грампласцінак Буша «Песенная хроніка XX ст.». Нац. прэмія ГДР 1949, 1956, 1970, 1979.
Літ.:
Шнеерсон Г.М. Эрнст Буш и его время. М., 1971;
Hoffmann L., Siebig K.E. Busch: Eine Biogr. in Texten, Bildern und Dokumente. Berlin, 1987.
т. 3, с. 367
БУ́ШАЛЬ
(англ. bushel),
неметрычная адзінка аб’ёму (умяшчальнасці) вадкасцяў і сыпкіх рэчываў у брытанскай сістэме адзінак. У ЗША 1 бушаль = 35,2391·10-3 м³ = 35,2391 л; у Вялікабрытаніі 1 бушаль = 36,3687·10-3 м³ = 36,3687 л.
т. 3, с. 367
БУШКО́ Тамара Кірылаўна
(11.12.1918, в. Любашава Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 22.3.1981),
бел. тэатральны крытык. Скончыла БДУ (1946). Працавала ў газ. «Літаратура і мастацтва», час. «Работніца і сялянка». Аўтар рэцэнзій на спектаклі, артыкулаў пра Бел. т-р імя Я.Купалы («Першы тэатр», «Час і вобразы», «Жамчужына беларускага мастацтва»), праблемных артыкулаў па пытаннях драматургіі і т-ра, творчых партрэтаў і нарысаў пра майстроў бел. сцэны. Лепшыя тэатразнаўчыя работы сабраны ў кн. «Святло незабыўных імгненняў» (1985).
т. 3, с. 367
БУ́ШМА Міхаіл Іванавіч
(н. 19.7.1951, в. Дзяляцічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. фармаколаг. Д-р мед. н. (1991). Скончыў Гродзенскі мед. ін-т (1974). З 1977 у Ін-це біяхіміі АН Беларусі. Навук. працы па вывучэнні ролі эндагенных рэчываў (некаторых вітамінаў, амінакіслот і фосфаліпідаў) у рэгуляцыі актыўнасці ферментных сістэм мікрасамальнага акіслення і працэсаў перакіснага акіслення ліпідаў у жывёл і чалавека ў норме і пры інтаксікацыях.
т. 3, с. 367
БУШМЕ́НЫ
(галанд. bosjesman літар. лясны чалавек),
народ, карэннае насельніцтва Паўд. і Усх. Афрыкі. Качуюць у пустынях Калахары, Наміб і суседніх раёнах, куды выцеснены ў 16—19 ст. народамі банту. Каля 75 тыс. чал. (1983). Адносяцца да бушменскай расы. Карыстаюцца бушменскімі мовамі. Захоўваюць традыц. Вераванні.
т. 3, с. 367